Гарадзішча
Маскавічы
55°39′54″ пн. ш. 27°08′26″ у. д.
Краіна  Беларусь
Вёска Маскавічы
Заснавальнік крывічы, балты, фіна-ўгры
Першае згадванне 1-е тысячагоддзе н.э.
Будаўніцтва XI стагоддзе XII стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000204
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ма́скавічы, або Маскаўцы — гарадзішча днепра-дзвінскай культуры каля в. Маскавічы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на беразе воз. Дзерба.

Апісанне

Пляцоўка няправільнай формы, плошчай 1 га. З паўночнага і ўсходняга боку абкружана балоцістай нізінай, з захада — возерам. Паўночны бок мае плаўны схіл.

Гісторыя

На рубяжы нашай эры гарадзішча было ўмацавана драўляным плотам, у XI—XII стагоддзях на ім зроблены сцены з тоўстых гарызантальна пакладзеных бярвёнаў. У XII—XIII стагоддзях з’яўлялася памежнай крэпасцю на паўднёва-заходняй ускраіне Полацкага княства, магчыма, было сядзібай-замкам, або гандлёвай факторыяй.

На пасяленні жылі славяне (крывічы), прадстаўнікі ўсходнебалцкіх і фіна-ўгорскіх плямёнаў. Знаходкі абломкаў касцей з рунічнымі надпісамі сведчаць аб наяўнасці на гарадзішчы слядоў скандынаваў.

Даследаванні

Руны на костках з гарадзішча Маскавічы

Выявіў у XIX стагоддзі Ф. В. Пакроўскі (як Рацішскае гарадзішча). Абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1972 годзе — М. М. Чарняўскі. У 1976—1988 гадах раскопкі праводзіла Л. У. Дучыц — ускрыта 2200 м² плошчы.

Культурны пласт у цэнтры, на паўночным і заходнім схілах ад 0.2 да 0.3 м, на заходняй тэрасе дасягае 1.2 м. Знойдзены фрагменты ляпной і ганчарнай керамікі, жалезныя нажы, замкі, ключы, крэсівы, нажніцы, сякеры, косы, сярпы, прыстасаванні для рыбнай лоўлі, конская збруя і рыштунак конніка, наканечнікі стрэл і дзідаў, шпоры, страмёны, вырабы з косці: грабяні, гузікі, праколкі, тронкі нажоў, керамічныя і шыферныя прасліцы, бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі, фібулы, пацеркі і інш.

Выяўлены 4 крыжы-энкалпіёны. На адным з іх на вонкавым баку распяцце, на адваротным — выява Маці Божай з дзіцём. З абодвух бакоў па краях — медальёны з выявамі святых. Два іншыя складні па форме аднолькавыя, у іх расшыраныя канцы з кроплепадобнымі выступамі па вуглах. Адзін з іх упрыгожаны эмаллю і пазалотай.

Рэшткі пабудоў не былі выяўлены, аднак ускосныя дадзеныя сведчаць пра комплексную забудову гарадзішча. Верагодна, жытлы былі наземныя, зрубавыя, па форме блізкія да квадрата, памерамі 16—25 м². Пад ніжнімі вугламі знойдзены драўляныя і мураваныя падкладкі. Сцены былі складзены з круглых абчасаных бярвёнаў дыяметрам 0.15—0.2 м, пазы абмазваліся глінай. Падлога была драўлянай і глінабітнай з пясчанай, або глініста-земляной падсыпкай.

Печы — глінабітныя на слупавых апечках. Адна печ даўжынёй 1 м, шырынёй 0.6 м, вышынёй скляпення 0.6 м захавалася добра, у ёй знойдзены вуголле, рэшткі керамікі і бронзавы арнаментаваны бранзалет.

Гаспадарчыя ямы памерамі ад 0.5×0.5 м да 1×1.5 м былі заглыблены ў мацярык на 0.1—1.2 м. Сценкі некаторых абмазаны глінай, і верагодна, што ў іх захоўваліся харчовыя прыпасы.

У 1982, 1983, 1985 і 1988 гадах у возеры Дзерба, якое прымыкае да гарадзішча, праводзіліся гідраархеалагічныя даследаванні і падводныя раскопкі. У культурным пласце 0.2—0.3 м былі знойдзены цыліндрычны замок, шыфернае прасліца, фрагмент сіняга шклянога пярсцёнка, медная блешня, кераміка і іншае. Гэта дае падставу меркаваць пра існаванне на гэтым месцы пасада, які з цягам часу апынуўся пад вадой.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Музеі старажытнабеларускай культуры, Полацкім краязнаўчым музеі.

Літаратура

  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2. — С. 62—63
  • Дучыц Л. У. Гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ, 1985.  Віцебская вобласць.  496 с., іл. — С. 152.
  • Дучыц Людміла, Клімковіч Ірына. Гісторыя і археалогія гарадзішча Маскавічы: зборнік навуковых артыкулаў // Інстытут беларускай гісторыі і культуры (Рыга), Таварыства аматараў беларускай гісторыі імя В. Ластоўскага. 2013. – 386 с.
  • Дучыц Л. У. Маскавiчы // Полоцкий летописецъ. № 1 (2). Полоцк, 1993.
  • Дучиц Л. В., Мельникова Е. А. Надписи и знаки на костях с городища Масковичи (Северо-Западная Белоруссия) // Древнейшие государства на территории СССР, 1980. Москва: 1981. C. 185—216.
  • Дучыц Л. У. Маскавіцкае гарадзішча (XI—XIII ст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1980.
  • Плясун В. Ю. Сведкі далёкай гісторыі Маскавіч // Образование ХХІ века, 2010. С. 306—307.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.