«Ліст да Абуховіча» — помнік беларускай літаратуры XVII ст. Узор беларускай патрыятычнай літаратуры. Напісаны ананімным аўтарам у 1655 г. з нагоды падзення Смаленскага гарнізона 23 верасня 1654 г. перад наступам войскаў Маскоўскага княства ў ходзе вайны 1654—1667 г.

Місія «Ліста да Абуховіча» — асуджэнне псеўдаадукаванасці, маральнай недасканаласці людзей, якія навучыліся прыгожа гаварыць, на словах служыць «Сафіі, якая нарадзіла філасофію», але на справе пазбаўленыя сапраўдных вартасцяў — мужнасці, годнасці, адданасці роднай зямлі. Паняцці «Айчызна» і «Праўда» — святыя для аўтара. Яго ідэал — ахвярны барацьбіт за свабоду Бацькаўшчыны, які заўжды праўдзівы ў словах, высакарод-ны ва ўчынках, стрыманы ў паводзінах.[1]

Асноўны матыў твора — вострая крытыка смаленскага ваяводы, які не здолеў стрымаць аблогу Смаленска, даць адпор, а прыняў рашэнне аб капітуляцыі. Галоўны герой — Піліп Абуховіч — пададзены як адмоўны персанаж. Ён паўстае як дробная і нікчэмная асоба, сквапны чалавек, здатны на агідны ўчынак. Сатыра пісьменніка ў дачыненні да П. Абуховіча дасягае апагею. На яго думку, П. Абуховіч — аматар весці пустыя размовы на соймах і з’ездах, яго больш цікавіць прыгожая вопратка, чым дзяржаўныя справы. Галоўная загана П. Абуховіча — няздатнасць да рыцарскіх спраў, бяздарнасць як кіраўніка, прадажнасць. Ён — нашчадак роду, які «вызначыўся» ганебнымі ўчынкамі: дзед атрымліваў хабар, калі быў «генералам» у Мазыры, а бацька, мазырскі суддзя, — «у каго больш браў — таго добра судзіў». Паводле меркавання аўтара, учынак П. Абуховіча — горшы за здраду Рыгора Осціка, які вёў таемную ад урада перапіску з маскоўскім царом, за што быў жорстка пакараны ў Вільні.

Аўтар супрацьпастаўляе смаленскага ваяводу гетману Вінцэнту Карвіну-Гасеўскаму, які ніколі не выхваляўся на публіцы, а спакойна і адказна выконваў вайсковы абавязак, справамі даказваў свае вартасці як дзяржаўная асоба.

У крытыцы ваяводы аўтар «Ліста да Абуховіча» напачатку ўжывае лёгкія пакепліванні, накшталт: «Лепей, пане Піліпе, сядзець табе было ў Ліпе!» (Ліпа — родавы маёнтак Абуховічаў) або «Калі б датуль, ваша міласць, пісарам быў бы, дык чалавекам слыў бы!», а затым пераходзіць да адкрытых абразаў і здзекаў, змяшчаючы на старонках твора меркаванне «пра ўзнагароду за Смаленск». Маўляў, кароль і вялікі князь «за слаўныя справы» меў намер прызначыць яго ваяводам Кракава, ды вось толькі «ляхі дужа баяцца, каб твая міласць не прадаў яго венграм».

Аўтар «Ліста да Абуховіча», напэўна, меў падставы для крытыкі ваяводы П. Абуховіча ўжо таму, што Смаленск быў здадзены без істотнага супраціўлення. Але ў вытлумачэннях аўтара прысутнічаў відавочна асабісты момант. За крытыкай праглядаецца асабістая крыўда, магчыма, маёмасны або кланавы канфлікт з П. Абуховічам.

Аўтар імкнецца да мастацкага абагульнення, выяўлення сацыяльных заканамернасцей. Праз крытыку канкрэтнага магната ў творы можна бачыць і выкрыццё заганаў тагачаснага грамадства, хібы ў дзейнасці вышэйшага кіраўніцтва, правалы ў абарончай палітыцы, эгаізм магнатаў, кланава-шляхецкую варажнечу, канфесійныя канфлікты, якія раз’ядалі краіну, падточвалі знутры грамадства, не дазвалялі кансалідавацца, каб стрымаць наступ агрэсараў.

«Ліст да Абуховіча» мае значныя літаратурныя вартасці. У ім дамінуе зваротная форма маўлення, але ўжываюцца і іншыя тыпы выкладу матэрыялу: апавяданне — сюжэт пра продкаў Абуховіча, разважанне — аналіз намераў П. Абуховіча сабраць харугвы, каб здзейсніць спробу вярнуць Смаленск. Унутраная кампазіцыйная аднапланавасць тэксту парушаецца аднойчы — змешчанай у ім прамовай, ці, хутчэй, адвольным яе пераказам, на адным з соймаў смаленскага кашталяна пана Мялешкі, які папярэджваў манарха і дэпутатаў пра згубнасць прызначэння на адказныя пасады людзей не здольных ахвяравацца сваім жыццём дзеля свабоды Айчызны. Мастацкасць «Ліста да Абуховіча» на мікраўзроўні выяўляецца праз шырокае выкарыстанне багатага лексічна-вобразнага фонду жывой беларускай мовы, народных і біблейна-кніжных прыказак.[1]

Упершыню апублікаваны ў 1910.

Зноскі

  1. 1 2 І. Саверчанка (2010)

Літаратура

  • Даўгяла 3. 3 беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.
  • Чамярыцкі В. «Ліст да Абуховіча» // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.
  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.