Вёска
Ляхчыцы
± | ||||||||||||||||||||||||||||||||
Ля́хчыцы[1] (трансліт.: Liachčycy, руск.: Ляхчицы) — вёска ў Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Хідрынскага сельсавета. Вёска на захадзе Палесся за 60 км ад Брэста, 15 км ад Кобрына і 18 км ад Дзівіна.
Гісторыя
Назва вёскі паходзіць ад «ляха» — незасеянага поля («ляшыць» — значыць засяваць). Паводле народнага падання, ад першага пасяленца ляха, то-бок паляка.
Каля вёскі былі знойдзены крамянёвыя наканечнікі стралы і дзіды.
Упершыню вёска згадваецца ў Рэвізіі Кобрынскай эканоміі, складзенай каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам у 1563 годзе[2]. У Рэвізіі ўпершыню згадваецца і ўрочышча Княжая Гара, дзе, паводле мясцовага падання, пахавана княгіня Вольга. У 1563 годзе Ляхчыцы — сяло, 7 валок зямлі, у складзе Сялецкага войтаўства Кобрынскай эканоміі Вялікага Княства Літоўскага.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1794) у складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 года Літоўскай, з 1801 — у Гродзенскай губерні.
У 1890 годзе вёска Блоцкай (Балоцкай) воласці, 913 дзесяцін зямлі. Станам на 1897 год дзейнічаў хлебазапасны магазін.
З 1921 года ў складзе Польшчы, у Блоцкай (Балоцкай) гміне Кобрынскага павета Палескага ваяводства.
З 1939 годзе ў складзе Беларускай ССР. Станам на 1940 год працавала пачатковая школа. З 15 студзеня 1940 года ў Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 да 30 кастрычніка 1959 года ў Верхалескім сельсавеце.
Падчас 2-й сусветнай вайны, з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года Ляхчыцы акупаваны нямецкімі войскамі.
У 1949 годзе 32 гаспадаркі аб’яднаны ў калгас імя Мічурына. Потым, разам з Корчыцамі, Хадынічамі, Верхалессем і Альхоўкай складалі калгас «Перамога».
З 8 жніўня 1959 года ў Кобрынскім раёне. З 1973 года перададзена з Навасёлкаўскага ў склад Хідрынскага сельсавета[3].
Станам на 1999 год у складзе калгаса «Сцяг Перамогі», з 2004 года СВК «Раданежскі» (з цэнтрам у Корчыцах).
Станам на 2005 года ў вёсцы дзейнічалі Дом сацыяльных паслуг, крама, бібліятэка (закрыта ў 2011), таксама нядзейная новая лазня.
Каля вёскі дзве магілы ахвяр фашызму.
Дэмаграфія
- 1897 год — 38 двароў, 268 жыхароў
- 1905 год — 367 жыхароў (у вёсцы), 13 жыхароў (фальварак/маёнтак).
- 1911 год — 318 жыхароў.
- 1921 год — 40 дамоў, 214 жыхароў.
- 1940 год — 73 двары, 285 жыхароў
- 1959 год (перапіс) — 211 жыхароў
- 1970 год — 253 жыхары
- 1999 год — 72 гаспадаркі, 204 жыхароў
- 2005 год — 64 гаспадаркі, 173 жыхары
- 2011 год — 72 двары, 155 жыхароў
Самыя распаўсюджаныя прозвішчы Назарук і Барысюк.
Славутасці
- Урочышча Княжая Гара — пагорак вышынёй 10 метраў на поўдзень ад вёскі, каля каналізаванай рэчкі Трасцяніцы. Побач ёсць і вышэйшыя пагоркі.
Паводле мясцовага падання, княгіня Вольга, жонка князя Уладзіміра, падчас даўняй вайны была заспета пагоняй ворагаў у гэтых мясцінах, на пагорку над балотам, загінула тут і на месцы гібелі пахавана, амаль пад самай вяршыняй пагорка. З даўняга часу на магіле стаяў просты драўляны крыж, знесены бальшавікамі.
Асобу княгіні атаясняюць з жонкай уладзімірскага князя Уладзіміра Васількавіча — Вольгай Раманаўнай. Князь Уладзімір Васількавіч памёр 10 снежная 1288 года ў Камянцы, сваёй жонцы тастаментам ён пакінуў блізкія да Ляхчыц мясціны — горад Кобрын і сяло Гарадзел (цяпер Гарадзец). Апошні раз княгіня Вольга Раманаўна згдана Галіцка-Валынскім летапісам Іпацьеўскага спісу пад сакавіком 1289 года[4].
Упершыню Княжая гара згадваецца Рэвізіяй Кобрынскай эканоміі 1563 года як «Княжая Гора, урочище села Рухович»[5]. Пазней Гару пазначалі на расійскіх XIX ст. і польскіх пачатку XX ст. картах. У канцы XIX ст. археолаг Ф. В. Пакроўскі са слоў святара запісаў: «с. Хабовічы… Блоцкай вол., Кобрынскага павета. У 5 вёрстах на паўднёвы захад ад сяла ёсць невялікі пагорак, званы ў народзе Княжая гара. Называецца так бо тут быццам у час бою забіта нейкая князёўна»[6].
Княжая гара ўплывала на жыццё Ляхчыц і ваколіц. У Пакроўскай царкве ў Хабовічах, у прыход якой уваходзяць Ляхчыцы, захоўвалася хроніка падзей урочышча Княжая гара, а 24 ліпеня «на Вольгу» адзначаецца прастольнае храмавае свята. У Ляхчыцах распаўсюджана жаночае імя Вольга. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 года № 659 зацверджаны геральдычныя сімвалы Ляхчыц — герб і сцяг, на якіх вяўлена княгіня Вольга.
Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь 22 лютага 2012 года прыняла рашэнне ўнесці прапанову ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пра наданне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці тапанімічнай аб’екту — назве ўрочышча Княжая Гара, якое знаходзіцца каля Ляхчыц Кобрынскага раёна. Гэта першы тапонім, які плануецца ўзяць пад ахову дзяржавы.
Заўвагі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ля́хчычы
- ↑ Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1876. Т. 15. С. 68.
- ↑ Рашэнні выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 кастрычніка, 18 снежня 1972 г. і 8 студзеня 1973 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1973, № 4 (1378).
- ↑ ПСРЛ. Т. 2. — 1952. — С. 904—905.
- ↑ Акты Віленскай археаграфічнай камісіі. Вільні, 1876. Т. 15. С. 67.
- ↑ Ф. В. Пакровский. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895. С. 83.
Літаратура
- ПСРЛ. Т. 2. Ипатьевская летопись. М.: АН СССР, 1952.
- «Полное собрание русских летописей. Том 2», pdf, 4,5 Mb
- Покровский Ф. В. Археологическая карта Гродненской губернии. Вильно, 1895.
- Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1876. Т. 15
- Памяць: Кобрынскі раён. Мінск: БЕЛТА, 2002.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ляхчыцы
- Ляхчыцы на Radzima.net
- Ляхчыцы са спадарожніка
- Ляхчыцы на карце Хідрынскага сельсавета