Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў | |
---|---|
Дата заснавання | 2 верасня 1924 |
Тып | каледж |
Дырэктар | Руслан Рыгоравіч Сафонаў[d] |
Размяшчэнне | |
moggki.by (руск.) (бел.) | |
Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў (МДКМ) — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Магілёве. Корпус № 1 размяшчаецца ў будынку былой гасцініцы «Брысталь» па вул. Камсамольскай, 12.
Гісторыя
2 верасня 1924 года ў Магілёве адкрылася савецкая партыйная школа для падрыхтоўкі выкладчыкаў грамадскіх навук, бібліятэчных і клубных работнікаў[1].
11 ліпеня 1928 года Народны камісарыят асветы БССР выдаў загад № 128 аб пераўтварэнні савецкай партыйнай школы ў Магілёўскі палітыка-асветніцкі тэхнікум з 4-гадовым тэрмінам навучання. Тэхнікум размясціўся ў будынку былой гасцініцы «Брысталь». У Магілёў былі пераведзены Бабруйская і Віцебская партыйныя школы і далучаны да тэхнікума. Палітыка-асветніцкі тэхнікум меў тры аддзяленні: культурна-масавае, школьнае, бібліятэчнае. У тэхнікум прымаліся грамадзяне сталага ўзросту з рознай адукацыяй без уступных экзаменаў. Забяспечваліся стыпендыяй толькі тыя, хто вучыўся на «4» і «5». За выдатныя поспехі прызначалася стыпендыя імя Н. К. Крупскай. Навучальныя заняткі праходзілі на першым паверсе. На другім паверсе жылі выкладчыкі з сем’ямі і навучэнцы. У будынку было пячное ацяпленне, газавыя лямпы, адсутнічалі каналізацыя, вадаправод, не было чытальнай і актавай зал, бракавала падручнікаў, дапаможнікаў, мастацкай і спецыяльнай літаратуры. Практыкавалася саманарыхтоўка прадуктаў харчавання ў калгасах, якім аказвалася шэфская дапамога[1].
У тэхнікуме надавалася вялікая ўвага музычнай адукацыі і эстэтычнаму выхаванню. Меўся агульны хор, аркестр народных інструментаў, танцавальны калектыў[1].
У 1920-1930-я гады выпускнікі Магілёўскага палітыка-асветніцкага тэхнікума былі галоўнымі ідэалагічнымі кадрамі БССР. У лістападзе 1939 года Пастановай СНК БССР Мінская рэспубліканская палітыка-асветніцкая школа аб’яднана з Магілёўскім палітыка-асветніцкім тэхнікумам, і на іх базе ў Магілёве была створана Рэспубліканская палітыка-асветніцкая школа[1].
З 1928 па 1941 гады ў навучальнай установе было падрыхтавана 1830 спецыялістаў, з іх 760 клубных работнікаў, 680 бібліятэкараў, 90 настаўнікаў грамадскіх навук[1].
Праца тэхнікума была перарвана Вялікай Айчыннай вайной. Многія выкладчыкі і навучэнцы пайшлі добраахвотнікамі на фронт, займаючы адказныя пасады кіраўнікоў палітаддзелаў вайсковых фарміраванняў. Астатнія папоўнілі шэрагі народнага апалчэння горада, беручы ўдзел у яго гераічнай абароне. У гады нямецкай акупацыі ў будынку палітыка-асветніцкай школы размяшчаўся ваенны шпіталь для савецкіх ваеннапалонных — удзельнікаў абароны горада. Тут жа была створана падпольная арганізацыя «Непакорныя» на чале з Ільёй Гаўрылавічам Гурыевым. Падпольшчыкі «спісвалі» параненых як памерлых, а затым адпраўлялі невялікімі групамі ў партызанскія атрады. Перадавалі партызанам зброю, патроны, медыкаменты, узрыўчатку, збіралі звесткі пра рух нямецкіх чыгуначных эшалонаў з войскамі, тэхнікай, боепрыпасамі[1].
Пасля вызвалення Беларусі ў адпаведнасці з Пастановай Савета Народных камісараў Беларускай ССР № 511 ад 26 жніўня 1944 года Магілёўская рэспубліканская палітыка-асветніцкая школа аднавіла сваю працу. Першым паваенным дырэктарам стаў А. Ф. Пархімовіч[1].
У 1946 годзе адбылася рэарганізацыя Магілёўскай рэспубліканскай палітыка-асветніцкай школы ў Магілёўскае рэспубліканскае культурна-асветніцкае вучылішча імя Н. К. Крупскай. У красавіку 1947 года дырэктарам Рэспубліканскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н. К. Крупскай прызначаны П. Конін (1947—1951)[1]. Заняткі праводзіліся ў вельмі цяжкіх умовах паваеннага часу. Навучальны корпус быў паўразбураны, адсутнічалі вокны і дзверы, дах пашкоджаны ад выбухаў. Памяшканне было халоднае, дрэнна ацяплялася. Выкарыстоўваліся печы-буржуйкі. Бракавала паперы, алоўкаў, чарніў, падручнікаў, а для заняткаў, акрамя таго, патрэбныя былі музычныя інструменты. Адсутнічала электрычнасць, займаліся пры газавых лямпах. Выкладчыкі разам з навучэнцамі самі аднаўлялі будынак, выкарыстоўвалі кавалкі фанеры, шкла, іржавую бляху, цэглу і бярвёны, якія збіралі на развалінах горада. Даводзілася нарыхтоўваць дровы, з’яжджаючы з горада на дзве-тры тыдні ў сумеднія Быхаўскі і Чавускі раёны. У будынку вучылішча на 1 і 2 паверхах жылі навучэнцы і выкладчыкі з сем’ямі[1].
У 1946—1947 навучальным годзе ў вучылішча быў створаны харавы калектыў, які налічваў 177 чалавек, у яго ўваходзілі як выкладчыкі, так і навучэнцы. Кіраваў хорам выкладчык музыкі і спеваў Савеніч[1].
Да 1960 года ў вучылішчы рыхтавалі спецыялістаў шырокага профіля — арганізатараў і метадыстаў клубнай працы, у 1960 годзе створаны спецыяльнасці «клубны работнік, кіраўнік самадзейнага харавога калектыва»; «клубны работнік, кіраўнік тэатральнага калектыва»; «клубны работнік, кіраўнік танцавальнага калектыва»[1].
У 1961—1983 гг. дырэктарам Рэспубліканскага культурна-асветніцкага вучылішча імя Н. К. Крупскай з’яўляўся Міхаіл Васільевіч Усікаў. У 1961 годзе быў праведзены капітальны рамонт будынка з рэканструкцыяй усяго навучальнага корпуса. З навучальных памяшканняў былі выкінуты інтэрнат для навучэнцаў і выселены работнікі вучылішча[1].
6 ліпеня 1976 года вучылішчу перададзена будынак па вуліцы Піянерскай, 24 (корпус № 2). У 1977 годзе пачаўся рамонт гэтага будынка. У 1971 годзе ўведзена чацвёртая спецыялізацыя — «Кіраўнік аркестра народных інструментаў». Навучэнцы авалодвалі тэхнікай аркестравага дырыжавання, ігрой на баяне, фартэпіяна, народных інструментах[1].
1980-я гады вучылішча ўзначальвалі Міхаіл Мікалаевіч Лошнец і Валерый Аляксандравіч Слукін. У 1981 годзе адкрылася пятая спецыялізацыя «Арганізатар культурна-асветніцкай работы». У 1983 годзе з балансу будаўнічага тэхнікума на баланс вучылішча перададзены тры інтэрнаты на 360 месцаў па вул. Піянерскай, 28; вул. Цыялкоўскага, 1; вул. Цыялкоўскага, 3. Інтэрнатам былі забяспечаны ўсе навучэнцы. У 1989 годзе ў Рэспубліканскім культурна-асветніцкім вучылішчы імя Н. К. Крупскай па ўзгадненні з упраўленнем культуры Магілёўскага аблвыканкама адкрылася новая спецыяльнасць «Мастак-афарміцель», тэрмін навучання складаў 3 гады[1].
31 студзеня 1990 года Рэспубліканскае культурна-асветніцкае вучылішча імя Н. К. Крупскай рэарганізавана ў Магілёўскае вучылішча культуры імя Н. К. Крупскай. З гэтага часу па 2001 год дырэктарам быў Аркадзь Ігнацьевіч Дарафееў. У 1991 годзе была адкрыта новая спецыяльнасць «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». У 1992—1993 навучальным годзе адкрыта мастацкае аддзяленне[1].
Рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ад 27.06.2001 № 14-18 навучальная ўстанова рэарганізавана ў Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча культуры імя Н. К. Крупскай. Дырэктарам стаў Алег Гур’евіч Ляднёў[1]. 3 2009 года сучасная назва[2].
1 верасня 2017 года да каледжа мастацтваў быў далучаны Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж імя А. С. Пушкіна.
1 ліпеня 2021 года да каледжа мастацтваў быў далучаны Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава[1].
Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае, на бюджэтнай і камерцыйнай аснове[2].
Спецыяльнасці
У 2013/14 спецыяльнасці[2]:
- народная творчасць;
- дызайн;
- дэкаратыўна-прыкладное мастацтва;
- харэаграфічнае мастацтва;
- мастацтва эстрады;
- акцёрскае мастацтва.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Учреждение образования «Могилевский государственный колледж искусств». История Архівавана 27 сакавіка 2022.
- 1 2 3 А. Г. Ляднёў. Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
Літаратура
- А. Г. Ляднёў. Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.
Спасылкі
moggki.by/ — афіцыйны сайт