Праца Роберта Смітсана

Лэнд-арт ( англ.: land art мастацтва зямлі) — мастацтва трансфармацыі прыродных аб'ектаў; кірунак сучаснага мастацтва. Як від татальнага мастацтва імкнецца праз пераўтварэнне наблізіць рэальны ландшафт да жывапіснага пейзажу, да аднаўлення страчанай сувязі чалавека з прыродай.

Гісторыя

Узнік у 1960-я гады ў ЗША і краінах Заходняй Еўропы як рэакцыя на экалагічныя праблемы і камерцыялізацыю мастацтва. Першапачаткова творы лэнд-арту ствараліся на т.зв. ускраінных прасторах (пустыні, астравы, аддаленыя ад жылых месцаў вадаёмы і інш.).

Заснавальнікі кірунку (Д. Опенгайм, Р. Лонг, В. дэ Марыя, Р. Смітсан, М. Хейзер) ажыццяўлялі буйнамаштабныя праекты на вялікай прыроднай прасторы: капалі равы, рабілі насыпы, праводзілі на зямлі барозны, лініі вапнай або камянямі і інш. Іх формы часта нагадвалі знакі культур старажытных плямён, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Пазней месцамі правядзення падобных акцый сталі пераважна лясныя гушчары, паляны, узбярэжжы рэк і азёр, дзе ствараліся інсталяцыі з прыродных матэрыялаў (ствалы дрэў, лісце, галіны, камяні, дзірван і інш.).

У задуму твора ўключаюцца яго змены пад уздзеяннем атмасферных з’яў, росту раслін і інш. прыродныя працэсы. Твор звычайна ахоплівае вялікую плошчу і цалкам бачны толька з вялікай вышыні.

Найбольш вядомы ўзор лэнд-арта — «Спіральная дамба» Смітсана ў Вялікім Салёным возеры ў ЗША (1970).

Асноўныя прадстаўнікі

  • Роберт Смітсан
  • Рычард Лонг
  • Уолтэр дэ Марыя
  • Майкл Хейзер
  • Яцэк Тыліцкі
  • Мікалай Паліскі

Гл. таксама

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 391. — 560 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.