МАЗ-541 | |
---|---|
Вытворца | МАЗ |
Месца вытворчасці | Мінск, БССР |
Вонкавыя выявы | |
---|---|
МАЗ-541 | |
Буксіроўка Ту-144 | |
МАЗ-541 — савецкі аэрадромны цягач вытворчасці Мінскага аўтамабільнага завода. Усяго было выраблена тры аўтамабілі[1].
Гісторыя
Са з’яўленнем у савецкай авіяцыі новых лайнераў Ту-104 і Ту-114 узнікла патрэба ў іх буксіроўцы на лётным полі. Для гэтых мэтаў першапачаткова сталі выкарыстоўваць вайсковыя цягачы МАЗ-535.
Аднак вялікая вышыня гэтага грузавіка запатрабавала падаўжэння буксіровачнай штангі, што вельмі пагаршала манеўранасць счэпкі. Цягач часта даводзілася перачэпліваць то перадам, то задам. Такія дадатковыя манеўры стваралі на аэрадроме небяспечную абстаноўку і зацягвалі працэс перамяшчэння самалёта.
Распрацоўка новага цягача пачалася ў 1956 годзе на Мінскім аўтазаводзе. Патрабавалася, каб цягач змог забяспечыць буксіроўку самалётаў, узлётная маса якіх не перавышала 85 тон.
Канструкцыя
МАЗ-541 спраектавалі як мага ніжэй, каб дазволіць яму ўшчыльную пад’язджаць да пярэдняй стойцы шасі, не чапляючы фюзеляж. Цягач абсталявалі двума пастамі кіравання, якія размясцілі ў кабіне па дыяганалі, што дазваляла кіроўцу з высокай дакладнасцю падаваць машыну да счэпнай прылады заднім ходам. Узяўшы самалёт на буксір, аператар проста перасаджваўся з аднаго месца на іншае і ўжо пярэднім ходам пачынаў рух.
Цягач меў поўны прывад. Пярэднія і заднія колы гэтага аўтамабіля былі рознага дыяметра: спераду — ад грузавіка ЯАЗ-214, заднія спаркі — ад кар’ернага самазвала МАЗ-525, што дазволіла дасягнуць найбольшага счаплення з бетонным пакрыццём аэрадрома. Для гэтага ж маса аўтамабіля была даведзена да 28 тон.
Сілавым агрэгатам з’яўляўся дызельны рухавік Д-12. Выдатак паліва складаў каля 45 літраў на гадзіну, што ў пераліку адпавядала 130 літрам на 100 км.
Эксплуатацыя
Міністэрствам авіяцыйнай прамысловасці было замоўлена трынаццаць цягачоў. У канцы 1950-х гадоў у вопытную эксплуатацыю былі перададзеныя тры машыны, якія прапрацавалі да 1970 года.
Аднак з далейшым павелічэннем масы новых мадэляў самалётаў МАЗ-541 перастаў задавальняць патрабаванням аэрадромных службаў. Ад зборкі раней замоўленых дзесяці машын вырашана было адмовіцца. У далейшым да спецыяльных аэрадромных цягачоў вярнуліся ўжо на БелАЗ у сярэдзіне 1970-х гадоў.
Крыніцы
- ↑ Шугуров Л. М. Автомобили России и СССР. — Т. 2. — М.: ИЛБИ, «Прогресс», 1994. — С. 120—121.