Махэ
Карта рассялення "усходніх варвараў" на Далёкім Усходзе
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Далёкі Усход
Мова махэ
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, будызм
Блізкія этнічныя групы удэгейцы, нанайцы, чжурчжэні

Махэ (кіт.: 靺鞨, кар.: 말갈) — старажытны народ, насельнікі Далёкага Усходу (тэрыторыі сучаснага Кітая, КНДР і Прыморскага края Расіі).

Паходжанне

Махэ звычайна атаясамляюць са старажытным народам уцзы, які паходзіў з басейна ракі Сунгары і лічыцца этнасам тунгуса-маньчжурскага паходжання. У IV - V стст. назва махэ выціскае назву ілоу. Мяркуецца, што з II - III стст. тунгуса-маньчжурскія плямёны рухаліся на землі гэтага народа і ў выніку паступова асімілявалі яго. З прыходам махэ звязваюць распаўсюджанне конегадоўлі. Але той факт, што ў апісаннях махэ кітайскія крыніцы прыводзяць прыкметы ілоу, сведчыць, што ілоу маглі быць або непасрэднымі продкамі махэ, або аказалі вельмі істотны ўплыў на фарміраванне іх культуры.

Гісторыя

У 477 г. махэ накіравалі пасольства ў Кітай для заключэння ваеннага саюза супраць дзяржавы Кагуро. Хаця Кітай не падтрымаў махэ, зносіны паміж гэтым народам і імперыяй набылі сталы характар. Пасольствы суправаджаліся багатымі ўзаемнымі дарамі. Кітайцы апісвалі махэ як надзвычай ваяўнічых людзей, якія вялі войны з суседзямі, у тым ліку з Кагуро і кіданямі. Дынастыя Тан выкарыстоўвала воінаў махэ ў войнах супраць кіданяў і тыбетцаў. У 628 г. землі Тудзіцы, аднаго з правадыроў махэ, былі па яго асабістай ініцыятыве ўключаны ў склад імперыі. Ён сам і яго сын атрымалі высакародныя тытулы.

У канцы VI - пачатку VII ст. з-за аслаблення Кітая і нападаў кіданяў махэ ўвайшлі ў саюз з Кагуро і цюркамі. З 598 г. Кітай распачаў шэраг ваенных кампаній супраць саюзу Кагуро і махэ. Асабліва жорсткае паражэнне ад кітайцаў і цюркаў саюзнікі пацярпелі ў бітве пад крэпасцю Аншы, якая цягнулася 80 дзён. У 668 г. Кагуро пала. Частка плямён махэ пры гэтым распалася або трапіла ў палон да кітайцаў і іх саюзнікаў.

У 698 г. Да Цзажун, правадыр махэ і сын аднаго з палкаводцаў Кагуро, паўстаў супраць Кітая. Ён стварыў дзяржаву Чжэнь, якая ў VIII ст. атрымала назву Бахай, а яе кіраўнікі атрымалі ад імператара высакародны тытул спадчынных уладароў-ванаў. У новай дзяржаве прадстаўнікі махэ занялі найбольш высокія пасады. Але пэўная частка махэ заставалася за межамі Бахай. Яны ўзгадваліся як саюзнікі Кітая і нават удзельнічалі ў вайне супраць Бахай.

У 926 г. кідані здолелі заваяваць Бахай. Відавочна, частка махэ пры гэтым выратавалася ў землях Сіхатэ-Алінь і ўздоўж Амура. Яны ўдзельнічалі ў фарміраванні мясцовых тунгускіх народаў, а таксама чжурчжэняў. Роды, якія вялі спадчыну ад махэ, сустракаліся сярод нанайцаў. Нашчадкамі махэ некаторыя даследчыкі лічаць удэгейцаў.

Культура

Махэ падзяляліся на некалькі племянных або тэрытарыяльных аб'яднанняў (махэ сумо, махэ хэйшуй, махэ байшань, махэ аньцзюй, махэ гудо, махэ гушы і інш.), на чале якіх стаялі правадыры. Іх улада перадавалася па спадчыне ад бацькі да сына.

Кітайцы лічылі, што галоўным заняткам махэ было паляванне з лукам. Навершы стрэл яны ладзілі з каменю і абмазвалі расліннай атрутай. У 477 г. пасол махэ падараваў такія стрэлы імператару Кітая. Сярод іншых заняткаў узгадвалася жывёлагадоўля. Махэ разводзілі свінняў і коней. Археалагічныя матэрыялы сведчаць пра тое, што махэ займаліся земляробствам.

Жытлы будавалі зямлянкавага тыпу, часта паглыбленыя. Археолагі выявілі вакол паселішчаў махэ моцныя абарончыя збудаванні. Жанчыны апраналіся ў халаты з тканін, мужчыны - у халаты са скур сабак і свінняў. Мужчыны мелі доўгія валасы, якія запляталі ў косы. Воіны ўпрыгожвалі прычоскі і капялюшы сімвалічнымі рэчамі (клыкамі кабаноў, пер'ем, хвастамі жывёл), што дазваляла адрозніваць у сутычках сваіх саюзнікаў. Кітайцы называлі махэ добрымі пешымі воінамі, але таксама ўзгадвалі і пра конніцу.

Рэлігія махэ складалася з мноства шаманскіх рытуалаў і звычаяў шанавання продкаў. Узгадваліся свяшчэнныя горныя мясціны. Нябожчыкаў хавалі ў зямлі або на штучным памосце ў лесе. Каля долу праводзіўся абрад ахвярапрынашэння. У часы існавання Бахай распаўсюдзіўся будызм.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.