Мармара | |
---|---|
тур. Marmara | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 117,12 км² |
Насельніцтва | 2 425 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 20,71 чал./км² |
Размяшчэнне | |
40°37′ пн. ш. 27°37′ у. д. | |
Акваторыя | Мармуровае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мармара (турэцк.: Marmara), у старажытнасці (турэцк.: Marmara) — найбуйнейшы востраў Мармуровага мора. Уваходзіць у склад Турцыі. Агульная плошча - 117,12 км². Насельніцтва (2010 г.) - 2 425 чал.
Геаграфія
Востраў Мармара месціцца на захадзе Мармуровага мора ў 110 км на паўднёвы захад ад Стамбула, у 450 км на захад ад Анкары. Даўжыня з захаду на ўсход — 18,54 км, найбольшая шырыня — 9,79 км. Паверхня гарыстая. Востраў перасечаны некалькімі хрыбтамі. Найвышэйшы пункт — 699 м. У адрозненні ад іншых астравоў Мармуровага мора, Мармара добра забяспечаны крыніцамі пітной вады. Тут здаўна здабываюць мармур.
Гісторыя
Востраў Мармара быў каланізаваны грэкамі-эалійцамі ў пачатку 1 тысячагоддзя да н. э. У 410 г. да н. э. захоплены афінянамі, на ім была створана афінская калонія. Пазней уваходзіў у склад Македоніі, Старажытнага Рыма, Візантыі і Асманскай Порты. На мяжы нашай эры рымлянамі на востраве была пачата здабыча і апрацоўка высокаякаснага мармуру.
У антычны час і ў эпоху сярэднявечча вываз мармуру заставаўся галоўнай галіной эканомікі. Ён выкарыстоўваўся для аздаблення Сафійскага сабора ў Канстанцінопалі. У раннім сярэднявеччы на Мармары сяліліся арыстакраты з Канстанцінопаля, былі пабудаваны фартыфікацыйныя збудаванні.
У перыяд Асманскай Порты востраў стаў пастаўшчыком рыбы і сельскагаспадарчай прадукцыі ў Стамбул. Асабліва цаніўся мясцовы сорт чырвонага віна. Насельніцтва было вельмі стракатым. Большасць складалі грэкі, таксама жылі туркі, яўрэі, албанцы, цыганы.
Пасля лазанскага мірнага дагавора 1923 г. грэчаскае насельніцтва стала перасяляцца ў Грэцыю. На яго месца прыбылі турэцкія перасяленцы з Крыта і Трабзона. У 1935 г. востраў моцна пацярпеў ад землятрусу.
Эканоміка
Асноўныя галіны эканомікі — сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства, здабыча мармуру, турызм. Мармара славіцца вінаградам і маслінамі.
Спасылкі
- Jean-Pierre Sodini, Marble and Stoneworking in Byzantium, Seventh-Fifteenth Centuries Архівавана 15 красавіка 2016.
- Alexandra Karagianni, The Harbour of Proconnesus in Greco-Roman and Early Byzantine Times: The Marble Trade, a Source of Financial and Cultural Development Архівавана 19 верасня 2015.
- The forgotten islands of Turkey: Marmara
- Turkish island with a rocky treasure