Мера, або мяране — старажытнае фіна-ўгорскае племя, якое жыло на тэрыторыі сучасных Уладзімірскай, Яраслаўскай, Іванаўскай, усходняй часткі Маскоўскай, часткі Валагодскай, і заходняй часткі Кастрамской абласцей Расіі[1].
Роля ў фарміраванні рускага этнасу
Ёсць меркаванне, што фіна-ўгорскі народ — мера (мяране), быў асіміляваны славянскімі плямёнамі падчас засялення імі тэрыторый, ужо занятых мерай. Такім чынам рускія як этнас склаліся на мяранскай аснове. Таксама, магчыма, адбывалася выцясненне і міграцыя, або вынішчэнне меры, але пра арганізаваны супраціў мясцовага насельніцтва прышлым славянам звестак няма. Археалагічныя раскопкі ў многіх месцах паказваюць суіснаванне ў адзін перыяд славянскай і фіна-ўгорскай культур на адных паселішчах.
Сучасныя мера
Некаторыя гісторыкі, філолагі і этнографы схільныя лічыць, што прамыя нашчадкі летапіснай меры — кастрамскія марыйцы.
У той жа час, у Парфеньеўскім, Антропаўскім, Вахомскім, Нейскім, Галіцкім раёнах Кастрамской вобласці, Мышкінскім і Некоўзскім раёнах Яраслаўскай вобласці і іншых ёсць карэнныя рускамоўныя жыхары, якія хацелі б лічыцца нашчадкамі мяран, хоць усе апошнія перапісы насельніцтва іх запісвалі рускімі. Сучасныя мяране маюць свае інтэрнэт-сайты[2][3][4], дзе прадстаўлены нацыянальныя герб, сцяг і гімн[5]; удзельнічаюць у дыскусіях на фіна-ўгорскіх сетках[6].
Жыццю сучасных мяран прысвечаны літаратурныя творы сучасных пісьменнікаў: аповесці Дзяніса Асокіна (Аіста Сяргеева) «Аўсянкі»[7] і Алекса Авардзіна (Авардзеня Сандры) «Кастрамскія вакацыі»[8]. У 2010 годзе рэжысёрам Аляксеем Фядорчанкам зняты мастацкі фільм «Аўсянкі», героі якога мяране, якія паводле сцэнарыя захаваліся як этнас і жывуць у наш час.
Няма доказаў, што сучасныя «мяране» прамыя нашчадкі летапіснага народа. Аднак, паводле часткі 1 артыкула 26 Канстытуцыі Расіі, кожны мае права вызначаць і пазначаць сваю нацыянальную прыналежнасць.
Гл. таксама
- Дзякаўская археалагічная культура
- Чарняхоўская культура
- Аўсянка (фільм)
Зноскі
- ↑ Мацвееў А. К. Да праблемы рассялення летапіснай меры // Весці Уральскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 1997. № 7. С. 5-17. Архівавана 21 снежня 2014.
- ↑ «merja.org»
- ↑ «Merjamaa — Мерянь Мастор»
- ↑ «Меряния»
- ↑ гімн
- ↑ «Уралистика» Архівавана 26 красавіка 2010.
- ↑ «Аўскі»
- ↑ «Кастрамскія вакацыі» Архівавана 10 лістапада 2014.
Спасылкі
- Карта рассялення народаў Еўропы ў IX стагоддзі. УНПК Арлоўскі Дзяржаўны Тэхнічны ўніверсітэт Архівавана 30 лістапада 2012.
- Uralistica — Фіна-ўгорскія супольнасць — Uralistica. the world of finno-ugric and samoyed peoples Архівавана 26 красавіка 2010.
- Партал «Меряния» прысвечаны гісторыі і культуры народа Мера (публікацыі на рускай мове)