МАЗ-303
Вытворца Мінскі аўтамабільны завод
Месца вытворчасці Мінск, Сцяг Беларусі Беларусь
Гады выпуску 2021—ц.ч.[1]
Тып гарадскі
Клас вялікі
Габарыты
Даўжыня, мм 12430
Шырыня, мм 2550
Вышыня, мм 3100
Колавая база, мм 6150
Умяшчальнасць
Месцаў для сядзення 26—39
Намінальная ўмяшчальнасць (5 чал/м²) 95—110
Храналогія
МАЗ-203
Фотагалерэя на Wikimedia Commons МАЗ-303 на Вікісховішчы

МАЗ-303 — нізкападлогавы аўтобус Мінскага аўтамабільнага завода.

Гісторыя

Прэзентацыя аўтобуса трэцяга пакалення адбылася 9 жніўня 2019 года. Першай дэбютавала мадыфікацыя МАЗ-303266, у чэрвені 2020 года была паказана больш простая версія МАЗ-303065[2]. 5 мая 2020 года быў паказаны электробус МАЗ-303Е10[3].

У лістападзе 2020 года МАЗ-303 атрымалі адабрэнне тыпа транспартнага сродку[4].

У маі 2022 года ў Санкт-Пецярбургу (Расія) быў прэзентаваны электробус МАЗ-303E20[5].

Апісанне

Кузаў і салон

Даўжыня — 12,43 м, шырыня — 2,55 м, вышыня — 3,1 м. Каркас зроблены з нержавеючай сталі. Пярэдняя і задняя часткі вонкавай абліцоўкі зробленыя з пластыка, а бакавыя панэлі выраблены з алюмінія. Ветравая шыба — суцэльная. Вышыня падножкі — 32 сантыметра. Для людзей на калясках усталяваная высоўная платформа з электрапрывадам. Для яе актывацыі каля сярэдніх дзвярэй, а таксама ў салоне прадугледжаны спецыяльныя кнопкі, якія інфармуюць вадзіцеля аб пасажыры з абмежаванымі магчымасцямі ці пра пасажыра з дзіцячай калыскай.

Салон змяшчае да 110 пасажыраў у залежнасці ад камплектацыі. Гарадскія мадыфікацыі адрозніваюцца наяўнасцю трох пасажырскіх дзвярэй і кампаноўкай салона, у якім можа быць устаноўлена ад 26 да 31 месца для сядзення (агульная пасажыраўмяшчальнасць — ад 88 да 101 чалавека ў залежнасці ад варыяцыі). У прыгарадных мадыфікацый толькі двое пасажырскіх дзвярэй і больш месцаў для сядзення (ад 32 да 34). Магчымы варыянт кампаноўкі з 16 сядзеннямі на нізкай падлозе. Можна замовіць стандартныя парныя, альбо больш шырокія паўтарачныя сядзенні. На выбар прапанаваны тры варыянты кабіны, якая можа быць цалкам або часткова аддзеленая ад салона.

На ўсіх шэрагах маюцца USB-порты для зарадкі смартфонаў і планшэтаў.

За клімат у салоне адказваюць пяць ацяпляльнікаў і кандыцыянер, які можа працаваць як на астуджэнне, так і на абаграванне.

Рухавікі

Рухавік Mercedes-Benz OM926LA.V/4 Mercedes-Benz OM936LA.6-8
Тып шасціцыліндравы, радны
Экалагічны стандарт Еўра-5 Еўра-6
Аб’ём, л 7,2 7,7
Магутнасць, к.с. 285 300
Макс. круцільны момант, Н·м 1120 1200

Трансмісія

Аўтобусы МАЗ-303 абсталёўваюцца гідрамеханічнай трансмісіяй і аўтаматычнай 6-ступеньчатай каробкай перадач ZF 6AP1200B, а таксама партальным заднім мостам ZF AV 133/83 з двайной перадачай.

Хадавая частка

Прадугледжаны два варыянты пярэдняй падвескі. Залежная пярэдняя падвеска — пнеўматычная, на двух балонах, з каванай бэлькай, двума падоўжнымі рэактыўнымі штангамі і дзвюма ўсталяванымі V-падобна штангамі, з двума тэлескапічнымі амартызатарамі, з адным датчыкам узроўню падлогі. Незалежная падвеска — пнеўматычная, на двух балонах, з двума амартызатарамі і чатырма А-падобнымі рычагамі, з двума датчыкамі ўзроўню падлогі. Задняя падвеска — залежная, пнеўматычная, на чатырох балонах.

Тармазная сістэма — пнеўматычная, пры ўздыме на горку спрацоўвае сістэма дапамогі кіроўцу.

Колавыя дыскі — сталёвыя альбо алюмініевыя. Шыны — 275/70 R22,5.

Мадыфікацыі

У мадэльным шэрагу аўтобусаў трэцяга пакалення 4 гарадскія («303065», «303066», «303265», «303266») і 4 прыгарадныя мадыфікацыі («303165», «303166», «303365», «303366»). Гарадскія мадыфікацыі маюць цотную лічбу на чацвёртай пазіцыі індэкса, прыгарадныя — няцотную. Варыянт выканання пярэдняй падвескі ў індэксе таксама зашыфраваны ў чацвёртай лічбе: з залежнай падвескай — «0» і «1», незалежнай — «2» і «3». Экалагічны стандарт Еўра-5/Еўра-6 адлюстраваны адпаведнай апошняй лічбай індэкса[4].

МАЗ-303Е10

МАЗ-303Е10 — электробус. Электрарухавік — ZF CeTrax: магутнасць — 200 кВт, круцільны момант — 2170 Н·м, напружанне — 650 В, разліковае спажыванне электраэнергіі — 0,8 кВт·г/км. Літый-жалеза-фасфатныя батарэі размешчаныя на даху і ў маторнай шахце. Разліковы запас ходу 300 км. Батарэі зараджаюцца ад аўтаномнага трансфарматара (380 В) або на станцыях з раздымам CCS2 Combo.

Электробус МАЗ-303E20 адрозніваецца батарэямі іншага тыпу: мае літый-нікель-марганец-кобальтавыя (Li-NMC) акумулятары. Знешне гэтая версія адрозніваецца ад 303Е10 большым па памерах электраабсталяваннем на даху. Была павялічана колькасць батарэй, дзякуючы гэтаму іх агульная ёмістасць вырасла да 400 кВт·г. З-за большай вагі акумулятараў намінальная пасажыраўмяшчальнасць паменшылася з 90 да 80 пасажыраў, колькасць месцаў для сядзення пры гэтым не змянілася — 30[5].

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.