Манументальны жывапіс — творы жывапісу буйных памераў, звязаныя з архітэктурным асяроддзем; від манументальнага мастацтва. Адначасова творы манументальнага жывапісу валодаюць і самастойным вобразным зместам, вырашаюць дэкаратыўныя задачы (называецца таксама манументальна-дэкаратыўным жывапісам).
Да манументальнага жывапісу адносяць вялікіх памераў карціны, пано, размалёўку, мазаіку, якія выконваюць у тэхніках фрэскі, а сэка, васковага жывапісу, сграфіта і інш. Спецыфіка манументальнага жывапісу вымагае асаблівага ладу мастацкіх форм: яснасці і лаканізму кампазіцыі, дакладнасці і абагульненасці малюнка, вялікіх колеравых плям, асаблівай прадуманасці ракурсаў і перспектывы з улікам успрыняцця з вялікай адлегласці. Выкарыстоўваецца для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў, пашыраны ў культавым мастацтве.
Вядомы здаўна ў мастацтве Старажытнага Егіпта, Месапатаміі, Грэцыі, Рыма, Візантыі і інш. Пазней развіваўся ў рэчышчы адпаведных гістарычных мастацкіх стыляў, творчасці асобных майстроў і рэлігійна-культурных традыцый народаў свету. Найбольшага росквіту дасягнуў у эпоху Адраджэння: работы Мазачыа, Рафаэля, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і інш. Высокім мастацкім узроўнем у перыяд барока вызначаліся творы Анібале Карачы, П’етра да Картоны, класіцызму — Ш. Лебрэна, 19 стагоддзя — Э. Дэлакруа, П. Пюві дэ Шавана, Ф. Овербека, у 20 стагоддзі — А. Гаўдзі, М. Дэні, Ф. Лежэ, Д. Сікейраса, Д. Рыверы, М. Урубеля, А. Дайнекі і інш.
Беларусь
На Беларусі найбольш старажытныя ўзоры манументальнага жывапісу, фрэскі Сафійскага сабора і храма-пахавальні ў Полацку, датуюцца XI стагоддзем. Высокім мастацкім узроўнем вызначаюцца фрэскі касцёла езуітаў у Нясвіжы, касцёла кармелітаў і Мікалаеўскай царквы ў Магілёве, мазаікі Пакроўскага сабора ў Баранавічах.
У 1920—1930-я гг. пераважалі творы на тэмы, прысвечаныя сацыяльным і эканамічным зменам: размалёўкі ў Доме ўрада ў Мінску (М. Лебедзева, І. Фрэнк), кінатэатры «Мастацкі» ў Віцебску (В. Волкаў, М. Керзін, М. Эндэ), пано ў будынку вакзала на чыгуначнай станцыі Негарэлае Дзяржынскага раёна (В. Волкаў) і інш. У 1940—1941 гг. мастакі І. Давідовіч, Я. Зайцаў, М. Тарасікаў, Я. Ціхановіч, М. Манасзон выканалі шэраг пано ў інтэр’еры Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі ў Мінску.
Сярод найбольш значных работ 1950—1960-х гг. размалёўка плафона «Дружба народаў» у тэатры юнага гледача і пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Беларускага таварыства дружбы з замежнымі краінамі І. Ахрэмчыка і І. Давідовіча, пано «Палёт» Г. Вашчанкі ў Палацы культуры тэкстыльшчыкаў, сграфіта «Маяк» А. Кішчанкі і Г. Гаркунова ў кінатэатры «Кіеў» у Мінску.
Творы манументальнага жывапісу 1970—1990-х гг. вызначаюцца шырокім выкарыстаннем алегорыі, метафары, сімволікі, зваротам да традыцый сусветнага мастацтва: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» М. Савіцкага ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, «Асветнікі» Г. Вашчанкі ў Доме настаўніка, энкаўстыка «Стары і новы Вільнюс» С. Катковай і З. Літвінавай у кінатэатры «Вільнюс», мазаікі «Горад-воін», «Горад-будаўнік», «Горад навукі», «Горад культуры» на тарцах жылых дамоў у мікрараёне Усход-1, «Беларусь партызанская» на тарцы будынка гасцініцы «Турыст» А. Кішчанкі, на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць В. Барабанцава — усе ў Мінску; размалёўкі «Зямля Светлагорская» Г. Вашчанкі ў вестыбюлі палаца культуры хімікаў, пано У. Крываблоцкага на тарцах жылых дамоў у г. Салігорск Мінскай вобласці; «Эстафета пакаленняў» М. Савіцкага і А. Кішчанкі ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна); «Юнацтва» Я. Кузняцова ў клініцы НДІ радыяцыйнай медыцыны «Аксакаўшчына» Валожынскага раёна Мінскай вобласці; пано «Песня пра Радзіму» Т. Кіршчынай у Палацы нафтаперапрацоўчага завода ў г. Мазыр Гомельскай вобласці і інш.
Літаратура
- Манументальны жывапіс // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Манумента́льны жы́вапіс // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 463. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Манументальны жывапіс