Мо́ва — сродак абмену інфармацыяй у працэсе зносін паміж людзьмі; сістэма знакаў, якія з’яўляюцца абазначэннямі элементаў інфармацыі, што замацоўваюць вынікі пазнання. Мова — натуральная знакавая сістэма, галоўны сродак камунікацыі і мыслення ў чалавечай супольнасці. Пры разглядзе мыслення як аўтакамунікацыі (зносін індывіда з ім самім) мова вызначаецца як сродак камунікацыі ў найшырэйшым сацыяльным сэнсе.
Мова служыць сродкам чалавечых зносін, мыслення, развіцця культуры і здольная выявіць усю сукупнасць ведаў, вераванняў і ўяўленняў чалавека аб свеце і аб сабе самім. Узнікае і існуе ў грамадстве для забеспячэння патрэб сувязі паміж яго членамі. Як феномен духоўнай культуры, мова ў сваім гістарычным развіцці і функцыянаванні абумоўлена ўсёй сукупнасцю працэсаў матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці, грамадскіх адносін людзей. Мовы няма без грамадства, і грамадства няма без мовы.
Асноўныя функцыі мовы: камунікатыўная (абмен інфармацыяй), кагнітыўная (пазнанне); рэгулятыўная (уздзеянне адрасанта на іншых людзей); намінатыўная (абазначэнне), эматыўная (выражэнне эмоцый); метамоўная (тлумачэнне незразумелых слоў і выказванняў); магічная (зварот адрасанта да вышэйшых сіл, напр., у малітвах) і інш. Камунікацыйная функцыя робіць магчымымі калектыўную працу і афармленне калектыўнага досведу, абмен інфармацыяй між людзьмі ў грамадстве. Намінацыйная функцыя стварае магчымасць афармлення паняццяў праз моўныя адзінкі, атрымання інфармацыі праз навакольную рэчаіснасць.
Структурна мова з’яўляецца сістэмай моўных адзінак і правіл іх спалучэння. Таксама адрозніваюць моўныя элементы, якія маюць уласнае значэнне (лексемы і марфемы), і элементы, якія такога значэння не маюць (фанемы). Заканамернасці паходжання і існавання моўнай сістэмы наогул і асобных этнічных моўных сістэм вывучаюцца мовазнаўствам.
Формы мовы — дыялект (як разнавіднасць мовы, сродак зносін людзей, звязаных цеснай тэрытарыяльнай, сацыяльнай ці прафесійнай агульнасцю) і літаратурная мова, якая з’яўляецца паказчыкам развіцця і багацця культуры таго ці іншага этнасу.
Гл. таксама
Літаратура
- Мартынаў В. Мова // БелСЭ. У 12 т. Т. 7. — Мн: БелЭн, 1973. — с. 283.
- Мартынаў В. Мова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва. У 5 т. Т. 3. — Мн: БелЭн, 1986. — с. 655.
- Мова // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
- Рагаўцоў В. Мовы свету: Энцыклапедычны даведнік — Магілёў: УА «МДУ імя А.Куляшова», 2009. — 290 с. ISBN 978-985-480-506-1
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Мова