Літоўскі скарб — грашова-рэчавы дэпазіт, знойдзены каля 1992 года паблізу ўсходняй ускраіны вёскі Літва (Маладзечанскі раён, Мінская вобласць)[1].

Гісторыя

Скарб утоены, пэўна, вельмі паспешна, бо слядоў упакоўкі не выяўлена. Каштоўнасці раскрадзены на месцы знаходкі, выратаваць здолелі толькі невялікую частку скарбу.[1]

Склад

Манеты

6191 пражскі грош Яна I (1310—1346), Карла I (1346—1378) і Вацлава IV (1378—1419) — Чэхія, манетны двор Кутна-Горы.[1]

Рэчы

Пояс Вітаўта
  • Фрагмент ювелірнага вырабу — дзве полыя сярэбраныя залачоныя пацеркі, нанізаныя на круглага сячэння сярэбраны дрот.[1]
  • Паясны гарнітур (г. зв. «Пояс Вітаўта») — полыя сярэбраныя пласціны (гравіроўка, чэрнь, залачэнне) — 2 зорчатыя (16 «промняў»), дэкарыраваныя раслінным арнаментам, выявы птушак і «васіліскаў», 11 круглых з раслінным арнаментам; спражка з наканечнікам, арнаментаваная раслінным арнаментам; 5 злучальных прамавугольных планак. Агульная вага паяснога гарнітура — 805,40 граму, проба серабра — 960°.[1]

Ацэнка

Літоўскі скарб — багацейшы з грашовы дэпазітаў XV ст. сярод раней вядомых на землях Вялікага Княства Літоўскага. Самыя аб’ёмныя скарбы пражскіх грошаў знойдзеныя раней, у Літве (в. Шырвінту ў 1981 годзе — 398 грошаў), у Беларусі (Брэст у 1837 годзе — 1034 грошы), ва Украіне (с. Клочкава ў 1887 годзе — 3457 грошаў), даволі сціплыя ў параўнанні з рэшткамі грашовай часткі Літоўскага скарбу.[1]

Паводле меркавання Валянціна Рабцэвіча, пояс — унікальны (у вялікай тарэўтычнай гістарыяграфіі і зборах буйнейшых музеяў свету аналагаў невядома). Пласціны пояса выраблены ў сталіцы Крымскага ханства Кафе (цяпер — Феадосія), спражка з наканечнікам — напэўна, у Італіі (магчыіма ў Генуі).[1]

Гістарычная інтэрпрэтацыя

Паводле меркавання Рабцэвіча, пісьмовыя крыніцы, у прыватнасці паведамленні Генэ, блазна вялікага князя Вітаўта, і хана Менглы-Гірэя, дазваляюць выказаць гіпотэзу, што пояс мог быць падораны Вітаўту Хаджы-Гірэям падчас сустрэчы ў Менску ў жніўні 1428 года[1]. Найбольш імавернай датыроўкай утойвання скарбу Рабцэвічу ўяўляўся «смутны час» (1430—1432) у Вялікім княстве Літоўскім[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Рябцевич В. Клад из деревни… С. 44.

Літаратура

  • Варонін В. А. Да пытання аб часе і абставінах ухавання грашова-рэчавага скарбу каля вёскі Літва Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці // Studia Numismatica Albaruthenica, t. 1. — Мн., 2011.
  • Ліцкевіч А. У. «Срэбны каваль» Хацабей з-пад Маладзечна (XV ст.): яшчэ раз пра магчымае паходжанне срэбных паясных набораў са скарбу каля в. Літва // Беларуская даўніна. Вып. 1., 2014. — 186 с., цв. вкл.
  • Рябцевич В. Клад из деревни Литва в Беларуси. Тезисы // Иконография денег средней и восточной Европы. — Хуменне: Словацкое нумизматическое общество, 2007. — С. 44.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.