МАЗ-516 | ||||||
---|---|---|---|---|---|---|
Вытворца | МАЗ | |||||
Месца вытворчасці | Мінск, БССР | |||||
Гады выпуску | 1969—1980 | |||||
Храналогія | ||||||
|
МАЗ-516 — савецкі буйнатанажны грузавы аўтамабіль, які выпускаўся на Мінскім аўтамабільным заводзе. Створаны на базе МАЗ-500 як мадыфікацыя з пад’ёмнай трэцяй воссю (колавая формула — 6х2). Выпускаўся невялікімі партыямі ў 1969—1980 гады.
Гісторыя
Ідэя стварэння гэтай мадыфікацыі ўзнікла пасля паездкі галоўнага канструктара МАЗ М. С. Высоцкага ў Фінляндыю. У гэтай краіне дзейнічала абмежаванне восевых нагрузак (8 т), якому МАЗ-500 не адпавядаў. Каб павысіць эфектыўнасць выкарыстання машын, грузавік абсталявалі трэцяй невядучай воссю, якую падчас руху паражняком можна было б падняць з дапамогай пнеўмагідраўлічнага прывада. Такая машына атрымала абазначэнне МАЗ-516 і стала першай трохвосевай мадыфікацыяй у сямействе МАЗ-500[1].
Выпуск пачалі ў 1969 годзе[2]. Выпушчана 65 асобнікаў МАЗ-516[1]. У чэрвені 1973 года былі выраблены першыя машыны мадэрнізаванай версіі МАЗ-516Б, якая адрознівалася больш магутным рухавіком і большай на 1,5 тоны грузападымальнасцю[3]. Было выпушчана 1111 машын МАЗ-516Б[1].
Канструкцыя
Па большай частцы вузлоў МАЗ-516 уніфікаваны з базавай мадэллю сямейства — МАЗ-500. Асноўныя адрозненні — даўжэйшыя рама і грузавая платформа, іншая задняя падвеска і дадатковая вось з гідраўлічным прывадам падымання. Гэтая вось узята ад паўпрычэпа МАЗ-5232В[2]. Яна прадстаўляе сабой бэльку з трубы з прываранымі рысорнымі пляцоўкамі і тармазнымі супартамі. Для вывешвання служыць гідраўлічная прылада з прывадам ад помпы гідраўзмацняльніка рулявога кіравання і механічным захватам, які фіксуе вось у вывешаным становішчы. Кіраванне механізмам ажыццяўляецца з дапамогай пнеўмакрана, які размешчаны ў кабіне на шчытку прыбораў. Каб апусціць вось, ручка крана паварочваецца налева. Калі трэба падняць вось — направа.
Таксама МАЗ-516 мае дадатковы паліўны бак.
Тэхнічныя характарыстыкі
МАЗ-516[4] | МАЗ-516Б[5] | ||
---|---|---|---|
Грузападымальнасць, кг | 14000 | 14500 | |
Маса без нагрузкі, кг | 8800 | 9050 | |
Размеркаванне падрыхтаванай масы па восях, кг | на пярэднюю вось | 3600 | 3850 |
на заднюю цялежку | 5200 | ||
Дапушчальная маса аўтамабіля, кг | 23525 | 23700 | |
Размеркаванне поўнай масы па восях, кг | на пярэднюю вось | 5525 | 5700 |
на заднюю цялежку | 18000 | ||
Кабіна | трохмесная, суцэльнаметалічная | ||
Кузаў | металічная платформа з драўлянай падлогай | ||
Рухавік | ЯМЗ-236, дызельны, чатырохтактны, шасціцыліндравы, V-падобны | ЯМЗ-238, дызельны, чатырохтактны, васьміцыліндравы, V-падобны | |
Аб’ём, л | 11,15 | 14,86 | |
Магутнасць | 180 к.с. пры 2100 аб/хв | 240 к.с. пры 2100 аб/хв | |
Максімальны круцільны момант | 666,8 Нм пры 1500 аб/хв | 882,6 Нм пры 1500 аб/хв | |
Каробка перадач | механічная, 5-ступеньчатая | ||
Перадатачныя лікі | I – 6,17; II – 3,40; III – 1,79; IV – 1,00; V – 0,73; задні ход – 6,43 | I – 5,26; II – 2,90; III – 1,52; IV – 1,00; V – 0,65; задні ход – 5,48 | |
Галоўная перадача | цэнтральная, адзінарная, з планетарнымі рэдуктарамі ў колах. Перадатачны лік: 7,24 | ||
Счапленне | двухдыскавае, сухое | ||
Тармазы | нажны | барабанны, на ўсе колы, з пнеўматычным прывадам | |
ручны | барабанны, размешчаны на фланцы вядучай шасцярні вядучага моста, з механічным прывадам | ||
Рулявы механізм | тыпу «шруба-гайка», з гідраўзмацняльнікам | ||
Падвеска | пярэдняя | на дзвюх падоўжных паўэлептычных рысорах, з гідраўлічнымі тэлескапічнымі амартызатарамі двухбаковага дзеяння | |
задняя | балансірная, на чатырох падоўжных паўэлептычных рысорах | ||
Шыны | 11,00-20 | ||
Максімальная хуткасць, км/г | 85 | ||
Запас паліва | два бакі 200 л і 100 л | 350 л | |
Расход паліва, л/100 км | 30 | ||
Крыніцы
- 1 2 3 Канунников, Шелепенков 2018, с. 425.
- 1 2 А. Шаповалов, И. Демидович Растёт семейство МАЗов(руск.) // За рулём : часопіс. — 1969. — № 8. — С. 2—3.
- ↑ Грузовики с маркой "МАЗ"(руск.) // За рулём : часопіс. — 1973. — № 11. — С. 19—20.
- ↑ Автомобиль МАЗ-516 (6х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 6-е изд. — М.: Транспорт, 1972. — С. 133—136. — 512 с.
- ↑ Автомобили МАЗ-500А (4х2) и МАЗ-516Б (6х2) // Краткий автомобильный справочник НИИАТ (руск.). — 9-е изд. — М.: Транспорт, 1982. — С. 154—157. — 464 с.
Літаратура
- А. Шаповалов, И. Демидович МАЗ-516 и гидравлика(руск.) // За рулём : часопіс. — 1969. — № 11. — С. 17.
- С. Канунников, М. Шелепенков. Отечественные грузовые автомобили 1900—2000 гг.. — М.: За рулём, 2018. — 768 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх