Маўры Шры-Ланкі (இலங்கைச் சோனகர்) | |
Агульная колькасць | 1869820 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Шры-Ланка |
Мова | тамільская |
Рэлігія | іслам |
Блізкія этнічныя групы | тамілы, арабы, малаялі |
Маўры Шры-Ланкі (там.: இலங்கைச் சோனகர்) — народ, этнічная і рэлігійная меншасць у дзяржаве Шры-Ланка. Агульная колькасць — 1 869 820 чал. (2012 г.).
Гісторыя
Маўры Шры-Ланкі лічаць, што іх продкамі былі арабскія і персідскія гандляры, што трапілі на Шры-Ланку ў сярэднявеччы. Да XVI ст. назіралася перасяленне мусульман на поўнач Шры-Ланкі з Малабарскага ўзбярэжжа. Некаторыя з іх займаліся пасрэдніцкім гандлем і ліхвярствам. Малабарскія мусульмане трымалі плантацыі спецый, апрацоўвалі зямлю, лавілі рыбу, лічыліся добрымі рамеснікамі. У XII — XV стст. узгадваюцца мусульманскія ўладары, якія кіравалі пэўнымі тэрыторыямі на поўначы вострава.
З прыходам на Шры-Ланку партугальцаў сітуацыя значна змянілася. Мусульмане былі выгнаны з сінгальскай дзяржавы, а пасля захопу Джафны сталі ўціскацца хрысціянамі. Многія былі вымушаны перабрацца на ўсходняе ўзбярэжжа, дзе да нашых дзён складаюць значную частку насельніцтва.
У эпоху галандскай каланіяльнай улады сярод маўраў сяліліся мусульмане-малайцы, якія служылі ў галандцаў ваеннымі наёмнікамі. Пасля абвяшчэння ў пачатку XIX ст. брытанскай каланіяльнай адміністрацыяй рэлігійнай свабоды маўры пачалі перасяляцца ў іншыя раёны, дзе традыцыйна займаліся гандлем.
Прадстаўнікі сінгальскага нацыянальнага руху першапачаткова адмоўна ставіліся да маўраў як іншаверцаў і моўных тамілаў. Але ў XX ст. пасля абвяшчэння незалежнасці Шры-Ланкі мусульманская меншасць ператварылася ў аб’ект спрэчак паміж сінгаламі і таміламі. У гады грамадзянскай вайны 1983—2009 гг. маўры станавіліся ахвярамі ўзброеных сіл з абодвух бакоў.
Асаблівасці культуры
Культурныя асаблівасці маўраў Шры-Ланкі вызначаюцца іх рэлігіяй, якая моцна адрознівае іх ад тамілаў і сінгалаў. Яны спавядаюць іслам суніцкага толку. Размаўляюць на тамільскай мове, але, у адрозненне ад тамілаў-мусульман Індыі, маўры цалкам адвяргаюць каставы падзел. Жыхары ўсходняга і паўночнага ўзбярэжжаў падтрымліваюць традыцыйныя сваяцкія сувязі з малабарскімі мусульманамі, часцяком маюць прозвішчы індыйскага паходжання. Астатнія маўры носяць арабскія прозвішчы і імёны.
Гл. таксама
Спасылкі
- Сайт мусульманскай абшчыны Архівавана 19 верасня 2012.
- Sri Lankan Moor of Sri Lanka