Мазырская града
Каардынаты: 52°01′00″ пн. ш. 29°15′30″ у. д.
Размяшчэнне Беларусь
physical
Мазырская града
Мазырская града

Мазырская града, Мазырскае ўзвышша — краявое ледавіковае ўтварэнне ў межах Мазырскага Палесся. Размешчаная ў Мазырскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, на правабярэжжы ракі Прыпяць.

Геаграфія

Працягваецца з паўночнага захаду (раён вусця ракі Пціч) на паўднёвы ўсход да вёскі Барбароў прыблізна на 50 км. Шырыня 3—14 км. Вышыня над узроўнем мора 160—200 м, найбольшая 221 м.

Геалогія

У тэктанічных адносінах мясцовасць прымеркавана да цэнтральнай часткі Прыпяцкага прагіна з глыбінёй залягання фундамента 4-5 км. Паверхня карэнных парод размяшчаецца на абсалютных адзнаках 100—140 м і складзена пясчана-гліністымі ўтварэннямі неагена і палеагена, на якіх залягае чахол антрапагенавых адкладаў магутнасцю 20-150 м і больш.

Фарміраванне тэрыторыі звязана з акумулятыўнай дзейнасцю прыпяцкага ледавіка. Канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком у час мазырскага стадыялу. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам (магутнасць 10 м), на паўночных і паўночна-ўсходніх схілах — лёсападобнымі супескамі (магутнасць 11 м). Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод.

Рэлеф

У будове рэльефа вялікую ролю іграюць марэнныя адклады і лёсападобныя покрывы (да 11 м). Града мае выгляд слабавыгністых ў паўднёва-заходнім кірунку палос, складзеных з невялікіх градаў і ўзгоркаў. Паўночныя і ўсходнія схілы, звернутыя да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, вышыня іх над зрэзам вады да 50—70 м, заходнія і паўднёва-заходнія — спадзістыя, паступова зліваюцца з прылеглай водна-ледавіковай раўнінай. На асноўнай тэрыторыі пашыраны ледавіковы рэльеф, які ўтварае 2 ланцугі, кожны з якіх складаецца з некалькіх комплексаў невялікіх град і ўзгоркаў. З поўдня прымыкае зандравая забалочаная раўніна.

Мазырскія яры.

Паверхня дрэніруецца невялікімі вадацёкамі, якія ўтвараюць рашотчатыя і радыяльныя сістэмы (буйныя рэкі праходзяць толькі па перыферыі). Града моцна падзеленая (да 20—30 прамыінаў і яроў на 1 км²). Каля Мазыра яры глыбінёй 40—60 м, а гушчыня рассячэння дасягае 80 м/км². На схілах развіты невялікія тэрмакарставыя і суфазіёныя западзіны. Сустракаюцца эолавыя формы.

Глебы і расліннасць

Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя. Лясістасць каля 36 %. Пераважаюць хваёвыя лясы і дубровы. На тэрасаваных схілах праводзяцца лесапасадкі. Пад раллёй каля 22 % тэрыторыі.

Ахова прыроды

Ландшафтавы заказнік дзяржаўнага значэння Мазырскія яры.

Літаратура

  • Мазырская града // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 455. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Мазырская града // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.