Прарок Самуіл памазвае Давіда. Выява III стагоддзя ў Дура Эўропас, Сірыя

Месія — тэрмін, які ў аўраамічных рэлігіях вызначае выратавальніка ці вызваліцеля групы людзей.

У Танаху (Яўрэйскай Бібліі) Месіем (Машыях) лічыцца цар або першасвятар, якога традыцыйна памазвалі святым алеем памазання. Тым не менш, Месіем не былі выключна яўрэі: так, у Бібліі Месіем называюць Кіра Вялікага за яго ўказ аб аднаўленні Іерусалімскага Храма. Яўрэйскі Месія з’яўляецца лідарам, які памазаны Богам, з’яўляецца нашчадкам Давіда, будзе кіраваць аб’яднанымі плямёнамі Ізраілевымі і пачне Месіянскую эру сусветнага міру, які таксама вядомы як Будучы Свет.

Пераклад яўрэйскага слова Mесія як Χριστός (Хрыстос) у грэчаскай Септуагінце стаў агульнапрынятым хрысціянскім вызначэннем і тытулам Ісуса з Назарэта. Хрысціяне вераць, што прароцтвы ў Старым Запавеце (асабліва ў кнізе прарока Ісаі) адносяцца да духоўнага выратавання, і вераць, што Ісус і быў Месіем (Хрыстом).

Ісламская традыцыя лічыць, што Ісус, сын Марыі, быў абяцаным Богам прарокам і Масіхам (Месіем), які быў дасланы да ізраільцян, і што ён зноў вернецца на Зямлю ў канцы часоў разам з Махдзі, і яны перамогуць Масіха ад-Даджаля — «ілжывага месію» ці антыхрыста.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.