Масаі (Nimaa) | |
Агульная колькасць | 993000 (2012 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Усходняя Афрыка: |
Мова | масайская |
Рэлігія | анімізм, татэмізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | самбуру, туркана, карамаджонг |
Маса́і (саманазва Nimaa) — паўкачавы афрыканскі карэнны народ, які жыве ў саванне на поўдні Кеніі і на поўначы Танзаніі. Масаі з’яўляюцца, мабыць, адным з самых вядомых народаў Усходняй Афрыкі. Нягледзячы на развіццё сучаснай цывілізацыі, яны практычна цалкам захавалі свой традыцыйны лад жыцця.
Колькасць насельніцтва
Агульная колькасць масаі (2012 г.) — 993 тыс. чал. Статыстыка фіксуе, што большасць з іх жыве на тэрыторыі Кеніі (684 тыс.), астатнія — у Танзаніі (309 тыс.)[1]. Аднак многія плямёны масаі часцяком адвольна пераходзяць мяжу, што ўскладняе іх падлік.
Гісторыя
Масаі адносяцца да нільскага сямейства моўных груп і, верагодна, мігравалі з даліны Ніла ў Судане ў цэнтральную і паўднёва-заходнюю Кенію ўжо пасля 1500 года разам з прыручанай жывёлай. Хоць іншыя афрыканскія плямёны стваралі цывілізацыі і фарміравалі царствы, масаі ніколі не адыходзілі ад свайго паўкачавога жыцця. Тэрыторыі, даступныя для вандровак, прыкметна скараціліся ў апошнія гады з-за урбанізацыі, а таксама стварэння нацыянальных запаведнікаў Масаі-Мара і Серэнгеці.
Яшчэ ў XIX стагоддзі масаі цалкам кантралявалі саванны і цяжка згаджаліся на кампрамісы з еўрапейцамі. Аднак, калі пачала распаўсюджвацца эпідэмія соннай хваробы, пераносчыцай якой з’яўляецца муха-цэцэ, гэта прывяло да значнага аслаблення масаяў.
Культура
Нягледзячы на рэпутацыю масаяў як лютых ваяроў, у цэнтры іх культуры знаходзіцца жывёла. Адно з іх святых вераванняў кажа, што бог дажджу Нгаі даў усю жывёлу народу масаі, і таму ўсе, хто таксама валодае скатом, павінны былі калісьці выкрасці яго ў масаі. Гэта не раз прыводзіла да сур’ёзных канфліктаў з іншымі плямёнамі, калі масаі спрабавалі вярнуць «сваю ўласнасць». Хаціны масаі пабудаваныя з высушанага гною, а пітво каровінай крыві з’яўляецца часткай некаторых іх святых рытуалаў.
Калі ў Кеніі разгарнуўся турызм, масаі не змаглі скарыстацца выгадай свайго кантролю над саваннамі. Тыя плямёны, што мелі ўладу, ахвотна прызналі за масаямі традыцыйнае «валоданне» ўсімі жывёламі і перадалі ім таксама функцыю аховы запаведнікаў, у той час як абмежаваная група менеджараў з іншых плямёнаў узяла ў свае рукі індустрыю турысцкіх сафары. У выніку турызм практычна не палепшыў дабрабыт масаяў. І цяпер масаі працягваюць хаатычна «атакаваць» турыстаў, выкленчваючы міласціну, і ўсё гэтак жа не ўдзельнічаюць у падзеле высокіх прыбыткаў ад сафары. Масаі не дазваляюць сябе вольна фатаграфаваць без аплаты і дбайна ставяцца да перадруку «пірацкіх» фатаграфій.
Традыцыі масаяў выразна рэгламентуюць іх жыццё. Дзеці выхоўваюцца па ўзроставых катэгорыях, паміж якімі ўсталяваныя традыцыйныя адносіны. Юнакі і дзяўчаты праходзяць цырымоніі ініцыяцыі. Ажаніцца ў юным узросце катэгарычна забараняецца, перш мужчыны павінны выявіць сябе ў вайне і паляванні. Калі становяцца яшчэ старэйшымі, чальцы ўзроставай катэгорыі бяруць на сябе кіраванне племем, а найстарэйшая ўзроставая катэгорыя здымае з сябе ўладу і выконвае іншыя функцыі.
У мужчын масаі існуе вялікая колькасць традыцый і цырымоній. Адной з самых знакамітых, мабыць, з’яўляецца «танец скачкоў», які выконваюць юныя ваяры, высока падскокваючы на адным месцы, каб паказаць сваю сілу і спрыт. Да нядаўніх часоў, каб атрымаць права стаць ваяром (моранам), малады масай павінен быў забіць льва. Афіцыйна гэтая практыка больш не ўжываецца, хаця, па некаторых звестках, яна працягвае існаваць у аддаленых раёнах Кеніі, у прыватнасці, у правінцыі Масай. Таксама ў мінулым група юнакоў павінна была пабудаваць новую вёску і жыць у ёй на працягу доўгага часу (часта некалькіх гадоў) у якасці аднаго з патрабаванняў для атрымання статусу мужчыны. Гэтая традыцыя знікае з-за недахопу даступнай зямлі.
У адрозненне ад шматлікіх іншых плямёнаў, у масаі жанчыны займаюць важнае месца ў культуры і жыцці племені. Іх лёгка адрозніць па выгаленай галаве, яркай адзежы і каралям. Акрамя таго, для абодвух палоў практыкуецца выдаленне аднаго з ніжніх зубоў і абразанне. Абразанне выконваецца старэйшымі таго ж полу, пры гэтым хлопчыкі абавязаныя перанесці працэдуру без адзінага гуку, а для дзяўчынак такіх патрабаванняў няма. Спробы кенійскага ўрада знішчыць гэтую практыку не прынеслі поспехаў, у асноўным таму, што на абарону абразання ўсталі жанчыны масаі.
Галерэя
- Воіны-масаі з традыцыйным узбраеннем
- Воіны-масаі ў святочных уборах
- Будоўля жытла
- Хлопцы-пастушкі
- Агароджа для хатняй жывёлы
- Традыцыйныя скокі
Зноскі
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Масаі
- Фотаздымкі масаяў
- Фотаздымкі масаяў ад беларускіх вандроўнікаў(недаступная спасылка)
- Паміж Каірам і Кейптаўнам
- 14 кароў для ахвяр тэрактаў Архівавана 5 сакавіка 2016.