Максіміліян II (ням.: Maximilian II; 31 ліпеня 1527, Вена — 12 кастрычніка 1576, Рэгенсбург) — імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі і эрцгерцаг Аўстрыі з 25 ліпеня 1564 года да сваёй смерці, кароль Чэхіі (каранаваны 14 мая 1562 года пад імем Максіміліяна I), кароль Германіі (рымскі кароль, каранаваны 28 лістапада 1562 года), кароль Венгрыі і Харватыі (каранаваны 8 верасня 1563 года). Прадстаўнік дынастыі Габсбургаў.
Біяграфія
Максіміліян быў старэйшым сынам Фердынанда I і яго жонкі Ганны Багемскай і Венгерскай, нарадзіўся ў Вене 31 ліпеня 1527 года. Ён навучаўся ў Іспаніі, набыў ваенны досвед у час кампаніі свайго дзядзькі Карла V супраць Францыі ў 1544 годзе, а таксама ў Шмалькальдэнскай вайне, і неўзабаве пачаў браць удзел у справах імперыі.
У верасні 1548 года Максіміліян ажаніўся са сваёй кузінай Марыяй, дачкой Карла V, і з 1548 па 1550 гады быў намеснікам імператара ў Іспаніі. У снежні 1550 годзе ён вярнуўся ў Германію, каб прыняць удзел у абмеркаванні лёсу імператарскага прастола. Карл V жадаў, каб яго сын Філіп (пасля кароль Іспаніі) стаў яго пераемнікам, аднак яго брат Фердынанд, які кіраваў дынастычнымі землям Габсбургаў, таксама жадаў атрымаць імператарскі тытул. Кампраміс быў дасягнуты: Філіп быў абвешчаны спадчыннікам Фердынанда. Паміж дзвюма галінамі Габсбургаў былі вельмі нацягнутыя адносіны, з прычыны якіх хваробу Максіміліяна ў 1552 годзе прыпісвалі атручванню ў інтарэсах яго кузена Філіпа.
Прыкладна ў той жа час Максіміліян пасяліўся ў Вене і стаў кіраваць аўстрыйскімі ўладаннямі і абараняць іх ад туркаў. Яшчэ ў раннім узросце Максіміліян трапіў пад уплыў пратэстанцтва, ён падтрымліваў сяброўскія адносіны з пратэстанцкімі кіраўнікамі і меў блізкія зносіны з прыдворным святаром-лютэранінам. Яго бацька, стаўшы імператарам у 1558 годзе, паабяцаў Папу Паўлу IV, што яго сын не ўзыдзе на імператарскі прастол, калі пакіне каталіцкую царкву. Такім чынам, Максіміліян фармальна заставаўся каталіком, хоць да канца жыцця прытрымліваўся пратэстанцкіх поглядаў.
У лістападзе 1562 года Максіміліян быў каранаваны ў Франкфурце як рымскі кароль ці кароль Германіі, стаўшы спадчыннікам імператара. Папярэдне ён пераканаў каталіцкіх князёў у тым, што прытрымліваецца іх веры, а пратэстанцкім князям абяцаў, што публічна прыме Аўгсбургскае веравызнанне, стаўшы імператарам. У верасні 1563 года Максіміліян стаў каралём Венгрыі, а пасля смерці яго бацькі, у ліпені 1564 года стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі, а таксама каралём Венгрыі, Харватыі і Багеміі.
Стаўшы імператарам, Максіміліян вымушаны быў разбірацца з рэлігійным расколам у сваіх землях. Быўшы верацерпным манархам, ён імкнуўся выканаць баланс і часта выступаў пасроднікам паміж каталікамі і пратэстантамі. У 1568 годзе пасля чарговай вайны з Асманскай імперыяй Максіміліян заключыў з султанам Селімам II мірны дагавор з выплатай туркам даніны на працягу 8 гадоў.
Адносіны паміж Максіміліянам і Філіпам Іспанскім з часам наладзіліся. Смерць іспанскага інфанта Карласа ў 1568 годзе адкрывала для Максіміліяна ці яго сыноў шлях да атрымання ў спадчыну іспанскага прастола. У 1570 годзе дачка імператара Ганна стала чацвёртай жонкай яго кузена Філіпа II. Таксама Максіміліян без асаблівага поспеху заступаўся за Нідэрланды, якія перайшлі ў пратэстанцтва і якія Філіп спрабаваў скарыць агнём і мячом. У 1575 годзе група польскіх і літоўскіх магнатаў прапанавала Максіміліяна ў якасці кандыдата на трон Рэчы Паспалітай, аднак ён не меў дастатковай папулярнасці і каралём выбралі трансільванскага князя Стэфана Баторыя.
Максіміліян сканаў 12 кастрычніка 1576 года ў Рэгенсбургу. Перад смерцю ён адмовіўся ад апошняй прычасці. Імператар быў пахаваны ў саборы Святога Віта ў Празе. Трон Максіміліяна перайшоў да яго сына Рудольфа, а пазней імператарам таксама стаў яго сын Мацвей.
Сям’я
У 1548 годзе ажаніўся з іспанскай інфантай Марыяй (1528—1603), дачкой імператара Карла V. Дзеці:
- Ганна Аўстрыйская (1549—1580), чацвёртая жонка караля Іспаніі Філіпа II, маці Філіпа III.
- Фердынанд (1551—1552)
- Рудольф II (1552—1612), імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі
- Эрнст (1553—1595), эрцгерцаг, штатгальтар Іспанскіх Нідэрландаў
- Лізавета Аўстрыйская (1554—1592), жонка караля Францыі Карла IX.
- Марыя (1555—1556)
- Маціяс (1557—1619), імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі
- мёртванароджаны сын (1557)
- Максіміліян III Аўстрыйскі (1558—1618), эрцгерцаг, вялікі магістр Тэўтонскага ордэна.
- Альбрэхт VII (1559—1621), эрцгерцаг, штатгальтар Іспанскіх Нідэрландаў, муж іспанскай інфанты Ізабелы Клары Яўгеніі
- Венцэль (1561—1578), эрцгерцаг, вялікі прыёр Ордэна Святога Іаана
- Фрыдрых (1562—1563)
- Марыя (пам. 1564)
- Карл (1565—1566)
- Маргарыта (1567—1633), манашка
- Элеанора (1568—1580).
Зноскі
Літаратура
- Encyclopædia Britannica Eleventh Edition. — New York: Encyclopædia Britannica, Inc., 1911. — Т. 17.
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Каралінгі — Саксонская дынастыя — Салічная дынастыя — Гогенштаўфены — Вітэльсбахі — Габсбургі |