Вёска
Малы Трасцянец
± | ||||||||||
Малы́ Трасцяне́ц — колішняя вёска на рацэ Трасцянка, з 1987 года ў складзе Мінска.
Гісторыя
У 1503 годзе сяло Трасцянцы, 6 служб «бліз места Менскага» нададзена Менскаму Вазнясенскаму манастыру, у Менскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. У XIX стагоддзі вёска падзялілася на дзве: Вялікі (Стары) Трасцянец і Малы (Новы) Трасцянец. У 1815 годзе Трасцянец Малы, Трасцянец, Трасцянец пры двары, Трасцянец пры плябаніі, вёска, шляхецкая ўласнасць. У 1858 годзе ўласнасць В. Іваноўскага, паноў Чакатоўскіх. У 1897 годзе вёска Малы Трасцянец Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, 21 двор, 185 жыхароў, прыпісная царква. У 1917 годзе 43 двары, 264 жыхары[1].
З лютага па снежань 1918 года вёска акупаваная войскамі Германскай імперыі. Паводле Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі. З ліпеня 1919 па ліпень 1920 года і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года акупаваная войскамі Польшчы.
З 1919 года ў складзе БССР. З 20 жніўня 1924 года ў складзе Трасцянецкага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930). 18 студзеня 1931 года ўключана ў межы Менска. З 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная войскамі нацысцкай Германіі. У Трасцянецкім лагеры смерці нацыстамі знішчаныя 206500 чалавек.
З 16 ліпеня 1954 года ў Гатаўскім, з 20 студзеня 1960 года ў Навадворскім сельсавеце. У 1987 годзе вёска ўключаная ў межы горада Мінска. Галоўная вуліца вёскі захавала назву Зарэчная, вуліца Касманаўтаў стала працягам Зарэчнай, Савецкая — Малы Трасцянец, Юбілейная — Цішкі Гартнага (псеўданім Змітра Жылуновіча). У 1989 годзе мінскую вуліцу Жданава перайменавалі ў вуліцу Жылуновіча, таму трасцянецкая вуліца Цішкі Гартнага была перайменаваная ў Ельніцкую — у гонар ракі Ельніца (Трасцянка), якая працякае праз тэрыторыю Малога Трасцянца[2].
Зноскі
- ↑ Памяць 1998, с. 602.
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 6.
Літаратура
- Малы Трасцянец // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Вялікі Трасцянец // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 3 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2012. — 624 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0636-9. С. 373
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XII: Szlurpkiszki — Warłynka (польск.). — Warszawa, 1892. — S. 510.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2018.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Малы Трасцянец (вёска)