Тэктанічныя структуры Беларусі

Мазурскі пахаваны выступ, Мазурска-Сувалкаўскае падняцце (польск.: Wyniesienie mazursko-suwalskie) — тэктанічная структура на захадзе Гродзенскай вобласці Беларусі і на паўночным усходзе Польшчы, заходняя перыклінальная частка Беларускай антэклізы. Назва паходзіць ад гістарычнай вобласці Мазуры ў Польшчы.

Мае форму выцягнутага ў субшыротным напрамку паўавала з заляганнем паверхні фундамента ад -0,1 км на ўсходзе да -1 км на захадзе. Даўжыня 160 км, шырыня 100—130 км. Аддзелены Сувалкаўскім разломам ад Балтыйскай сінеклізы на поўначы, на поўдні — Свіслацкім разломам ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на захадзе (на тэрыторыі Польшчы) мяжуе з Варшаўскай упадзінай. На поўначы выступ перакрыты трыясавымі, а на ўсёй астатняй плошчы юрскімі, мелавымі і кайназойскімі ўтварэннямі; на захадзе яны ляжаць на адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, на ўсходзе — на фундаменце.

Фарміраваўся Мазурскі пахаваны выступ у працэсе абасаблення паўночна-заходніх, заходніх і паўднёва-заходнх схілаў Беларускай антэклізы на каледонскім і асабліва выразна на герцынскім этапах у сувязі з залажэннем Балтыйскай сінеклізы на поўначы, Падляска-Брэсцкай упадзіны на паўднёвым усходзе і Мазавецка-Люблінскага перыкратоннага прагіну на захадзе.

Гл. таксама

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.