Лужаснянскі дэндрапарк | |
---|---|
Катэгорыя МСАП — III (Помнік прыроды) |
|
Размяшчэнне | Беларусь, в. Лужасна, Віцебскі раён, Віцебская вобласць |
Плошча | 8,8 |
Лужаснянскі дэндрапарк |
|
Лужаснянскі дэндрапарк |
|
Лужасня́нскі дэндрапа́рк — батанічны помнік прыроды ў Беларусі, размешчаны на тэрыторыі Лужаснянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа імя Ф. А. Сурганава ў в. Лужасна Віцебскага раёна.
Дэндрапарк Лужаснянскага с/г тэхнікума імя Ф. А. Сурганава быў закладзены ў 1974 годзе ў гонар вызвалення БССР ад фашысцкіх захопнікаў па ініцыятыве выкладчыка Мікалая Трафімавіча Ражкова[1], які, звязваючыся з батанічнымі садамі БССР, а таксама найбуйнейшымі і найвядомымі садамі СССР — Ленінградскім, Маскоўскім, Нікіцкім, сабраў найбагацейшую калекцыю[2]. Мэтай заснавання дэндрапарку было стварэнне зоны адпачынку для мясцовых жыхароў, а таксама практычнага азнаямлення студэнтаў каледжа з мясцовай і замежнай флорай[3].
Апісанне
Лужаснянскі дэндрапарк займае плошчу 8,8 га ў міжрэччы Заходняй Дзвіны і вусцевай часткі правага берага ракі Лужаснянкі. У планіроўцы спалучаюцца рэгулярны і ландшафтны стыль. Тэрыторыя падзелена на 9 секцый сцежкамі і алеямі[1] (кляновай, ліпавай, лістоўнічнай, бярозавай і ясянёвай)[2].
У пачатку 1997 года тут налічвалася больш 250 відаў дрэвава-кустовых і 32 віды кветкавых шматгадовых раслін, у тым ліку занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі[1]: піхта белая (Abies alba), аксаміт амурскі (Phellodendron amurense). У дэндрапарку галоўным чынам растуць мясцовыя віды: бяроза бародаўчатая (Betula pendula), ліпа драбналістая (Tilia cordata), клён вастралісты (Acer platanoides), вольха шэрая (Alnus incana), вяз звычайны (Ulmus laevis), розныя віды язміну (Jasminum), а таксама інтрадуцэнты: дзёран (Chamaepericlymenum), свідзіна (Swida), кізіл (Cornus), елка канадская (Picea canadensis), арэх валоскі (Juglans regia), маньчжурскі (Juglans mandshurica), чорны (Juglans nigra), шэры (Juglans cinerea), Зібальда (Juglans ailantifolia). Расце бук, якога цяпер на тэрыторыі Беларусі не сустрэнеш, хоць у Сярэднявеччы ён быў распаўсюджаны. Існуе самая паўночная ў рэспубліцы пасадка шаўкоўніцы белай (Morus alba)[2].
У цэнтры насыпана невялікая горка і аформлены ракарый (месца, дзе высаджаны расліны тыповыя для высакагор'яў). Дрэвы высаджаны ўдалечыні ад дарожак, а кусты як правіла паміж групамі дрэў ці каля дарожак для лепшага агляду[2]. Для павойных раслін (розныя віды вінаграда (Vitis), дрэвагубца (Celastrus), капрыфоль (Lonicera caprifolium), лунанасеннік даурскі (Menispermum dauricum)) усталяваны металічныя апоры[2].
Пры самім дэндрапарку створаны калекцыйны гадавальнік, для папаўнення, рамонту пасадак і азелянення тэрыторыі[2].
Зноскі
- 1 2 3 Станет ли дендропарк в Лужесно под Витебском местом любовных свиданий?(недаступная спасылка)
- 1 2 3 4 5 6 Охрана природы. Ахоуваемыя тэрыторыi Вiцебскага раена
- ↑ НЕКОТОРЫЕ ИНТЕРЕСНЫЕ ДРЕВЕСНЫЕ РАСТЕНИЯ ЛУЖЕСНЯНСКОГО ДЕНДРОПАРКА(недаступная спасылка)
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх