Лільскі ўніверсітэт | |
---|---|
фр.: Université de Lille | |
Арыгінальная назва | фр.: Université de Lille |
Міжнародная назва | англ.: University of Lille |
Заснаваны | 1559 |
Год рэарганізацыі | 2018 |
Студэнты | 80 000[1], 74 154[2], 68 255[2], 71 429[2] і 67 729[2] |
Размяшчэнне | Ліль |
Сайт | univ-lille.fr |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лільскі ўніверсітэт (фр.: Université de Lille) — французская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта з сядзібай у горадзе Ліль.
Агульная характарыстыка
Універсітэт з больш чым 70 тысячамі студэнтаў (у тым ліку амаль 10 тысяч замежных студэнтаў са 150 розных краін) з’яўляецца адным з найбуйнейшых франкамоўных універсітэтаў у свеце. Яго падраздзяленні (факультэты, школы, інстытуты і г.д.) прапануюць навучанне ў шасці асноўных галінах ведаў:
- мастацтва, мова і літаратура
- права, эканоміка і кіраванне
- ахова здароўя
- дакладныя навукі і тэхніка
- сацыяльна-гуманітарныя навукі
- фізкультура і спорт
Установа бярэ свой пачатак ад універсітэта горада Дуэ, заснаванага ў 1559 годзе, а затым канчаткова пераведзенага ў Ліль у 1896 годзе. У 1970 годзе Лільскі ўніверсітэт быў падзелены на тры незалежныя ВНУ, размешчаныя у асобных кампусах:
- Універсітэт Ліль I (дакладныя навукі і тэхналогіі)
- Універсітэт Ліль II (права, кіраванне і ахова здароўя)
- Універсітэт Ліль III (сацыяльна-гуманітарныя навукі, мовазнаўства і літаратуразнаўства).
Зліццё гэтых трох універсітэтаў з 1 студзеня 2018 года зноў ўтварыла адзіны класічны Лільскі ўніверсітэт.
У створаным такім чынам універсітэце працуе каля 7 тысяч чалавек (гэта другі па велічыні дзяржаўны працадаўца на поўначы Францыі) з гадавым бюджэтам каля 650 мільёнаў еўра. Ён размешчаны ў так званым трэцім «студэнцкім полюсе» Францыі (пасля Парыжа і Ліёна) і лічыцца часткай нефармальнай «Лільскай акадэміі», у якой навучаецца каля 200 тысяч студэнтаў. Установа з’яўляецца адной з вядучых французскіх устаноў бесперапыннай адукацыі, мае каэфіцыент залічэння выпускнікоў у магістратуру больш за 90 %, у якой штогод праходзяць стажыроўкі ў сярэднім больш за 12 000 чалавек, у тым ліку 1 600 за мяжой (ВНУ мае 115 універсітэтаў-партнёраў за мяжой). Штогод яна выдае каля 20 тысяч дыпломаў па 195 спецыяльнасцях (у асноўным бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх).
Да ўніверсітэта таксама адносіцца Еўрапейскі доктарскі каледж з 3 тысячамі дактарантаў у 140 рэгіянальных лабараторыях у 6 доктарскіх школах. Штогод тут абараняецца каля 400 доктарскіх дысертацый і публікуецца больш за 3 тысячы навуковых публікацый.
Пазначаны французскім урадам як ВНУ І катэгорыі (ініцыятывы «Навука — інавацыі — тэрыторыі — эканоміка») у 2017 годзе, ён атрымаў грант у памеры 500 мільёнаў еўра на праект «Лільскі ўніверсітэт Паўночнай Еўропы» (ULNE). Такім чынам, да 1 студзеня 2022 года ён павінен стаць эксперыментальнай дзяржаўнай установай і аб’яднаць яшчэ 4 кампаненты: Лільскі інстытут палітычных даследаванняў, Лільскую вышэйшую школу журналістыкі, Лільскую вышэйшую нацыянальную школу архітэктуры і ландшафту і Нацыянальную вышэйшую школу тэкстыльных мастацтваў і прамысловасці.
Структура
Факультэты
- Факультэт гуманітарных навук
- Факультэт замежных моў, літаратур і цывілізацый
- Факультэт эканамічных, сацыяльных і тэрытарыяльных навук
- Факультэт навукі і тэхналогій
- Факультэт юрыдычных, палітычных і сацыяльных навук
- Факультэт псіхалогіі
- Факультэт медыцынскіх і спартыўных навук
- Факультэт сацыяльнага развіцця, адукацыі, культуры, камунікацый і інфармацыйнай дакументацыі
Інстытуты і школы
- Універсітэцкая школа менеджменту
- Нацыянальны вышэйшы інстытут прафесарства і адукацыі
- Тэхналагічны ўніверсітэцкі інстытут
- Політэхнічная школа
Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 2020.
- 1 2 3 4 ministère de l'Enseignement supérieur et de la Recherche data.gouv.fr: Plateforme ouverte des données publiques françaises — 2011. Праверана 15 снежня 2023.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лільскі ўніверсітэт
- Афіцыйная інтэрнэт-старонка ўстановы