«Мартыралог Беларусі» — добраахвотнае грамадска-асветнае таварыства памяці ахвяр. Ідэя яго стварэння ўзнікла летам 1988. Па ініцыятыве гісторыка-мемарыяльнай і інш. камісій Беларускага фонду культуры была ўтворана арганізацыйная група Камітэт 58, якая падрыхтавала праекты статута і дэкларацыі таварыства. Кіруючыя органы — канферэнцыя і грамадская рада, выканаўчыя — выканаўчая камісія і рабочыя групы.
19 кастрычніка 1988 у Мінску ў Доме кіно (які тады месціўся ў сценах цяперашняга касцёла Святога Сымона і Святой Алены) адбыўся Усебеларускі ўстаноўчы сход (прысутнічала 350 чал.), які зацвердзіў Статут і Дэкларацыю таварыства, стварыў арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». У грамадскую раду ўвайшлі Зянон Пазняк (старшыня), Васіль Быкаў, Алег Белавусаў, М. Дубянецкі, Сяргей Грахоўскі і інш.
Асноўныя мэты таварыства — раскрыццё масавых рэпрэсій у 1920—1950-я, высвятленне колькасці тых, хто загінуў на Беларусі, у месцах высылкі і зняволення, увекавечанне іх памяці.
Выдадзены бюлетэнь «Мартыралог Беларусі» (1989), зняты дакументальны фільм «Дарога на Курапаты» (1990, рэж. М. Жданоўскі), праведзена канферэнцыя «Час, помнікі, людзі: Памяці рэпрэсіраваных археолагаў» (1993), устаноўлены памятныя знакі ў Чэрвені, Курапатах (пад Мінскам) і інш.
Таварыства з'яўляецца адным з ініцыятараў стварэння Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій.
Літаратура
- «Мартыралог Беларусі» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.