МАЗ-6317
Вытворца Мінскі аўтамабільны завод
Месца вытворчасці Мінск Сцяг Беларусі
Гады выпуску 1993–н.ч.
Колавая формула 6х6
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-6317 на Вікісховішчы

МАЗ-6317 — грузавы паўнапрывадны аўтамабіль падвышанай праходнасці з колавай формулай 6х6, які выпускаецца Мінскім аўтазаводам з 1993 года.

Аўтамабіль распрацаваны ў канцы 80-х гадоў па тэхнічным заданні Мінабароны СССР. Доследныя ўзоры прайшлі прыёмачныя выпрабаванні, але аўтамабіль не быў прыняты на ўзбраенне з-за палітычных падзей, якія прывялі да распаду СССР.

Мадыфікацыі

МАЗ-6317

  • МАЗ-6317 — армейскі бартавы паўнапрывадны аўтамабіль падвышанай праходнасці з колавай формулай 6х6.
  • МАЗ-63172 — армейскі бартавы грузавік, з павялічаным да 33,3 м³ аб'ёмам кузава.
  • МАЗ-63171 (МАЗ-631708-010) — цывільная (камерцыйная) мадыфікацыя аўтамабіля з двухскатнымі заднімі коламі. (Упешыню прадстаўлены ў 1994 годзе).

МАЗ-5316

МАЗ-5316 уяўляе сабой двухвосевы варыянт аўтамабіля (колавая формула 4х4). Прадстаўлены ў 1999 годзе.

МАЗ-6425

МАЗ-6425

Паўнапрывадны седлавы цягач з колавай формулай 6х6.

МАЗ-6517

Самазвал колавай формулы 6х6. З'явіўся ў мадэльным шэрагу ў 2009 годзе[1].

Грузападымальнасць складае 19 т, а поўная маса не перавышае 33,5 т. Аўтамабіль абсталяваны рухавіком ЯМЗ-238ДЕ2 (Е3) магутнасцю 330 к.с. і 9-ступеньчатай механічнай каробкай перадач ЯМЗ-239. Усталяваны кузаў аб'ёмам 10,5 м³[2].

МАЗ-65171 — мадыфікацыя з двухскатнымі заднімі коламі, МАЗ-651705 — з узмоцненай рамай і аднаскатнымі шынамі Бел-95 памеру 16,00R20.

МАЗ-6417

Лесавоз.

Канструкцыя

Апісанне

Гэта трохвосевы грузавік з усімі вядучымі коламі, грузападымальнасцю 11 т. Выкананы па схеме «кабіна над рухавіком».

Кабіна — цэльнаметалічная, закрытая, з двума спальнымі месцамі. Знешне "ваенная" мадыфікацыя адрозніваецца ад "цывільнай" лабавым шклом, якое складаецца з дзвюх паловак, а таксама круглымі фарамі ў бамперы замест прамавугольных.

Асноўным рухавіком служыць 330-моцны дызель сямейства ЯМЗ-238, хоць першапачаткова машыны абсталёўваліся Тутаеўскі маторамі магутнасцю да 425 к.с.

На аўтамабіле ўсталяваны сістэма цэнтралізаванай напампоўкі шын; лябёдка (цягавы высілак — 117,8 кН).

Тэхнічныя характарыстыкі

Мадыфікацыя: МАЗ-631705 МАЗ-6425 МАЗ-6517
Тып Бартавы Сед. цягач Самазвал
Колавая формула 6х6 6х6 6х6
Выпуск 1993-н.ч. ? 1994-н.ч.
Рухавік ЯМЗ-238ДЕ2 ЯМЗ-238ДЕ2 ЯМЗ-238ДЕ2
Магутнасць, кВт (к.с.) 243 (330) 243 (330) 243 (330)
Каробка перадач
(Колькасць перадач)
ЯМЗ-239 (9), 9JS135А (9) ЯМЗ-239 (9), 9JS135А (9) ЯМЗ-239 (9), 9JS135А (9)
Грузападымальнасць, кг 13100 11500[тэх. 1] 19000
Поўная маса, кг 25150 23550 33500
Дапушчальная поўная маса аўтацягніка, кг 45000 44000
  1. Дапушчальная нагрузка на сядло

Эксплуатацыя

У беларускай арміі

У снежні 1996 года Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь сумесна з Мінскім аўтамабільным заводам арганізавала завадскія выпрабаванні аўтамабіля. Іх вынікі паказалі, што МАЗ-6317 па сваіх канструктыўна-тэхналагічных і эксплуатацыйна-тэхнічных характарыстыках адказвае сучасным патрабаванням беларускай арміі і можа быць выкарыстаны для замены ў войсках аўтамабіляў «КрАЗ», «КАМАЗ» і «Урал». Выкарыстоўваецца не толькі ў якасці транспартнай машыны, але і для размяшчэння вайсковых спецкузаваў і абсталявання.

Хадавыя выпрабаванні выявілі магчымасць прымянення МАЗ-6317 для буксіроўкі артылерыйскіх гармат калібра 152-мм (2А65, 2А36 і Д20 або іх аналагаў). Пацверджана і магчымасць выкарыстання МАЗ-6317 для транспартавання ўзбраення зенітна-ракетных комплексаў С-200 і С-300, а таксама для размяшчэння на яго шасі пантонна-маставых паркаў.

МАЗ-6317 таксама выкарыстоўваецца ў якасці шасі для рэактыўнай устаноўкі залпавага агню «Град-1А» («БелГрад»). Ад звычайнага «Граду» на базе Урала, «БелГрад» прынцыпова адрозніваецца тым, што вязе на сабе адразу два боекамплекты замест аднаго.

Ва Украіне

Богдан-5316

На пачатку 2016 года карпарацыя "Багдан" заключыла пагадненне з Мінскім аўтамабільным заводам аб вытворчасці грузавікоў падвойнага прызначэння з беларускіх і ўкраінскіх камплектуючых. У межах дамовы пад уласным брэндам «Богдан» ажыццяўляецца выпуск мадэляў 5316, 6317, а таксама 6425[3][4].

Кіеўскай кампаніяй "Практыка" быў распрацаваны бронеаўтамабіль "Богдан-6317" прызначаны для перавозкі асабовага складу спецпадраздзяленняў Нацыянальнай гвардыі і МУС Украіны[5]. На аўтамабіль усталёўваюць спецыяльную бронекабіну і кунг з узроўнем абароны STANAG 1. Таксама асобна абараняюць паліўныя бакі, АКБ, балоны тармазной сістэмы і ступічныя элементы сістэмы падпампоўкі шын. Агульная вага брані і дадатковых элементаў складае 4,5 т. Сядзенні для байцоў маюць верхняе мацаванне і размешчаныя ўздоўж аўтамабіля, што дазваляе мінімізаваць траўмы пры падрывах на міне. Акрамя таго, дэсантны адсек абсталяваны перагаворнай прыладай, вентыляцыяй, абагравальнікам, падсветкай і стандартным наборам фільтраў для падобнай прадукцыі. Бронеаўтамабіль можа перавозіць каля 23 чалавек.

У іншых краінах

Азербайджан
МАЗ-6317 з беспілотнікамі Harop на парадзе ў Азербайджане, 2018 год

На парадзе ў Баку ў 2018 годзе паказваліся машыны з устаноўкай, якая магла ажыццяўляць запуск атакуючых беспілотнікаў ізраільскай вытворчасці Harop.

КНДР

Аб пастаўках ваенных грузавікоў у КНДР не паведамлялася, аднак МАЗ-6317 на падоўжаным шасі з аператыўна-тактычнымі ракетамі праходзілі падчас аднаго з ваенных парадаў у Пхеньяне. Меркавана, шасі былі дапрацаваныя непасрэдна ў Паўночнай Карэі.

Спорт

З 1996 па 2001 аўтамабілі ў складзе каманды «МАЗ-Яравіт» прымалі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

У 1997 годзе МАЗы-6317 прынялі ўдзел у міжнародным ралі-марафоне. Улетку 1998 года каманда «МАЗ-Яравіт» на дзвюх машынах прыняла ўдзел у Кубку Расіі па ралі-рэйдам «Дебри - 98». Больш у ралі-рэйдах МАЗы-6317 не ўдзельнічалі — cпартыўная каманда «МАЗ-Яравіт» засяродзілася толькі на трак-трыяле.

У лютым 1999 года на Адкрытым Кубку Расіі па трыяле МАЗы-6317 атрымалі сваю першую перамогу. Гэты поспех стаў вырашальным аргументам на карысць удзелу ў Еўратрыяле'99. Тады ў агульным заліку чэмпіянату Еўропы па трак-трыяле ў катэгорыі S4 экіпаж Пётр Орсік / Дзмітрый Кніга набраў 33 ачкі і заняў 9-е месца.

У 2000 годзе экіпаж Пётр Орсік / Зміцер Кніга стаў пераможцам чэмпіянату Еўропы. У 2001-м экіпаж паўтарыў сваё дасягненне[6].

Зноскі

Літаратура

У сеціве

Гл. таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.