Вёска
Малая Сляпянка
± |
Мала́я Сляпя́нка — колішняя вёска на левым беразе Слепні, з 1959 года ў складзе Мінска.
Гісторыя
У XIX стагоддзі валоданне Ваньковічаў. Пасля Мельхіёра Ваньковіча (1775—1842) валоданне перайшло Валенцію. У Малой Сляпянцы Валенцій меў сядзібу з майстэрняй, дзе плённа працаваў. Пасля смерці Валенція маёнтак Малая Сляпянка перайшоў яго сыну Яну Эдварду. За ўдзел Яна Эдварда ў паўстанні 1863—1864 гадоў маёнтак быў канфіскаваны расійскімі ўладамі на карысць дзяржавы, Ян Эдвард іміграваў. Пазней маёнткам валодаў Шмідт.
У 1917 годзе вёска Сеніцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні; 45 двароў, 249 жыхароў. Побач аднайменны маёнтак (53 жыхары). У сакавіку 1931 года ў вёсцы прайшоў I і адзіны з’езд Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі. З 1934 года ў Прыгарадным сельсавеце, Менскі раён, цэнтр саўгаса імя Аляксандра Чарвякова (з 1937 года саўгас «Малая Сляпянка»). У 1959 годзе ўвайшла ў межы горада Мінска, Партызанскі раён[1].
Сядзіба месцілася ў раёне сучаснай Гарадской бальніцы № 6, вёска — у раёне шматпавярховай забудовы вуліц Мендзялеева і Уральскай, паліклінікі № 14 і гімназіі № 5. Былая вясковая забудова атрымала назвы Першы і Другі завулак Мендзялеева, але неўзабаве была знесеная[2].
У канцы 2014 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак горада Мінска прапанавала назву «Малая Сляпянка» для праектуемай станцыі чацвёртай лініі мінскага метрапалітэна. Аднак у 2016 годзе ўладамі была зацверджаная назва Станцыя метро Сляпянка, што можа выклікаць блытаніну з мікрараёнам Вялікая Сляпянка[3].
Вядомыя асобы
- Мельхіёр Аляксандравіч Ваньковіч (1775—1842) — старшыня галоўнага суда 2‑га Дэпартамента Галоўнага суда Мінскай губерні (1805—1808)
- Валенцій Ваньковіч (1800—1842) — мастак, прадстаўнік рамантычнага кірунку
- Адам Ваньковіч (1827—1895) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, сын Валенція Ваньковіча
- Ян Эдвард Ваньковіч (1838—1899) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў у Берасцейскім павеце, сын Валенція Ваньковіча
- Андрэй Мікалаевіч Смаляк (нар. 1954) — беларускі мастак
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Минск : энциклопедический справочник 1983, с. 224.
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 3.
- ↑ Столичные власти определились с названиями станций третьей и четвертой линий метро (руск.)(недаступная спасылка). tut.by (30 ліпеня 2016). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2016. Праверана 1 чэрвеня 2017.
Літаратура
- Малая Слепянка // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2018.