Оскская мова ў V стагоддзі да н.э.

Луканы (луканцы, лац.: Lucani) — адно са старажытнаіталійскіх самніцкіх плямёнаў. Да канца V стагоддзя да н.э. рассяліліся ў паўднёвай Італіі, даўшы назву гэтаму рэгіёну — Луканія. Размаўлялі на мове оскска-ўмбрскай групы.

У 343 г. да н.э. луканы вялі вайну супраць саюзнага спартанска-тарэнційскага войска пад начальствам Архідама III, які загінуў у бітве з імі, але ў 334 да н.э. былі разбіты іншым саюзнікам Тарэнта — эпіротамі. 200 луканаў дэзертыравалі да Аляксандра Малоскага і пад яго сцягамі разбілі сваіх супляменнікаў каля Песта. Трохі пазней войска новага спартанскага цара Клеоніма вымусіла луканаў заключыць мір з Тарэнтам і паставіць на чале свайго кіравання верных Самнію людзей, наўзамен луканы атрымалі Метапонт. У 298 да н.э. луканы вымушана перайшлі на бок рымлян, але пасля перамогі ў Трэцяй самніцкай вайне рымляне ў 285 да н.э. скасавалі саюзніцкі дагавор з імі з-за іх налётаў на шэраг грэчаскіх гарадоў, якія прасілі рымскага патранату. У адказ луканы, затрымаўшы рымскіх паслоў, выставілі моцнае войска і заключылі саюз з кельтамі, этрускамі і умбрамі. Пасля перамогі Піра пры Гераклеі луканы разам з самнітамі і бруціямі далучыліся да яго, але ў 272 да н.э. былі заваяваны рымлянамі і пасля гэтага часта паўставалі (на баку Ганібала ў 216-215 гг. (калі, паводле Палібія, яны маглі выставіць 30 тыс. пехацінцаў і 3 тыс. вершнікаў), у Саюзніцкай вайне 90/91-88 гг. да н.э.).

Большую частку арміі луканаў складала мабільная лёгкаўзброеная пяхота, якая звыклася дзейнічаць у горах і лясах, дзе звычайна арганізоўвалі засаду ці блакаду праціўніка ў вузкай даліне, як у вайне з эпіротамі. Па магчымасці армія акружала праціўніка, пазбягаючы прамога сутыкнення, і закідвала яго дроцікамі, разграміўшы такім чынам некалькі грэчаскіх армій. Баявым луканскім штандарам быў бронзавы бык на дрэўку.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.