Маларыцкі строй сялянскага жаночага адзення

Маларыцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на поўдні Кобрынскага раёнаў.

Жаночае адзенне

Маларыцкі строй з в. Збураж (Маларыцкі раён, кан. XIX — пач. XX ст.). Музей старажытнабеларускай культуры

Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкаратыўных тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух.

Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геаметрычным арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра.

Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для Маларыцкага строю. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкаратыўныя вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам.

Асаблівую выразнасць касцюму надавала намітка, якую, у адрозненне ад намітак іншых строяў, багата аздаблялі вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстым шлякам на двух краях. У касцюме свацці своеасаблівай маляўнічасцю вызначаўся галаўны ўбор (каробачка-лямец, аздобленая разнаколернымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстафарбаванага пер'я).

Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі).

Мужчынскае адзенне

У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы; галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.

Літаратура

  • Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.
  • Романюк, М.Ф. Белорусская народная одежда / М.Ф. Романюк. — Мінск : Беларусь, 1981. — 473 с.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.