Мануфакту́ра — прадпрыемства, заснаванае на падзеле працы і ручной рамеснай тэхніцы, якое паклала пачатак капіталістычнай вытворчасці. Узніклі ў Заходняй Еўропе ў XVI стагоддзі, пераважалі да канца XVIII стагоддзя.
Гісторыя ўзнікнення
Мануфактуры ўпершыню ўзніклі ў XIV стагоддзі ў гарадах Італіі, пазней распаўсюдзіліся на тэрыторыю Англіі, Нідэрландаў і Францыі. У Фларэнцыі працавалі ткацкія і сукнаробчыя мануфактуры, у Венецыі і Генуі — суднабудаўнічыя верфі. Мануфактуры былі вольныя ад цэхавых абмежаванняў і рэгламентаў.
Узнікненне мануфактур адбывалася дзвюма шляхамі: аб’яднаннем у адной майстэрні рамеснікаў розных спецыяльнасцяў, дзякуючы чаму прадукт да яго канчатковага вырабу апрацоўваўся ў адным месцы ці аб’яднаннем у агульнай майстэрні рамеснікаў адной і той жа спецыяльнасці, кожны з якіх выконваў бесперапынна адну і тую ж асобную аперацыю.
Галоўныя адрозненні мануфактур ад рамесных майстэрняў заключаліся ў іх памерах, дзе адначасова маглі працаваць сотні чалавек, а таксама ў дакаладным падзеле працы. Дзякуючы гэтаму, выпуск прадукцыі на мануфактуры павялічваўся ў некалькі разоў у параўнанні з рамеснай майстэрняй[1].
Мануфактуры ў Вялікім Княстве Літоўскім
Першыя мануфактуры ў Вялікім Княстве Літоўскім з’явіліся ў 1720-я—1730-я гады па ініцыятыве Ганны Кацярыны Радзівіл. Імі з’яўляліся прадпрыемствы па вырабе шкла (гуты), заснаваныя ў Налібаках і Урэччы. Для арганізацыі прадпрыемстваў былі запрошаны нямецкія майстры, якія былі павінны наладзіць вытворчасць і навучыць працаўнікоў, якія збольшага з’яўляліся мясцовымі сялянамі[1].
На думку некаторых навукоўцаў, першай беларускай мануфактурай была Урэцкая гута, заснаваная ў 1737 ці 1732 годзе. Яна з’яўлялася першым і самым буйным прадпрыемствам у Рэчы Паспалітай па вырабе люстэрак. Мануфаткура вырабляла таксама аконнае шкло, крыштальныя люстры, падсвечнікі, посуд і іншае[2].
Да адной з найстарэйшых беларускіх мануфактур даследчыкі адносяць і Налібацкую гуту, узведзеную, паводле некаторых крыніц, у 1717 г. На ёй вырабляліся люстэркі, люстры, посуд, варылася рэдкае рубінавае шкло, афарбаване золатам, гравіраванае і ўпрыгожанае малюнкамі[2].
У Нясвіжы ў 1752 годзе Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька адкрыў першую суконную мануфактуру па вырабе ваўняных тканін. Прадпрыемства размяшчалася ў пяці драўляных будынках, штат працоўных складаўся з 60 чалавек — пераважна, прыгонных сялян. Працоўны дзень доўжыўся 14–15 гадзін, а за нявыхад на працу людзі падвяргаліся пакаранням[3].
Да найбольш славутых адносілася Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, дзе вырабляліся знакамітыя паясы. Акрамя гэтага, на ёй ткаліся дываны, габелены, пакрывалы і стужкі, упрыгожаныя беларускімі народнымі ўзорамі і арнаментамі.
Увогуле, у XVIII стагоддзі Радзівіламі ў сваіх уладаннях было заснавана больш за 20 мануфактур рознай накіраванасці: металургічных, шпалерных, лесапільных, цагляных і іншых. Узнікненне большасці з іх абумоўлівалася неабходнасцю забеспячэння ўласных патрэбаў, а таксама падтрымкай войска. Тым не менш, ужо ў сярэдзіне стагоддзя пачалі ўзнікаць мануфактуры іншых магнатаў[2].
Падскарбі вялікі літоўскі Ян Міхал Салагуб у 1740-х гадах адкрыў буйную шкляную мануфактуру ў мястэчку Ілья Менскага павета, а ў мястэчку Вішнева Ашмянскага павета Храптовічамі была пабудавана вялікая металургічная мануфактура, дзе ў 1790 годзе пачала працаваць першая беларуская доменная печ.
З 1765 года адной з ключавых постацяў у развіцці мануфактурнай прамысловасці з’яўляўся Антоні Тызенгаўз, па ініцыятыве якога да 1780 года ў Гродне, Брэсце і Паставах пачалі працу 22 мануфактуры. Аднак, у сувязі з загадам караля аб адхіленні Тызенгаўза ад кіравання прадпрыемствамі, амаль усе гродзенскія мануфактуры спынілі вытворчасць да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай[2].
Спіс колішніх мануфактур на тэрыторыі Беларусі
Назва | Месцазнаходжанне | Гады існавання | Апісанне |
---|---|---|---|
Абрамшчынская шарсцяная мануфактура | пасёлак Абрамшчына, Гродзенскі павет, Гродзенская губерня | 1830—1845 | Мела 6 станкоў. У 1844 працавалі 50 рабочых. |
Аршанская пенькатрапальная мануфактура | Орша, Аршанскі павет, Магілёўская губерня | 1880—1881 | Працавала 75 чалавек. |
Асінаўская шкляная мануфактура | урочышча Асінаўка каля в. Дамамерычы, Клімавіцкі павет Магілёўская губерня | 1881—1905 | У 1884 годзе мела шклаварную печ, у 1895 годзе — 2 конныя рухавікі. У 1890 годзе працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1895 годзе было 142 рабочых (у тым ліку 15 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак)[4]. У 1905 годзе працавалі 125 рабочых. Спыніла работу ў сувязі з крызісам[5]. |
Астэрманская цукровая мануфактура | фальварк Астэрманск, Рагачоўскі павет Магілёўская губерня | 1855—1861 | Мела цёрачную машыну, 6 гідраўлічных прэсаў, 2 стужачныя прэсы для адціскання соку, 7 катлоў. Працавалі 172 рабочыя. Прадукцыю збывалі ў Маскву. |
Ашмянскія гарбарныя мануфактуры | Ашмяны, Ашмянскі павет, Віленская губерня | 1835—1914 | Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрым (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленыя адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2-7 тысяч пудоў скур (1885 г.). |
Бабаўнянская суконная мануфактура | Бабоўня, Капыльскае княства, Новагародскае ваяводства | 1769—1806 | У 1797 г. працавалі 110 рабочых, выпушчана 4600 аршынаў сукна (каля 3300 метраў). У 1800 г. вырабляла сукны, байку, вігонь. |
Бабруйскія цагельныя мануфактуры | Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1833—1914 | Знаходзіліся 4 цагельні, якія выраблялі цэглу ад 745 да 7000 000 штук за год на 11—922 000 рублёў. У розныя гады працавалі ад 33 да 156 рабочых[6]. |
Батаеўская шкляная мануфактура | Батаева, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня | 1799—1900 | Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 годзе працавалі 53 чалавекі, выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла[7]. |
Беражанская гадзіннікавая мануфактура | сяло Беражань, Горацкі павет, Магілёўская губерня | 1784—1793 | Заснавана па ініцыятыве графа Р. А. Пацёмкіна. Будаўніцтва было даручана майстру Нордштэйну са Швецыі, які таксама навучыў 33 прыгонных хлопчыкаў з суседніх вёсак збіраць «усякага роду гадзіннікі» для царскага двара. У 1789 выраблена гадзіннікаў і іншых рэчаў на 9729 руб. Паведамляецца, што паводле якасці гадзіннікі не саступалі лепшым заходнееўрапейскім. У 1794 годзе паводле загаду Кацярыны II завод перавялі ў г. Екацярынаслаў, потым у вёску Купава пад Масквой[8][9]. |
Ваўкавыская купецкая суконная мануфактура | Ваўкавыск, Ваўкавыскі павет, Гродзенская губерня | 1825—1832 | Прадпрыемства атрымала «пахвалу за поспехі фабрыкі» ад журы першай Публічнай выстаўкі расійскіх мануфактурных вырабаў у 1829 г. Працавалі 259 рабочых (1828)[8]. |
Грудзінаўская суконная мануфактура | Грудзінаўка, Быхаўскі павет, Магілёўская губерня | 1813—1837 | Атрымала Вялікі сярэбраны медаль на першай Публічнай выстаўцы расійскіх мануфактурных вырабаў у Пецярбургу (1829) за добрую якасць і прыймальны кошт сукна. Працавалі 103 рабочыя (1823)[8]. |
Дубровенская суконная мануфактура | Дуброўна, Аршанскі павет, Віцебскае ваяводства | 1750—? | Заснавана ў 1750 годзе, будынак захаваўся да нашых дзён. |
Дабаснянская цукровая мануфактура | Добасна, Бабруйскі павет, Магілёўская губерня | 1839—1862 | Мела рухавік і гідраўлічныя прэсы (у 1860—1862 гг. — тры). У 1839 г. працавала 176, у 1859 г. — 63 рабочых. У 1861—1862 за суткі перапрацоўвала да 900 пудоў буракоў, з якіх атрымлівалі па 36 пудоў цукровага пяску. Прадукцыя вывозілася ў Маскву, Крамянчуг, Херсон. |
Жабіцкая шкляная мануфактура | Жабічы, Вілейскі павет (Расійская імперыя), Віленская губерня | 1806—1905 | У 1866—1890 гг. выпускала бутэлькі, аптэкарскі посуд, слоікі, у 1893—1900 гг. — бутэлькі зялёныя. Шкло аконнае паўбелае і лямпавае. У 1891 г. дзейнічала шклоплавільная печ. Працавала да 116 чалавек. Прадукцыю збывалі ў Вільню, Мінск, Рыгу, Гродна і іншыя. |
Каніцкая суконная мануфактура | Канічы, Клімавіцкі павет, Магілёўская губерня | 1810—1832 | Вырабляла сукно рознага гатунку. У 1823 годзе на мануфактуры працавалі 137 прыгонных рабочых і вольнанаёмны майстар. У 1826 годзе мелася 10 ткацкіх і 10 сукнавальных станкоў, 6 прадзільных і 6 часальных машын, варсавальня і фарбавальня. |
Карэліцкая шпалерная мануфактура | Карэлічы, Новагародскі павет, Новагародскае ваяводства | 1736—? | Заснавана Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькай. Вырабляла габелены, дываны і паясы. Адным з найбольш вядомых вырабаў лічыцца цыкл з дзесяці габеленаў, прысвечаны гісторыі Радзівілаў, створаны ў 1752—1770 гадах[10]. |
Лагойская палатняна-папяровая мануфактура | Лагойск, Барысаўскі павет, Мінская губерня | 1809—1860 | Выпускала палатно, баваўняныя і льняныя хусцінкі. У 1859 г. мела 12 станкоў і 2 машыны. У 1860 г. працавала каля 60 чалавек. Выпускала да 50 і больш тысяч аршынаў палатна рознага колеру і ўзору. Прадукцыя збывалася ў Мінску і Рызе[11]. |
Лешчанская шкляная мануфактура | Лешчанка, Чэрыкаўскі павет, Магілёўская губерня | 1832—1864 | Вырабляла аконнае шкло. У 1864 г. мела 2 драўляныя карпусы, 3 свірны, 5 іншых памяшканняў, 3 печы для выплаўкі шкла; працавала 87 чалавек, выраблена 1500 скрынак шкла. |
Малаплотніцкая шкляная мануфактура | Малая Плотніца, Пінскі павет, Мінская губерня | 1842—1898 | Вырабляла ліставое шкло, бутэлькі і іншы посуд. У 1879 г. на мануфактуры працавала 16 чал., выпушчана 90 скрынак ліставога шкла, 100 тыс. шт. бутэлек і іншага посуду. У 1898 г. працавала 80 чал.[12] |
Мікашэвіцкая жалезаапрацоўчая мануфактура | Мікашэвічы, Мазырскі павет, Мінская губерня | 1796—? | Працавала 50 чалавек, выпусціла 500 пар жалезных сашнікоў для сох. |
Навасвержанская фаянсавая мануфактура | Новы Свержань, Новагародскі павет, Новагародскае ваяводства | 1742—? | Заснавана Міхаілам Казімірам Радзівілам Рыбанькай, з’яўлялася другім прадпрыемствам падобнага тыпу ў Рэчы Паспалітай. Вырабляўся посуд, куфэркі, кафлю, пліткі, фаянсавыя алтары для касцёлаў |
Налібацкая шкляная мануфактура | Налібакі, Менскі павет, Менскае ваяводства | 1717—? | Адна з найстарэйшых мануфактур у Беларусі, заснаваная Ганнай Кацярынай Радзівіл. Вырабляліся люстэркі, люстры, посуд, варылася рэдкае рубінавае шкло, афарбаване золатам, гравіраванае і ўпрыгожанае малюнкамі[2] |
Обальская драўляна-хімічная мануфактура | Обаль, Полацкі павет, Віцебская губерня | 1894—1914 | Працавала на чыгуначнай станцыі. Вырабляла драўнінныя вугаль і спірт, дзёгаць, воцатны парашок. У 1913 г. працавала 55 рабочых. |
Путнікаўская суконная мануфактура | Путнікі, Магілёўскі павет, Магілёўская губерня | 1781—1809 | Размяшчалася ў 2 мураваных будынках. Мела 12 станкоў. У 1797 г. працаваў 121 чалавек, нарыхтавана 2 тыс. пудоў воўны, выраблена сукнаў: белага 8 тыс. аршынаў, тонкага 1,8 тыс. аршынаў, простага 21 тыс. аршынаў, байкі 5 тыс. аршынаў. |
Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў | Слуцк, Слуцкае княства, Новагародскае ваяводства | 1740—1846 | Заснавана Геранімам Фларыянам Радзівілам. Вырабляліся знакамітыя слуцкія паясы, дываны, габелены, пакрывалы і стужкі, упрыгожаныя беларускімі народнымі ўзорамі і арнаментамі[3]. |
Старасельская шкляная мануфактура | урочышча Краснае каля в. Старае Сяло, Мінскі павет, Мінская губерня | 1880—1914 | З 1890 г. называлася Краснасельскі шкляны завод. Вырабляла бутэлькі, лямпавае і ліставое шкло. Мела шклоплавільную печ, конныя рухавікі. Працавала да 80 чалавек. |
Урэцкая шкляная мануфактура | Урэчча, Бабруйскі павет, Мінская губерня | 1737—1846 | Адна з першых мануфактур на тэрыторыі Беларусі, заснаваная Ганнай Кацярынай Радзівіл. З’яўлялася першым і самым буйным прадпрыемствам у Рэчы Паспалітай па вырабе люстэрак. Мануфаткура вырабляла таксама аконнае шкло, крыштальныя люстры, падсвечнікі, посуд і іншае[2] |
Зноскі
- 1 2 Смалянчук А. Ф.. Гiсторыя Беларусі канца XVIII—пачатку XX ст. Хрэстаматыя . Pawet.net (7 снежня 2009). Праверана 15.06.2019.
- 1 2 3 4 5 6 Мануфактурное производство в Беларуси (руск.) (29 сакавіка 2012). Праверана 15.06.2019.
- 1 2 Возникновение мануфактур на территории Беларуси. (руск.)(недаступная спасылка). Gistoryja.ru. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2019. Праверана 15.06.2019.
- ↑ Прамысловасць Клімавіцкага раёна (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2019. Праверана 16.06.2019.
- ↑ Асінаўская шкляная мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- ↑ Бабруйскія цагельныя мануфактуры // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.2. -Мн., 1996. — С.193.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- 1 2 3 М. Болбас. Удастоены вышэйшых узнагарод // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — № 3. — Мн.: Полымя, 1988. — ISSN 0131-2669. С.28,29.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- ↑ О возрождении кореличских гобеленов
- ↑ Лагойская палатняна-папяровая мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах. Том 9: Кулівін — Малаіта / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і іншае. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 1999. — С. 91.
- ↑ Малаплотніцкая шкляная мануфактура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8. — С. 10.
Літаратура
- Мануфакту́ра // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 463—464. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.