Літургі́я гадзі́н (лац.: Liturgia horarum) — у Рымска-каталіцкай царкве (лацінскім абрадзе) — агульная назва набажэнстваў, якія павінны здзяйсняцца на працягу дня (за выключэннем імшы); таксама кніга, што змяшчае гэтыя набажэнствы. Назва «літургія гадзін» зацвердзілася ў ходзе літургічнай рэформы пасля Другога Ватыканскага сабору. Да гэтага часу на працягу стагоддзяў набажэнства сутачнага цыклу называлася officium divinum, адкуль пайшоў тэрмін «афіцый». Кніга, па якой служылася літургія гадзін, называлася брэвіярыем (breviarium). Тэрміны «брэвіярый» і «афіцый» да сёння ўжываюцца нароўні з тэрмінам «літургія гадзін».
Паасобныя тэксты літургіі гадзін называюцца гадзінамі, а таксама ўласнымі назвамі, напрыклад, «ютрань», «нешпары».
Згодна з motu proprio Папы Бэнэдыкта XVI «Summorum Pontificum» (7 ліпеня 2007 года) зноў можа выкарыстоўвацца Брэвіярый, выдадзены па рашэнні Трыдэнцкага сабору і апошні раз перавыдадзены (з некаторымі зменамі) Папам Янам XXIII. Такім чынам, існуе дзве формы кананічных гадзін: так званая ардынарная форма, у якой набажэнствы служацца па кнігах, выдадзеных па рашэнні Другога Ватыканскага сабору, і экстраардынарная, якая служыцца па старой версіі кніг.
Паходжанне
Практыка чытання гадзін бярэ пачатак ад габрэйскага звычаю чытаць малітвы ў вызначаныя гадзіны часу, напрыклад, у кнізе Дзеянняў Апосталаў Пётр і Ян прыйшлі ў святыню «ў дзевятую гадзіну малітвы» (Дз 3:1). Псальм (Пс 118:164) таксама кажа: «Сямікротна ў дзень слаўлю Цябе за суды праўды Тваёй».
У хрысціянскай царкве з цягам часу сфармаваліся наступныя малітоўныя гадзіны:
- (уначы) Ютрань (лац. Matutinum ці Matutinae; у візантыйскім абрадзе — ὄρθρος)
- (на світанні) Хвалы (лац. Laudes)
- (прыблізна 6 раніцы) Першая гадзіна (лац. Prima)
- (прыблізна 9 раніцы) Трэцяя гадзіна (лац. Tertia)
- (апоўдні) Шостая гадзіна (лац. Sexta)
- (прыблізна 3 дня) Дзевятая (лац. Nona)
- (на заходзе) Нешпары (лац. Vesperae)
- (перад сном) Камплета (лац. Completorium)
Структура гадзін ва Усходняй і Заходняй цэрквах адрозніваецца. Аснову гадзін складаюць псальмы, аднак ва ўсходнім абрадзе для кожнай гадзіны вызначаны свой уласны склад псальмаў, які не змяняецца, а для адрознення аднаго ад другога служаць тэксты царкоўных аўтараў (гімнаграфія: трапары, сціхіры, каноны). Выключэннем з'яўляюцца кафізмы — вялікія раздзелы Псалтыра, паслядоўна чытаныя на нешпарах і ютрані, а ў Вялікім посце — і на малых гадзінах, так што поўны цыкл Псалтыра прачытваецца, як і ў традыцыйным рымскім абрадзе, за тыдзень (у Вялікім посце — двойчы за тыдзень). У заходняй літургіі гадзін асноўны сэнс нясуць менавіта псальмы і некаторыя біблійныя спевы (кантыкі). Яны размяркоўваюцца па тэкстах гадзін з тым разлікам, каб а) за пэўны перыяд прачытваўся цэлы Псалтыр; б) тэкст псальма па магчымасці адпавядаў таму дню і часу, калі ён чытаецца. У святочныя дні склад псальмаў асаблівы, падабраны з улікам сэнсу свята. Кожны псальм заканчваецца словамі «Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому, як была спрадвеку, цяпер і заўсёды і на вякі вечныя. Амэн» (гэтую практыку ўвёў Папа Дамас у IV стагоддзі). У пачатку і пад канец псальма спяваюцца антыфоны, якія звязваюць псальм з сэнсам бягучага дня ці свята. З твораў перыяду святых айцоў і больш позніх аўтараў можна адзначыць гімн, які спяваецца напачатку гадзіны.
Гісторыя
Юдэі і раннія хрысціяне
Як было адзначана вышэй, літургічныя гадзіны пайшлі ад юдэйскай малітоўнай практыкі. У Старым запавеце Бог наказаў ізраэлітам складаць ахвяры раніцай і вечарам (Зых. 29, 39). З цягам часу складанне гэтых ахвяраў перайшло ў збудаваную Саламонам Ерусалімскую святыню. Падчас Вавілонскага выгнання, калі юдэі не маглі прыносіць ахвяры ў святыні, сталі з'яўляцца першыя сінагогі, дзе ў вызначаныя поры дня здзяйснялі службы, на якіх чыталася Тора і спяваліся псальмы і гімны. «Ахвяра хвалы» пачала замяняць крывавыя ахвяры.
Пасля вяртання народа ў Юдэю малітоўныя службы былі далучаныя да набажэнстваў у святыні. Паступова юдэі пачалі рассейвацца па ўсім грэка-рымскім свеце, паклаўшы пачатак габрэйскай дыяспары. У часы Рымскай імперыі юдэі, а пазней і раннія хрысціяне, пачалі наследаваць рымскі распарадак дня з выдзяленнем перыядаў для малітвы. У гарадах Рымскай імперыі ўдар звана на форуме каля 6 гадзіны раніцы абвяшчаў пачатак працоўнага дня (prima, першая гадзіна), затым звон біў зноў у дзевяць раніцы (tertia, трэцяя гадзіна), апоўдні ён абвяшчаў перапынак на абед (sexta, шостая гадзіна), а ў тры гадзіны пасля поўдня зноў склікаў людзей на працу (nona, дзевятая гадзіна), і нарэшце, аб'яўляў аб заканчэнні працы ў шэсць гадзін вечара.
Калі хрысціяне пачалі аддзяляцца ад юдэяў, практыка малітвы ў фіксаваны час захавалася. Першы цуд апосталаў — ацаленне кульгавага на прыступках святыні — адбыўся, калі Пётр і Ян ішлі ў святыню на малітву. Таксама адзін з вырашальных момантаў у гісторыі Царквы, рашэнне пра далучэнне паганаў да супольнасці веруючых, адбылося пасля аб'яўлення апосталу Пятру, які памаліўся апоўдні (Дз 10, 9—49).
Ранняя Царква выкарыстоўвала псальмы для малітвы (Дз 4, 23—30). Гэтыя псальмы і па сённяшні дзень захаваліся ў складзе літургічных гадзін ва ўсіх хрысціянаў. Дзідахе, самы ранні са знойдзеных хрысціянскіх рукапісаў, рэкамендуе вучням чытаць малітву Пана тры разы на дзень, што таксама знайшло адбітак у гадзінах.
У другім і трэцім стагоддзях такія айцы Царквы, як Клімент Александрыйскі, Арыген і Тэртуліян, пішуць аб практыцы ранішняй і вечаровай малітвы, а таксама пра малітву трэцяй, шостай і дзевятай гадзіны. Гэтыя малітвы здзяйсняліся індывідуальна ці ў сабранні веруючых. У трэцім стагоддзі ўзнікла практыка бесперарыўнай малітвы, калі айцы-пустэльнікі, паслухмяныя запаведзі апостала Паўла (1 Тэс, 5, 17), дзяліліся на групы і маліліся па чарзе на працягу сутак.
Да Трыдэнцкага сабору
Па меры развіцця практыкі бесперарыўнай малітвы ў манаскіх супольнасцях Усходу і Захаду даўжыня малітваў павялічвалася, пры гэтым прывязка малітваў да вызначаных гадзін дня стала практычна нормай у штодзённым жыцці кляштараў. Да чацвёртага стагоддзя літургічныя тэксты, у асноўным, набылі свой сучасны выгляд. Для дыяцэзіяльных святароў і свецкіх малітвы гадзін былі па неабходнасці значна карацейшыя. У шматлікіх храмах і базіліках, дзе аснову кліра складалі манахі, гэтыя гадзіны ўяўлялі сабою сумесь свецкай і манаскай практыкі.
Значны ўплыў на фарміраванне гадзін у Заходняй Царкве аказаў св. Бэнэдыкт Нурсійскі, які ў сачыненні Правілы выклаў паслядоўнасць гадзін, якую ён назваў Opus Dei. Малітоўны распарадак бэнэдыктынцаў будаваўся ў адпаведнасці з гэтымі правіламі. Апоўначы служылася гадзіна matutinum, або horae matutinae, затым ішла ранішняя служба laudes (3 гадзіны ночы). Да з'яўлення ў XIV стагоддзі воскавых свечаў службы адбываліся ў цемры ці пры мінімальным асвятленні; манахі павінны былі ведаць тэксты на памяць. Затым манахі на некаторы час сыходзілі, каб паспаць, а ў 6 гадзін зноў ішлі на службу першай гадзіны (prima). Затым магла быць прыватная імша, альбо духоўнае чытанне, альбо праца да 9 раніцы, калі адбывалася служба трэцяй гадзіны (tertia), а затым урачыстая імша. Апоўдні ўсе збіраліся на малітву шостай гадзіны (sexta) і абед, пасля чаго быў адпачынак да службы дзевятай гадзіны (nona) ў 15:00. Затым манахі былі занятыя працай да заходу Сонца, калі адбываліся нешпары (vesperae), а пасля, перад сном, — камплета (completorium). Пасля камплеты манахі ішлі спаць, каб апоўначы распачаць новы цыкл.
Паступова служба пачала набываць ўсё большае значэнне ў жыцці Царквы, і яе парадак ускладняўся. Хутка з'явілася патрэба ў наяўнасці розных кніг, напрыклад, Псалтыра для чытання псальмаў, Бібліі для біблійных урыўкаў, зборнікаў гімнаў для спеваў і г. д. Для карысці тых, хто працаваў у аддаленых парафіях, і тых, хто мусіў шмат пераязджаць з месца на месца, неабходныя тэксты былі сабраныя ў адну кнігу — брэвіярый (ад лац. brevis — кароткі). Тэксты брэвіярыеў дасягнулі Рыма, дзе Папа Інакенцій III распаўсюдзіў іх выкарыстанне на Рымскую курыю. Францысканцы адаптавалі гэты Breviarium Curiae для патрэбаў сваіх падарожных братоў, узяўшы за аснову галіканскі тэкст псалтыра. Брэвіярый францысканцаў распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папа Мікалай III зацвердзіў брэвіярый для выкарыстання ва ўсіх базіліках.
Трыдэнцкі сабор
Трыдэнцкі сабор, які пачаўся ў 1545 годзе, аб'явіў Рымскі брэвіярый адзінай кнігай набажэнстваў для ўсёй Каталіцкай царквы. Ён пацвердзіў абавязак святароў штодзённа чытаць гадзіны дома ці ў святыні. Далейшыя папраўкі ў брэвіярый былі пакінутыя пад уладай папы, бо сабор не меў часу, каб завяршыць рэформу брэвіярыя.
Перыядычныя перагляды брэвіярыя праводзіліся некалькімі папамі. Першы такі перагляд здзейсніў св. Пій V у 1568 годзе. Праводзілі таксама рэвізіі Папы Сікст V, Клімент VIII, Урбан VIII, Клімент XI і іншыя. Значныя змены падчас свайго пантыфікату ўнёс св. Пій X. Ён аднавіў практыку чытання ўсіх 150 псальмаў за тыдзень, а з паслядоўнасці гадзін былі выдаленыя шматлікія паўторы. Папа Пій XII таксама пачаў рэформу брэвіярыя, дазволіўшы выкарыстоўваць новы пераклад пальмаў і стварыўшы спецыяльную камісію для працы над пераглядам брэвіярыя. У 1955 годзе было праведзенае апытанне каталіцкіх біскупаў наконт рэформы брэвіярыя, і Папа Ян XXIII выдаў указанні па яго пераглядзе, што адкрыла шлях да рэформаў II Ватыканскага сабору.
Другі Ватыканскі сабор
Другі Ватыканскі сабор патрабаваў:
- Скасаваць першую гадзіну;
- Вярнуцца да першапачатковых тэкстаў гімнаў;
- Аднавіць просьбы, якія рэдка чыталіся ў дасаборнай практыцы;
- Павялічыць перыяд прачытання Псалтыра.
Пасля рашэнняў Другога Ватыканскага сабору камісія па ажыццяўленні рэформы спрасціла цэлебрацыю літургіі гадзін, стараючыся зрабіць яе больш даступнай для свецкіх і аднавіць яе як малітву ўсёй Царквы. Першая гадзіна была скасаваная, а Ютрань (Matutinum) змененая такім чынам, каб магла здзяйсняцца ў кожную пару дня. Перыяд прачытання Псалтыра быў павялічаны з аднаго да чатырох тыдняў (для кантэмпляцыйных ордэнаў — да двух). Акрамя таго камісія зрабіла мноства іншых зменаў, не санкцыянаваных наўпрост саборам (уніфікацыя структуры гадзін па прыкладзе малых гадзін, увядзенне вялікай колькасці гімнаў, складзеных пасля сабору, выкрэсленне некаторых вершаў і выдаленне цэлых псальмаў, увядзенне новых просьбаў замест аднаўлення старых). Ад духоўных асобаў кананічнае права, як і раней, патрабуе штодзённай цэлебрацыі ўсёй літургіі гадзін, у кляштарах і інышх рэлігійных супольнасцях практыка рэгулюецца ўласнымі нормамі. Другі Ватыканскі сабор заклікаў да ўдзелу ў малітве і свецкіх, у выніку чаго свецкія таксама пачалі штодзённа чытаць прынамсі некаторыя гадзіны. Сабор таксама заахвоціў супольнае чытанне гадзін.
Сучасная практыка
Выданні
Літургія гадзін зазвычай выдаецца ў чатырох кнігах, паводле перыядаў літургічнага году (I — Адвэнт і перыяд Нараджэння Пана, II — Вялікі пост і Велікодны перыяд, III і IV — звычайны перыяд).
У 2000 годзе выйшла апошняе афіцыйнае чатырохтомнае выданне літургіі гадзін на лацінскай мове. Але тэксты могуць выдавацца ў рознай форме. Напрыклад, у Велікабрытаніі і Ірландыі літургія гадзін выдадзеная ў выглядзе трох тамоў: «Адвэнт, Нараджэнне Пана, Звычайны перыяд 1—9 тыдні», «Вялікі пост і Велікодны перыяд», «Звычайны перыяд 6—34 тыдні». У Расіі літургія гадзін выдадзеная ў двух тамах, адзін з якіх утрымлівае чытанні для гадзіны чытанняў, а іншы — усе астатнія тэксты. Існуе таксама больш кароткі аднатомны варыянт, дзе адсутнічае гадзіна чытанняў і значна скарочана паслядоўнасць святых.
Па стане на 2015 год у Беларусі выдадзеныя два першыя томы чатырохтомнай літургіі гадзін на беларускай мове[1][2].
Склад
Літургія гадзін складаецца з наступных частак:
- Заклік (Invitatiorum). Кароткая служба, якая не служыцца асобна, а папярэджвае тую, якая служыцца першай (гадзіну чытанняў ці ютрань).
- Гадзіна чытанняў (Officium lectionis). Заснаваная на былой ютрані (Matutinum), аднак не мае прывязкі да пары дня і можа служыцца ў любы час.
- Ютрань (Laudes matutinae). Адна з двух асноўных гадзін (разам з нешпарамі). Служыцца раніцай.
- Дзённая гадзіна. Адносіцца да малых гадзін. У залежнасці ад часу можа адпавядаць трэцяй, шостай ці дзевятай гадзіне. Пры гэтым змяняецца толькі гімн, а псальмы застаюцца тымі самымі.
- Нешпары (Vesperae). Адна з двух асноўных гадзін (разам з ютранню). Служыцца ўвечары.
- Камплета (Completorium). Служыцца перад сном.
Структура гадзін
Гадзіны можна падзяліць на вялікія (ютрань і нешпары) і малыя.
Вялікія гадзіны
- Гімн, складзены Царквой
- Два псальмы, або адзін, падзелены на дзве часткі, і адзін спеў з Пісання (раніцай са Старога запавету, а вечарам — з Новага)
- Кароткае чытанне з Пісання (Lectio brevis)
- Рэспансорый (верш з Пісання ці царкоўная паэзія)
- Евангельскі спеў: раніцай — спеў Захарыі (Benedictus), вечарам — спеў Марыі (Magnificat)
- Складзеныя Царквой просьбы (Preces)
- Ойча наш
- Заключная малітва (зазвычай яна супадае з калектай з імшы дня)
- Благаслаўленне святара ці дыякана; пры іх адсутнасці — кароткі заключны верш.
Малыя гадзіны
- Гімн
- Тры кароткія псальмы, або адзін, падзелены на тры часткі
- Кароткае чытанне з Пісання і рэспансорый
- Заключная малітва
- Кароткі заключны верш
Гадзіна чытанняў мае больш пашыраны фармат
- Гімн
- Тры псальмы, або адзін-два псальмы, падзеленыя на тры часткі
- Даўжэйшае чытанне з Пісання (звычайна гэтыя чытанні бяруцца з адной біблійнай кнігі і чытаюцца бесперарыўна)
- Даўжэйшае чытанне з жыцця святога (агіяграфічнае) або чытанне з сачыненняў святых
- Перад нядзельнымі і святочнымі днямі гадзіна чытанняў можа быць пашыраная да фармату вігіліі. У гэтай сітуацыі да гадзіны дадаюцца яшчэ тры спевы са Старога запавету і Евангелле
- Гімн Te Deum (нядзелі і святы, акрамя Вялікага посту)
- Заключная малітва
- Кароткі заключны верш
Камплета мае характар падрыхтоўкі душы да пераходу ў вечнасць
- Рахунак сумлення (напрыклад, чытанне Confiteor)
- Гімн
- Псальм, або два кароткіх псальма
- Кароткае чытанне з Пісання
- Рэспансорый «У рукі Твае, Пане, аддаю я дух мой»
- Спеў Сімеона «Зараз адпускаеш»
- Заключная малітва
- Кароткае благаслаўленне
- Антыфона да Найсвяцейшай Панны Марыі
Зноскі
Літаратура
- Бревиарий // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
Тэксты літургіі гадзін анлайн:
- На рускай мове Архівавана 27 красавіка 2015.
- На рускай мове (нядзельная літургія гадзін для свецкіх)
- На англійскай мове (html-фармат, а таксама платная афлайн-версія)
- На англійскай мове (асобныя службы, астатняе — па падпісцы)
- На англійскай мове (з аудыёзапісамі)
- На польскай і лацінскай мове
- На літоўскай мове Архівавана 28 красавіка 2007.
- На славацкай мове
- На французскай мове
- На лацінскай мове Архівавана 13 снежня 2005.
Дасаборныя тэксты (брэвіярый):