Люстрацыя 1840—1850-х гадоў — сістэма мер, якія праводзіліся ў дзяржаўных вёсках Расійскай імперыі ў межах рэформы Кісялёва.
На Беларусі і іншых «заходніх губернях» рэформа паводле сацыяльна-эканамічнага зместу і вынікаў была больш глыбокай, чым у цэнтральнай Расіі. Гэта тлумачыцца вастрынёй сялянскага пытання ў рэгіёне і тым, што расійскія ўлады баяліся зліцця сялянскіх хваляванняў з польскім нацыянальным шляхецкім рухам. Люстрацыя павінна была правесці рэвізію дзяржаўнай маёмасці, ліквідаваць сялянскае малазямелле, рэгламентаваць падатковы прыгнёт і павялічыць плацежаздольнасць дзяржаўнай вёскі[1].
Люстрацыя пачалася з «Палажэння аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей у заходніх губернях і Беластоцкай вобласці» ад 28 снежня 1839 года. Праводзілася ў 2 этапы: да 1844 года пры захаванні фальварачна-паншчыннай сістэмы, з 1844 года шляхам паскоранага пераводу сялян дзяржаўных маёнткаў (дзяржаўных сялян) на аброк і знішчэння фальварачна-прыгонніцкай сістэмы. Да 1857 года на аброк былі пераведзены ўсе дзяржаўныя маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Люстрацыя мела буржуазна-прагрэсіўны характар. Зямельны фонд сялян павялічыўся на 10,7 %, на 20 % знізіўся падатковы ўціск, за дзяржаўнымі сялянамі прызнавалася грамадзянская свабода[2].
Гл. таксама
Крыніцы
Літаратура
- Вольга Загарульская. Люстрацыя 1840—50-х гадоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 417—418. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- У. А. Сосна Эвалюцыя дзяржаўных сялян на Беларусі ў другой трэці XIX ст.. — 1996. — ISSN 0321-0359.
- § 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.: 4. Рэформа дзяржаўнай вёскі. Люстрацыя дзяржаўных маёнткаў . profil.adu.by. Праверана 14 лютага 2024.
Спасылкі
- Люстрационные комиссии — MogilevWiki . wiki.mogilev.by. Праверана 14 лютага 2024.