Вёска
Масюкоўшчына
± |
Масюко́ўшчына[1] (трансліт.: Masiukoŭščyna, руск.: Масюковщина) — колішняя вёска, з 2004 года ў складзе Мінска.
Гісторыя
У кнізе серыі «Памяць» Мінскага раёна сцвярджаецца, што назва паселішча ўтворана ад прозвішча Масюкоў.
Існавала прынамсі з 1-й паловы XVII ст., вядома з 1695 года. У 1589 годзе менскі татарын Абрагім Гіліяшавіч купіў у менскага мешчаніна Васіля Занковіча Астрашаніна ўрочышча Калодзежы з 8 валокамі зямлі, лесам, сенажацямі і іншым. Пазней гэтай зямлёй валодалі яго сыны Сялемша і Муса Абрагімавічы. У 2-й палове XVII ст. гэтай зямлёй цалкам валодаў сын Сялемшы — Аляксандр Абрагімавіч-Сялецкі, які ў 1695 годзе прадаў менскаму мешчаніну Юрыю Фурсу абедзве часткі — бацькаву і дзядзькаву, у прадажным дакуменце ён называе Масюкоўшчыну — частку дзядзькі Мусы, «два абводы зямлі: адзін ад Тарасаўскай дарогі да Масюкоўшчыны, гэта значыць, да зямлі і лесу Мусы Абрамавіча татарына, а другі, перайшоўшы зямлю Мусы татарына, або Масюкоўшчыну, мяжу градскаю з мінскай плябаніяй рэчкаю Ржаўцом да рэчкі Свіслачы і рэчкі Веснінка ў шырыню і даўжыню»[2].
У 1775 годзе фальварак Масюкоўшчына ў Менскім павеце, разам з фальваркам Плябанцы належыць менскаму ксяндзу Ваньковічу.
Станам на 1791 годзе частка вёскі Масюкоўшчына ў складзе маёнтка Веснінка Каралішчавіцкай парафіі, шляхецкай ўласнасці, частка — у складзе маёнтка Плябанцы Мінскай парафіі, уласнасці каталіцкай царквы. У 1800 — вёска, частка ва ўласнасці Г. Гардзялкоўскай, частка — ксяндза мінскай каталіцкай плябаніі Ваньковіча, агулам 8 двароў, 48 жыхароў. У 1815 годзе — вёска, уласнасць М. Гілевіча, у 1858 — А. Вярыгі.
У 1860-я гады ў руінах старой пабудовы, магчыма царквы, у фальварку Масюкоўшчына быў знойдзены фрагмент (35 аркушаў пергаменту) Менскага Евангелля.
Духоўны маёнтак Масюкоўшчына ў 154 дзесяціны, быў узяты ў арэнду шляхцянкай Міхалінай Сымонаўнай Цехановіч 22 жніўня 1869 года, затым выкуплены ёю і даведзены да памерам да 224 дзесяцін. Пасля смерці Міхаліны, маёнтак перайшоў да яе мужа шляхціча Захарыя Венедзіктавіча Цехановіча, а пазней падзелены паміж іх дзецьмі. Фальварак Масюкоўшчына (Масюкаўшчызна) быў у арэндзе шляхціца Цехановіча ў 1841—1875 гадах[3]. У 1887 годзе ў Максюкоўшчыне адкрыта школа пісьменнасці. У 1897 годзе вёска Масюкоўшчына ў Сёмкава-Гарадзецкай воласці Мінскага павета, 37 двароў, 236 жыхароў, хлебазапасны магазін, карчма; у фальварку 2 двары, 13 жыхароў.
У 1930-я гады ў вёсцы пабудавана школа ў стылі канструктывізму па праекце Г. Якушкі (не захавалася, знесена ў 2009 годзе). У 1930-я гады таксама каля вёскі пабудаваны аднайменны ваенны гарадок. У 1938—1954 гадах цэнтр Бараўскога сельсавета.
Падчас Другой сусветнай вайны ў ваенным гарадку і побач размяшчаўся нямецкі лагер для ваеннапалонных Шталаг 352, пасля пэўны час савецкі лагер для ваеннапалонных, потым зноў ваенны гарадок.
Паводле Указа № 174 ад 8 красавіка 2004 года вёска перададзена ў склад Мінска[4], ад імя названы мінскі жылы раён Масюкоўшчына. Вясковыя вуліцы Цэнтральная і Падгорная нададзеныя назвы вуліца Масюкоўшчына і завулак Масюкоўшчына[5].
Насельніцтва
- 1800 год — 8 двароў, 48 жыхароў
- 1897 год — у вёсцы 37 двароў, 236 жыхароў; у фальварку 2 двары, 13 жыхароў
- 1917 год — у Масюкоўшчыне 1-й — 32 двары, 171 жыхар; на хутары — 1 двор, 24 жыхары; у Масюкоўшчыне 2-й — 24 двары, 142 жыхары
- 1999 год — 440 жыхароў
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Дрозд Зм. Гісторыя Масюкоўшчыны: зямля беларуса-татарына Мусы Абрагімавіча Сяліцкага — nashaniva.by, 11.06.2016, 08:40
- ↑ Д. Дрозд «Землевладельцы Минской губернии. 1861—1900». С. 572
- ↑ «О передаче сельских населенных пунктов Минского района в административное подчинение минских городских Совета депутатов и исполнительного комитета и об установлении границ некоторых районов г. Минска». Указ Президента Республики Беларусь от 8 апреля 2004 г. № 174 Архівавана 21 красавіка 2017. (руск.)
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 8.
Літаратура
- Масюкоўшчына // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — С. 603. — 640 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2018.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 163.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Карта минских репрессий. 10 страшных мест, связанных с НКВД // kyky.org (руск.)