Магілё́ўскія ручнікі́ — тып традыцыйных тканых ручнікоў. Былі распаўсюджаны ў вёсках Бабруйскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Магілёўскага, Хоцімскага і іншых раёнаў. Вядомы з XVIII стагоддзя. Узніклі пад уплывам мануфактурнага ткацтва. Вырабы з ільняной і баваўнянай пражы, даўжыня 300—450 см, шырыня 35—40 см, даўжыня арнаменту 30—80 см на кожным канцы. Тэхніка ткання магілёўскіх ручнікоў браная і закладная.
Мелі на канцах па 3-5 гарызантальных палос, аддзеленых адна ад адной гладка затканымі палоскамі, і аздабленне белымі (часам чырвонымі) карункамі з кутасамі. 3 аднаго краю ўздоўж усяго ручніка праходзіла суцэльная арнаментальная паласа, праз пэўныя прамежкі чаргаваліся вытканыя або вышытыя асобныя арнаментальныя матывы: чатырохвугольнік, ромб, крыжык, трохвугольнік, зорачка і інш. Кампазіцыйная структура магілёўскіх ручнікоў паслужыла асновай для вышываных ручнікоў, дзе арнаметальныя палосы, вышытыя крыжыкам, чаргаваліся з палосамі карункаў.
Літаратура
- Магілёўскія фрэскі // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі. — Т. 5. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0495-2.