Мабі́льная прагра́ма[1], таксама мабі́льная апліка́цыя[2][3][4] (англ.: mobile application, mobile app) — камп’ютарная праграма або праграмнае забеспячэнне, прызначанае для працы на мабільнай прыладзе, такой як тэлефон, планшэт ці гадзіннік. Мабільныя праграмы часта адрозніваюцца ад праграм для стацыянарных камп’ютараў і вэб-праграм, якія працуюць у мабільных вэб-браўзерах, а не непасрэдна на мабільнай прыладзе.
Спачатку мабільныя праграмы прызначаліся для праверкі электроннай пошты, работы з календаром і базай даных кантактаў, але высокі попыт на мабільныя праграмы прывёў да іх хуткага распаўсюджвання ў іншых галінах, такіх як мабільныя гульні, праца з GPS-навігацыяй, сувязь цераз мэсэнджэры, прагляд відэа і інш. Мабільныя праграмы звычайна спампоўваюць з крам мабільных праграм, якія ёсць разнавіднасцю платформ лічбавага распаўсюджвання.
Мабільныя праграмы дзеляцца на тры тыпы: родныя праграмы, гібрыдныя і вэб-праграмы. Родныя праграмы распрацаваны наўпрост для мабільнай аперацыйнай сістэмы, як правіла iOS або Android. Вэб-праграмы напісаны на HTML5 або CSS і звычайна запускаюцца праз браўзер. Гібрыдныя праграмы ствараюцца з выкарыстаннем вэб-тэхналогій, такіх як JavaScript, CSS і HTML5, і функцыянуюць як вэб-праграмы, замаскіраваныя ва ўласным кантэйнеры[5].
Беларускае паняцце
У беларускай мове варыянт «мабільная праграма» (або проста «праграма») прыняты ў акадэмічнай і прафесійнай перакладчыцкай супольнасці. Але, нягледзячы на гэта, пад уплывам суседніх моў (напрыклад рускай, дзе ўжываецца тэрмін «приложение», узятае з бухгалтарскай тэрміналогіі) ва ўжытку ў беларускай мове з’явіліся і іншыя кароткія формы, як «дадатак», «прыкладанне», «аплікацыя», «дастасаванне» і іншыя[6]. Такія формы не зафіксаваны слоўнікамі ў значэннях блізкіх да арыгінальнага англійскага, і не адлюстроўваюць поўны сэнс тэрмінаангл.: application software — праграмнага забеспячэння, створанага менавіта для карыстальніка, а не для фонавых сэрвісаў і функцыянавання камп’ютара.
Тым часам, з пункту гледжання акадэмічнага тэрміназнаўства і беларускай літаратурнай мовы паняцце «application software» трэба перакладаць як «прыкладное праграмнае забеспячэнне (ПЗ)» або як «прыкладная праграма». Кароткую форму паняцця «application» можна перакладаць як «прыкладная праграма» або проста «праграма».[7][8][9]
Зноскі
- ↑ The Microsoft Terminology Collection . microsoft.com.
- ↑ Беларуская аплікацыя для сэлфі Fabby атрымала інвестыцый на суму $2 млн . nashaniva.com (15 студзеня 2017).
- ↑ Рацыя. Мабільныя аплікацыі(недаступная спасылка). racyja.com. Архівавана з першакрыніцы 14 сакавіка 2023.
- ↑ Беларусы ствараюць мабільную аплікацыю MOVA — можна дапамагчы . novychas.online (18 студзеня 2020).
- ↑ Mobile Application Development . Amazon Web Services, Inc..
- ↑ У некаторых беларускіх перакладах праграм і сайтаў таксама сустракаецца варыянты дадатак, аплікацыя і дастасаванне. Паслугач не знойдзены, або Складанасці беларускамоўнай камп’ютарнай тэрміналогіі
- ↑ Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!) dev.by (Праверана 12 кастрычніка 2022)
- ↑ Свістунова, М. І. Некаторыя праблемы сучаснай беларускамоўнай ІТ-тэрміналогіі // 2018. Беларускае слова: тэрмін і вобраз. — Мінск: БДУ, 2018. Архівавана з першакрыніцы 13 кастрычніка 2022.
- ↑ Г. Арашонкава, А. Булыка, У. Люшцік, А. Падлужны. Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі (бел.). — Мінск: Беларуская навука, 1999. — ISBN 985-08-0317-7.