Мар’ян Пецюкевіч
Дата нараджэння 24 верасня 1904(1904-09-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 верасня 1983(1983-09-13) (78 гадоў) ці 25 верасня 1983(1983-09-25) (79 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мемуарыст, этнолаг, фалькларыст, этнограф
Месца працы
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыян (Мар'ян) Язэпавіч Пецюкевіч (Псеўданімы і крыптанімы: Марвіч; Дзед Марцін; М. П.; 24 верасня 1904, вёска Цяцеркі, Новааляксандраўскі павет, Ковенская губерня, цяпер Браслаўскі раён, Віцебская вобласць — 25 верасня 1983[1], Торунь, Польшча) — беларускі этнограф, педагог і мемуарыст.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям'і малазямельнага селяніна-каталіка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўлянскім народным вучылішчы і самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны з дапамогай беларускіх ксяндзоў В. Шутовіча і А. Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся Радашковіцкай беларускай гімназіі (да 1928). Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска. Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт Універсітэце Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію, археалогію, славістыку і ў 1938 атрымаў ступень магістра філасофіі. Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэцы Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі. Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1930—1935 — першы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя І. Луцкевіча.

Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй падчас паходу ў Заходнюю Беларусь (1939), М. Пецюкевіч — рэдактар беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваючы абавязкі дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), а з Пасля перадачы Вільні Літве, з кастр. 1940 — дырэктар Беларускага музея імя І. Луцкевіча. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пераехаў на нейкі час у вёску. Скончыў настаўніцкія курсы ў Вільні, працаваў павятовым інспектрам асветы ў Ашмянах. Потым выкладаў беларускую мову ў эвакуіраваным з Магілёва ў Новую Вільню Медыцынскім інстытуце. Арыштаваны савецкімі ўладамі 1.1.1945; утрымліваўся ў Лукішскай турме. Вызвалены 19.3.1945. Пасля 2-й сусветнай вайны жыў на вёсцы і працаваў з сям'ёй на гаспадарцы ў Неменчынку на Віленшчыне. Быў абраны старшынёй Ажулаўскага сельскага савета на Віленшчыне. 27.3.1949 разам з сям'ёй (жонкай і дзвюма дачкамі) арыштаваны і сасланы ва Ужурскі раён Краснаярскага края. Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам. 31.7.1952 паводле Пастановы Генеральнага пракурора ЛітССР арыштаваны, дастаўлены ў Вільнюс і асуджаны за «нацыяналізм» да 25 гадоў пазбаўлення волі. У канцы сак. 1953 адпраўлены ў Варкуту. У 1957 пасля перагляду справы быў вызвалены, па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў Казіміра Машынскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 уладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея г. Торунь, адкуль выйшаў на пенсію ў ліст. 1970.

У Польшчы Марыян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, быў звязны з беларускім рухам на Беласточчыне. Дзейнічаў у навуковым гуртку БГКТ, апрацаваў «Апытальнік да народнага адзення, абутку і аздоб», выдадзены БГКТ у 1959. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці ўдзяляў вывучэнню народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху супрацоўніцаў з гісторыкамі Юрыем Туронкам і Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб'яднання «Белавежа».

Творчасць, даследчыцкая дзейнасць

Аўтар прац «Увагі дзеля запісання беларускай народнай творчасці і абрадаў» (1933), «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь», «Родная мова — найдаражэйшы скарб» (1957), «Аб паходжанні імён» (1958), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968).

Друкаваўся ў шматлікіх часопісах і газетах. Выступаў у беластоцкай газеце «Ніва» з артыкулы пра беларускую мову, імёны і прозвішчы, традыцыйныя святы і абрады, з успамінамі пра дзеячаў беларускага руху, напрыклад Браніслава Тарашкевіча, з якім быў асабіста знаёмы. Таксама «Ніва» змяшчала ў «Этнаграфічным куточку» здымкі з этнаграфічных экспедыцый Пецюкевіча.

Аўтар жартоўных гісторый, пад псеўданімам Дзед Марцін. Пакінуў успаміны.

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Часам падаецца 13.9.1983.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.