Альвеола (лац.: alveolus — лунка, паглыбленне, пузырок) — канцавая частка дыхальнага апарата ў лёгкім, якая мае форму пузырка, адкрытага ў прасвет альвеалярнага ходу. Альвеолы ўдзельнічаюць у акце дыхання, забяспечваючы газаабмен з лёгачнымі капілярамі.
Анатомія
Альвеолы маюць шматвугольную форму, падзелены міжальвеалярнымі перагародкамі таўшчынёй 2—8 мкм. Міжальвеалярныя перагародкі прадстаўлены сценкамі альвеол, размешчанымі паміж імі элементамі злучальныя тканкі (эластычнымі, калагенавымі і ратыкулярнымі валокнамі) і сеткай капіляраў, якія ўдзельнічаюць у газаабмене. Некаторыя альвеолы злучаны паміж сабой адтулінамі ў міжальвеалярных перагародках («порамі Кона»).
Агульная колькасць альвеол у абодвух лёгкіх чалавека складае 600—700 мільёнаў. Дыяметр адной альвеолы нованароджанага дзіцяці ў сярэднім 150 мкм, дарослага — 280 мкм, у пажылым узросце дасягае 300—350 мкм. Сумарная плошча паверхні альвеол змяняецца ад 40 м² пры выдыху да 120 м² пры ўдыху[1].
Унутраны слой альвеалярнай сценкі сфарміраваны сквамознымі (дыхальнымі) альвеацытамі (альвеацыты 1-га тыпу) і вялікімі альвеацытамі (альвеацыты 2-га тыпу), хемарэцэптарамі (альвеацыты 3-га тыпу), а таксама макрафагамі. Альвеалацыты 1-га тыпу, якія ўдзельнічаюць у газаабмене, займаюць значна большую плошчу (97,5 % унутранай паверхні альвеолы), чым альвеацыты 2-га тыпу (гранулярныя, кубападобныя, сакраторныя клеткі). Як і альвеацыты 1-га тыпу, альвеалацыты 2-го тыпу размешчаны на базальнай мембране; гэтыя клеткі выпрацоўваюць сурфактант — паверхнева-актыўнае рэчыва, якое высцілае знутры альвеолы і перашкаджае іх спадзенню.
Аэрагематычны (паветрана-крывяны) бар'ер паміж дыхальнымі альвеацытамі і капілярамі ўтвораны іх базальнымі мембранамі і складае 0,5 мкм. У некаторых месцах базальныя мембраны разыходзяцца, фарміруючы шчыліны, запоўненыя элементамі злучальнай тканкі. Кожны капіляр удзельнічае ў газаабмене з некалькімі альвеоламі.
Гл. таксама
- Ацынус
- Сурфактант
Зноскі
Літаратура
- Сапин М. Р., Брыксина З. Г. Анатомия человека. — Просвещение, 1995. — ISBN 5-09-004385-X
- Альвеолы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лёгачная альвеола