Маскоўска-Брэсцкая чыгунка, назва ў 1871—1912 гг. чыгуначнай лініі, якая звязвала Беларусь з цэнтрам Расіі і Заходняй Еўропай. Пабудавана на падставе канцэсіі, зацверджанай царом 15.12.1869 г. У 1896 г. выкуплена ў акцыянернага таварыства казной. Працягласць 1027 вёрст.
Уводзілася ў эксплуатацыю асобнымі ўчасткамі: Масква—Смаленск (391 вярста, верасень 1870); Смаленск—Мінск—Брэст (636 вёрст, лістапад 1871). У пастаянную эксплуатацыю здадзена 29.11.1871 г. На Беларусі перакрыжоўвалася з чыгункамі: Пецярбургска-Адэскай (у Оршы), Лібава-Роменскай (у Мінску), Віленска-Ковенскай (у Баранавічах), Кіева-Брэсцкай (у Брэсце).
У 1877—1879 гадах быў пракладзены другі шлях ад Масквы да Кубінкі і ад Смаленска да Брэста. На працягу 1891—1892 гадоў чыгунка на ўсім працягу стала двухшляховай. У 1910 на магістралі былі 523 паравозы, 629 пасажырскіх і 6499 грузавых вагонаў, перавезена каля 5 млн. пасажыраў і 340 млн. пудоў грузаў; працавала 18 тыс. рабочых. Найбуйнейшыя чыгуначныя вузлы Орша, Мінск, Баранавічы, Брэст, галоўныя майстэрні ў Маскве і Мінску.
У маі 1912 года, у сувязі са 100-гадовым юбілеем вайны 1812 года Маскоўска-Брэсцкая чыгунка была перайменавана ў Аляксандраўскую[1]. У 1921 заходняя частка Маскоўска-Брэсцкай чыгункі адышла да Польшчы, савецкая частка ў жніўні 1922 г. уключана ў Маскоўска-Беларуска-Балтыйскую чыгунку.
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія—Мугаджары / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10) ISBN 985-11-0035-8