Манастыр
Манастыр базыльян
54°30′43″ пн. ш. 30°25′07″ у. д.
Краіна  Беларусь
Горад Орша
Канфесія Уніяцтва (першапачаткова)
Руская Праваслаўная Царква
Епархія Віцебская і Аршанская
Ордэнская прыналежнасць базыльяне
Архітэктурны стыль позняе барока
Дата пабудовы 1758 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000118
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Манастыр базыльян — помнік архітэктуры позняга барока ў Оршы. Размешчаны па адрасе Музейны завулак, 12, на правым беразе р. Аршыца. Ансамбль складаўся з царквы Апекі Маці Божай (17581774; не захавалася) і прыбудаванага да яе жылога корпуса.

Гісторыя

Базыльянскі манастыр у пачатку XX ст.
Манастыр у 1943 годзе

Быў заснаваны ў 1642 г. уніяцкім мітрапалітам Антоніем Сялявам. Першапачаткова будынкі былі драўляныя[1]. У 17581774 гг. на сродкі старосты пеліканскага Іосіфа Ляпкоўскага[2] і са згоды яго брата ротмістра Міхаіла[3] на іх месцы змураваны двухпавярховы жылы корпус і ўніяцкая царква ў імя Пакрова Божай Маці[1]. Пасля заснавальнік уступіў у базыльянскі ордэн, прыняў імя Іосіф (Юзаф), у 1771 годзе стаў архіепіскапам смаленскім і пасля смерці быў пахаваны ў манастыры ў 1778 годзе[2].

У вопісе 1798 г. паведамляецца аб мураваным манастыры з царквой Пакрова Прасвятой Божай Маці. Жылы корпус двухпавярховы, мае два крылы, прычым адна частка не завершана. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной[1].

У 1832 годзе базыльянскі комплекс перададзены праваслаўным[1] — мужчынскаму Пакроўскаму манастыру. У жылых карпусах размясцілася духоўнае вучылішча. Царква была перабудавана і набыла рысы класіцызму[1]. У 1850-я гг. над сяродкрыжжам пабудаваны высокі драўляны барабан з купалам[1][2]. Зроблены новы іканастас[1].

19 кастрычніка 1904 года на зямлі, якая належала манастыру, пры здабычы вапняковага каменю на глыбіні не больш за аршын знойдзены парэшткі костак маманта — нага з чашкаю і галёнкай, велічынёй у рост чалавека, дзве часткі сківіцаў з зубамі, рабро і некалькі дробных разламаных костак[4].

8 чэрвеня 1905 года ўраган знёс драўляны купал над сяродкрыжжам. У 1930-я гг. комплекс перададзены краязнаўчаму музею[1].

У 1967[1] годзе царква была ўзарвана. Жылы корпус выкарыстоўваўся пад жыллё.

Архітэктура

Алтарная частка царквы

Складаўся з аб’яднаных у адзіны асіметрычны архітэктурны комплекс царквы Пакрова Божай Маці і жылога корпуса. Тэрыторыя манастыра была абгароджана мураванай сцяной.

Царква ўяўляла сабой трохнефавую крыжова-купальная двухвежавую базіліку. Над сяродкрыжжам быў узведзены высокі драўляны барабан з купалам. Мела мураваныя алтары ў імя Пакрова Багародзіцы, Распяцця Гасподняга і велікамучаніка Васіля[2].

Манастырскі копус вырашаны Г-падобным у плане 2-павярховым на высокім паўпадвальным паверсе будынкам пад вальмавым дахам. Сцены метровай таўшчыні крапаваны слаістымі пілястрамі і руставанымі лапаткамі, расчлянёны пазбаўленымі ліштваў прамавугольнымі аконнымі праёмамі і нішамі-блендамі паміж імі. Абодва паверхі маюць галерэйную планіроўку. У паўднёва-ўсходняй частцы размешчана лесвічная клетка і зала-трапезная. Астатнія памяшканні плошчай да 36 м² адводзіліся для жылля і працы. Моцныя сцены таўшчынёй 1 м аблегчаны нішамі. Перакрыцце 1-га паверха — крыжовыя скляпенні, 2-га — плоская бэлечная столь, паўпадвальнага паверха — цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 3 4 Манастыр базыльян (Орша) на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
  3. Праваслаўныя храмы на Беларусі 2001.
  4. Памятная книжка Могилевской губернии на 1905 год (руск.)

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.