Акно каралеўскага кляштара ў Тамары.

Мануэліна, дакладней мануэліну (парт.: Manuelino) — стыль у гісторыі архітэктуры Партугаліі XV—XVI стст., нацыянальны варыянт Рэнесансу. Названы па імені караля Мануэла I Шчаслівага (гады праўлення 1495—1521). Гэты час быў перыядам найвышэйшай магутнасці Партугаліі, перыядам яе росквіту як марской дзяржавы. Яна набывае шматлікія калоніі. Партугальцы склалі на морах канкурэнцыю генуэзцам і іспанцам, самым моцным мараходам тагачаснага свету. Звязаны з гэтым эканамічны і культурны ўзлёт знайшоў адлюстраванне ў інтэнсіўным будаўніцтве.

У мануэліна змяшаныя элементы готыкі, маўрытанскага стылю, Рэнесансу і экзатычных матываў. Можна казаць нават, што ў гэтым стылі выявіўся ўплыў індыйскага мастацтва. Гэты стыль выказвае як бы ўражанні еўрапейца, які ўпершыню ўбачыў новы свет і невядомыя краіны. Мануэліна можна параўнаць з іспанскім платэрэска, асабліва на ранняй стадыі развіцця. У ім таксама афармленне пабудоў вырашалася на аснове плоскай сцены, багата упрыгожанай дэталямі, але партугальская архітэктура апынулася «сакавіцей» і дынамічней. Яна больш насычана вобразамі і асабліва схільная да дэкарацыі і раскошы.

Архітэктура партугальскага Адраджэння не абмежавалася толькі стылем мануэліна. Пазней у Партугалію пачаў пранікаць італьянскі ўплыў, і ў сярэдзіне XVI ст. нацыянальны стыль змяніўся інтэрнацыянальнымі рэнесанснымі формамі (у творчасці Дыёгу дзі Таралва, 1500—1566).

Узоры стылю

У манастыры іеранімітаў.

Зноскі

    Літаратура

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.