Люсінаўская раўніна | |
---|---|
Каардынаты: 52°37′ пн. ш. 26°30′ у. д. | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Люсінаўская раўніна |
|
Люсінаўская раўніна — геамарфалагічны раён у Беларусі, у цэнтральнай частцы Паўночнага Палесся. На поўначы мяжуе з Баранавіцкай і Салігорскай раўнінамі, а з поўдня абмежавана далінай Прыпяці і Лагішынскай раўнінай.
У морфаструктурным плане прымеркавана да паўночна-ўсходняй часткі Палескай седлавіны, дзе старажытны фундамент мае глыбіню залягання ад −500 да −1000 м, а магутнасць антрапагенавай тоўшчы складае 60-80 м з распаўсюджаннем краявых ледавіковых утварэнняў. Абсалютныя вышыні вагаюцца ў межах 145—175 м. Малыя рэкі прадстаўлены слабаўрэзанымі поймавымі далінамі з каналізаванымі рэчышчамі. Агульны ўхіл паверхні ў бок асноўных рэк Бобрыка і Цны. Да забалочаных міжрэччаў прымеркаваны невялікія зарастаючыя азёры. У цэлым раён уяўляе сабой плоскую, моцна забалочаную водна-ледавіковую раўніну з двума краявымі ледавіковымі ўтварэннямі напорнага і лускаватага тыпа. У паўночнай частцы размешчаны вялікі балотны масіў з Пакамерскімі азёрамі. Азёрныя катлавіны ўнаследавалі тэрмакарставыя паніжэнні. Аднастайнасць рэльефа парушаецца выхадамі на паверхню палеагенавых пяскоў і звязаных з імі эолавых форм у выглядзе град і ўзгоркаў вышынёй 3-5 м.
Літаратура
- Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3