Гістарычная дзяржава | |||
Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка | |||
---|---|---|---|
літ.: Lietuvos–Baltarusijos Tarybinė Socialistinė Respublika польск.: Litewsko-Białoruska Socjalistyczna Republika Radziecka ідыш: סאָציאַליסט סאָוועטן רעפובליק פון ליטע און ווייַסרוסלאַנ | |||
|
|||
|
|||
Сталіца | Вільня | ||
Найбуйнейшыя гарады | Вільня, Мінск, Коўна | ||
Мова(ы) | літоўская, беларуская, руская, польская, ідыш | ||
Афіцыйная мова | беларуская, літоўская мова, польская, ідыш і руская | ||
Плошча | 207 тыс.км² | ||
Насельніцтва | 4 млн (1919) | ||
Форма кіравання | Савецкая рэспубліка | ||
Кіраўнікі дзяржавы | |||
Старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта | |||
• 1919 | Казімір Цыхоўскі | ||
Старшыня Савета Народных Камісараў | |||
• 1919 | Вінцас Міцкявічус-Капсукас | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Літо́ўска-Белару́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка, таксама Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка Літвы́ і Белару́сі (скарочана Літбе́л) — дзяржаўнае ўтварэнне, якое з’явілася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) 27 лютага 1919 шляхам аб’яднання Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі і Літоўскай Савецкай Рэспублікі.
Гісторыя
Адзін з галоўных ініцыятараў утварэння ЛітБел Я. Свярдлоў у тэлеграме ад 30 студзеня 1919 года ў ЦК КП Літвы паведамляў:[1]
на з'ездзе Саветаў Беларусі будзе вынесена рашэнне аб аб'яднанні Беларусі і Літвы. Прапанаваць літоўскім таварышам як можна хутчэй склікаць з'езд і правесці там тое ж рашэнне. ЦК лічыць гэтае рашэнне найбольш адпавядаючым нашым агульнапалітычным задачам і цалкам адпавядаючым міжнароднай кан'юнктуры. |
У склад Літбела былі ўключаны тэрыторыі Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губерній. Адміністрацыйным цэнтрам абвешчана Вільня. 16 лютага 1919 Часовы рабоча-сялянскі ўрад Літоўскай ССР і ЦВК ССРБ накіравалі ноту польскаму ўраду з прапановай стварыць змешаную камісію для мірнага ўрэгулявання спрэчных тэрытарыяльных пытанняў і вызначэння дзяржаўнай мяжы паміж толькі што абвешчанай ЛітБел і Польшчай[2]. 28 лютага 1919 ЦВК ЛітБел выдаў Дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой зноў выказвалася гатоўнасць «вырашаць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». Канстатавалася тое, што ўрад Польшчы не адказаў на прапанову аб стварэнні змешанай камісіі і працягвае наступленне. У Дэкларацыі змяшчаўся паўторны (першы быў у Маніфесце аб стварэнні ССРБ) заклік «да ўсіх народаў і іх урадаў» прызнаць Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку Літвы і Беларусі і ўступіць з ёю ў зносіны[3]. 1 сакавіка 1919 СНК ЛітБел ССР у ноце да ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі даў згоду на ўдзел у канферэнцыі на Прынцавых астравах для вырашэння спрэчных пытанняў паміж урадамі, што ўтварыліся на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Але ўсе гэтыя прапановы засталіся без адказу. Польшча і краіны Антанты не прызнавалі ЛітБел і адмаўляліся ўступаць з ёй у перагаворы[4].
Вядучая роля належала Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (створана ў сакавіку 1919), дазвалялася дзейнасць камуністычных і рабочых партый і груп, якія прадстаўлялі яўрэйскае і польскае насельніцтва. Была абвешчана нацыяналізацыя прадпрыемстваў, прымусовая харчовая развёрстка, усеагульная працоўная павіннасць.
У красавіку-верасні 1919 тры чвэрці Літбела занята польскімі войскамі. Пасля гэтага органы ўлады Літбела часткова ліквідаваны паводле рашэння ЦК РКП(б).
Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой 12 ліпеня 1920 і другога абвяшчэння незалежнасці ССРБ 31 ліпеня 1920 Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Урад
Урад Літбела ўзначаліў В. Міцкявічус-Капсукас. У склад увайшлі:
- Кіраўнік ЦВК КП ЛіБ: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
- Кіраўнік ЦВК: Казімер Цыхоўскі
- Кіраўнік Віленскага Савета Дэлегатаў Рабочых і Салдацкіх дэпутатаў: Казімер Цыхоўскі
- Кіраўнік Савета Народных Камісараў: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
- Народны камісар фінансаў: Казімер Цыхоўскі
- Народны камісар камунікацыі: Аляксандр Якшэвіч
- Народны камісар дзяржаўнага кантролю: Станіслаў Берсан
- Народны камісар асветы: Юліян Ляшчынскі, Аляксандар Чарвякоў
- Народны камісар працы: Сямён Дыманштэйн
- Народны камісар унутраных спраў: Зігмас Алекса-Ангарэтыс, Якаў Далецкі
- Народны камісар вайсковых спраў: Іосіф Уншліхт
- Народны камісар замежных спраў: Вінцас Міцкявічус-Капсукас
- Народны камісар юстыцыі (справядлівасці): Мечыслаў Казлоўскі
- Народныя камісары без партфеля: Канстанцінас Керванічус, Пранас Сватэліс-Пралетарас і Айзік Вайнштэйн.
Ацэнкі
Беларускі журналіст Валянцін Жданко так ахарактарызаваў Літоўска-Беларускую ССР:
Марыянэткавая буфэрная квазідзяржава, кароткае існаваньне якой паказала, наколькі мала расейскія бальшавікі лічыліся зь беларусамі і беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі[5]. |
Зноскі
- ↑ Свердлов, Я. Избранные произведения: В 3 т. Т. 3. — М., 1960. — С. 143.
- ↑ Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дакументаў і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922). — Мн., 1997. — С. 110—111.
- ↑ Знешняя палітыка Беларусі. Т. 1. — С. 116—117.
- ↑ Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 5: Беларусь у 1917—1945 гг. / А. Вабішчэвіч, Н. Васілеўская, І. Ігнаценка [і інш.]; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [і інш.]; Рэд. тома М. Касцюк. — Мн.: Экаперспектыва, 2006. — 613 с.: іл. — С. 113. — ISBN 985-469-149-7.
- ↑ Інтэграцыя па-бальшавіцку…
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка