Мамо́нічы — род купцоў, друкароў і грамадскіх дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага. У доме Мамонічаў у Вільні ў 1574—1623 гадах працавала заснаваная на іх сродкі друкарня, дзе за гэты час выйшла ад 80 да 100 кніг.

Род

Герб Лукаша Іванавіча Мамоніча

У сям’і Івана Мамоніча было тры сыны — Багдан, Кузьма і Лука[1]. Багдан займаўся купецкай справай, Кузьма і Лука (Лукаш) працяглы час займаліся выдавецкай дзейнасцю. У 1582 годзе Лука Мамоніч атрымаў прывілей на войтаўства[2].

Кузьма меў сына Льва, таксама друкара, які працаваў з бацькам і дзядькам. У 1577, 1583, 1595 і 1601 гадах Кузьма займаў пасаду віленскага бурмістра[1].

Мамонічы мелі ўласны «папяровы млын» у мястэчку Павільна паблізу Вільні[3].

Друкарня

У маі 1574 года ў доме Мамонічаў арганізавана друкарня Пётра Мсціслаўца. Матэрыяльна справе Мсціслаўца дапамагалі таксама актыўныя прыхільнікі праваслаўя браты Зарэцкія. Маёмасць Мсціслаўца ў друкарні не выкарыстоўвалася[2].

У 1575—1576 гадах былі выдадзеныя «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часовник». Выданні былі багата аздобленыя, надрукаваны на добрай паперы, буйным шрыфтам, з арнаментам і гравюрамі, упрыгожаныя ягадамі, лопнулымі гранатавымі яблыкамі, шышкамі, выгнутымі сцёбламі[2].

Неўзабаве між Мсціслаўцам і Мамонічамі пачаўся канфлікт. Пётр Мсціславец звярнуўся ў суд, яму было прысуджана ўсё друкарскае абсталяванне і 30 коп грошаў, а Кузьме Мамонічу — выдадзеныя кнігі. Дзейнасць друкарні аднавілася ў 1583 годзе пад кіраўніцтвам Кузьмы Мамоніча, яго брата Лукі і сына Льва. Магчыма, з імі супрацоўнічаў віленскі друкар Васіль Гарабурда, які выдаў у 1582 (або 1580) годзе Актоіх[2].

Кароль Стэфан Баторый 13 сакавіка 1586 года выдаў Мамонічам прывілей на друкаванне і продаж славянскіх кніг (пацверджаны 16 красавіка 1590 года)[1].

Да падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 года друкарня збольшага абслугоўвала патрэбы праваслаўных брацтваў, брацкіх школ, цэркваў, простых мяшчан. З XVII ст. друкарня забяспечвала патрэбы выключна ўніятаў[2]. Справамі распараджаўся Лявон Кузьміч Мамоніч, імя якога ў выхадных звестках выданняў з’явілася ў 1609 годзе. Адсутнасць кніг для праваслаўных сведчыць пра адхіленне Кузьмы і Лукі Мамонічаў ад спраў і пераходу кіраваннем у рукі Лявона[2]. Па смерці Кузьмы 16 ліпеня 1607 года Лявон атрымаў у спадчыну друкарню[3].

Усе выданні вылучаюцца добрым мастацкім аздабленнем, выкарыстаннем свецкіх гравюр. Мастак і гравёр Грынь Івановіч (вучань Івана Федаровіча) стварыў для друкарні курсіўныя шрыфты.

Да 1623 года выдадзена каля 85 выданняў (паводле іншых звестак 115[1]) на царкоўнаславянскай, старабеларускай, лацінскай і польскай мовах.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Кузьма Мамонич(недаступная спасылка) (руск.). Календарь истории Великого княжества Литовского
  2. 1 2 3 4 5 6 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964. Архівавана 8 чэрвеня 2014.
  3. 1 2 Лев Мамонич — белорусский поэт и книгоиздатель конца XVI — начала XVII веков Архівавана 27 снежня 2008.

Літаратура

  • Н. Березкина. Из истории книгопечатания в Беларуси // Вестник ББА. — № 2. — 1996. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  • Голенченко Г. Я. Статья // Франциск Скорина и его время. Энциклопедический справочник. Мн., 1990. — С. 412.
  • Зернова А. С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII век) // Исслед. и материалы. М., 1959.
  • 400 лет русского книгопечатания. — Москва: Наука, 1964. Архівавана 8 чэрвеня 2014.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.