Мадэляванне ў навуковых даследаваннях стала прымяняцца яшчэ ў глыбокай старажытнасці і паступова захоплівала ўсё новыя вобласці навуковых ведаў: тэхнічнае канструяванне, будаўніцтва і архітэктуру, астраномію, фізіку, хімію, біялогію і грамадскія навукі. Вялікія поспехі і прызнанне практычна ва ўсіх галінах сучаснай навукі прынесла метаду мадэлявання ХХ стагоддзе. З цягам часу стала ўсведамляцца роля мадэлявання як універсальнага метаду навуковага пазнання.

Віды мадэлявання

Мадэль — гэта такі матэрыяльны або думкава ўяўляемы аб’ект, які ў працэсе даследавання замяшчае аб’ект-арыгінал так, што яго непасрэднае вывучэнне дае новыя веды аб аб’екце-арыгінале.

Можна вылучыць наступныя віды мадэлявання:

  • Інфармацыйнае мадэляванне
  • Камп'ютарнае мадэляванне
  • Матэматычнае мадэляванне
  • Матэматыка-картаграфічнае мадэляванне
  • Малекулярнае мадэляванне
  • Лічбавае мадэляванне
  • Лагічнае мадэляванне
  • Педагагічнае мадэляванне
  • Псіхалагічнае мадэляванне
  • Статыстычнае мадэляванне
  • Структурнае мадэляванне
  • Фізічнае мадэляванне
  • Эканоміка-матэматычнае мадэляванне
  • Імітацыйнае мадэляванне
  • Эвалюцыйнае мадэляванне

Працэс мадэлявання ўключае тры элементы:

  1. суб’ект (даследчык);
  2. аб’ект даследавання;
  3. мадэль адносінаў пазнаючага суб’екта з аб’ектам пазнання.

Этапы мадэлявання

Першым этапам працэсу мадэлявання з’яўляецца пабудова мадэлі. Для аднаго аб’екта можа быць пабудавана некалькі «спецыялізаваных» мадэляў, якія канцэнтруюць увагу на пэўных баках доследнага аб’екта або характарызуюць аб’ект з рознай ступенню дэталізацыі.

На другім этапе мадэль выступае як самастойны аб’ект даследавання. Адной з формаў такога даследавання з’яўляецца правядзенне «мадэльных» эксперыментаў, пры якіх свядома змяняюцца ўмовы функцыянавання мадэлі і сістэматызуюцца даныя аб яе «паводзінах». Канчатковым вынікам гэтага этапу з’яўляецца мноства ведаў аб мадэлі.

На трэцім этапе ажыццяўляецца перанос ведаў з мадэлі на арыгінал — фармаванне мноства ведаў аб аб’екце. Гэты працэс пераносу ведаў выконваецца па пэўных правілах. Веды аб мадэлі павінны быць скарэктаваны з улікам тых уласцівасцяў аб’екта-арыгінала, якія не знайшлі адлюстравання або былі зменены пры пабудове мадэлі. Мы можам з дастатковай падставай пераносіць які-небудзь вынік з мадэлі на арыгінал, калі гэты вынік неабходна звязаны з прыкметамі падабенства арыгінала і мадэлі.

Чацвёрты этап — практычная праверка атрыманых з дапамогай мадэляў ведаў і іх выкарыстанне для пабудовы абагульняючай тэорыі аб’екта, яго пераўтварэнняў або кіравання ім.

Для разумення сутнасці мадэлявання важна не выпускаць з увагі, што мадэляванне — не адзіная крыніца ведаў аб аб’екце. Працэс мадэлявання «пагружаны» ў больш агульны працэс пазнання. Гэта акалічнасць улічваецца не толькі на этапе пабудовы мадэлі, але і на завяршальнай стадыі, калі адбываецца аб’яднанне і абагульненне вынікаў даследавання, якія атрымліваюцца на аснове шматстайных сродкаў пазнання.

Мадэляванне — цыклічны працэс. Гэта азначае, што за першым чатырохэтапным цыклам можа рушыць услед другі, трэці і г.д., пры гэтым веды аб доследным аб’екце пашыраюцца і ўдакладняюцца, а зыходная мадэль паступова ўдасканальваецца. Недахопы, выяўленыя пасля першага цыкла мадэлявання, абумоўленыя малым веданнем аб’екта і памылкамі ў пабудове мадэлі, можна выправіць у наступных цыклах. У метадалогіі мадэлявання, такім чынам, закладзеныя вялікія магчымасці самаразвіцця.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.