Ме́трыка (стар.-грэч.: μετρική) — раздзел вершазнаўства, які вывучае характар вершавання ў якой-небудзь літаратуры ці ў творчасці нейкага паэта. Так, метрыка беларускага верша ўключае ў сябе ўсе віды і формы танічнага, сілабічнага, сілаба-танічнага і свабоднага вершаў, якія існавалі ці існуюць у паэзіі на беларускай мове, і ў першую чаргу — разнастайныя метры, якія ў сучасным вершазнаўстве часам падзяляюць на класічныя (ямб, харэй, дактыль, анапест, амфібрахій) і некласічныя (лагаэд, двух- і трохскладовікі з пераменнай анакрузай, акцэнтна-складовы і акцэнтны верш, дольнік, тактавік). Сукупнасць метраў і вершаваных памераў, якімі карыстаецца паэт, утварае яго метрычны рэпертуар.

У XIX ст. узнікла параўнальная метрыка, прадметам якой стала супастаўленне сістэм вершавання і асобных метраў у розных нацыянальных паэзіях. Навуковае вывучэнне метрыкі беларускага верша пачалося толькі ў другой палове ХХ ст. Статыстычныя табліцы наяўнасці вершаваных памераў у творах некаторых беларускіх паэтаў прывёў М. Грынчык у сваім даследаванні «Шляхі беларускага вершаскладання» (Мн., 1973). І. Ралько ўдакладніў некаторыя лічбы М. Грынчыка, а таксама склаў поўны «Метрычны даведнік да вершаў М. Багдановіча». Метрыка беларускага верша, асабліва сучаснага, яшчэ чакае сваіх зацікаўленых даследчыкаў.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.