Стары вадзяны млын у Лошыцы.
Капліца Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пачатак XX ст.

Ло́шыца, або Лошыца 1-я — былая вёска на правым беразе ракі Лошыцы, цяпер мясцовасць у паўднёвай частцы Мінска, у сутоках Лошыцы і Свіслачы.

Назва

Назва Лошыца ад назвы прытока Свіслачы ракі *Лошы (пазнейшая памяншальная форма — Лошыца). Назва балцкага паходжання.

Звязана або з літоўскім lašėti «капаць», або з аманімічным яму lašėti «блішчэць», lašis «ласось»[1] (назва ласося матываваная яго стракатай, блішчастай луской[2]).

Назва Лоша (> Лошыца) магла значыць як «Ціхаплынная (рака)», так і «Ласасіная (рака)» або нават «Блішчастая (рака)».

Гісторыя

Ранняя гісторыя

Напэўна, у X—XIII стст. мясцовасць басейна ракі Лошыцы складала аднайменную воласць, пра засяленне таго часу сведчаць Лошыцкія селішчы (цяпер у парку) і Лошыцкія курганныя могільнікі (вышэй па цячэнні, каля Лошыцы 2-й). З часам воласць раздрабілася на шэраг маёнткаў.

Вялікае Княства Літоўскае

Магчыма, воласць цалкам («са ўсім, што да Лошыцы слухае») у 1440—1447 гадах вялікі князь Казімір надаў князю Аляксандру Сангушкавічу і загадаў «усім лашычанам» быць яму паслухмянымі. Больш пра наданне нічога не вядома, а князь Аляксандр Сангушкавіч дзейнічаў у іншым рэгіёне[3], таму атаясненне названай Лошыцы з менскай гіпатэтычнае.[4]

У валадарства ж вялікага князя Казіміра «іменейца» (маёнтачак) «на рацэ… на Лошыцы» ў Пятра Дзержкавіча купіў пісар гаспадарскі Пятрашка Любіч, што ў 1493 годзе яму пацвердзіў вялікі князь Аляксандр[5], тым самым дакументам яму ж пацверджана і купля «зямлі» на рацэ Лошыцы ў Станкі Біцевіча, але гэтыя маёнтачак і зямля не тычыцца пазнейшых «двароў» Лошыцкіх[6] (гл. Пятроўшчына). Таксама вядома Лошыца Скіндзераўская, якая да 1574 года ўжо належала Яну Курашу (гл. Курасоўшчына), яе сувязь з «дварамі» Лошыцкімі не прасочваецца.

Першыя пэўныя ўладальнікі Лошыцы — Хадкевічы, калі і як атрымалі ўладанне невядома, але з судовай справы 1511 года вынікае, што Лошыца была вотчынным маёнткам Аграфены, дачкі менскага намесніка Івана Хадкевіча і жонкі пазнейшага менскага намесніка князя Багдана Заслаўскага[4]. Князь Багдан атрымаў на ўладанне пацвярджэнне вялікага князя Аляксандра[7], а ў 1511 годзе судзіўся за Лошыцу з вялікай княгіняй Аленай, да якой маёнтак або яго частка нейкім чынам трапіла[4].

Прынамсі дзве дачкі князя Багдана — князёўны Марыя і Фядора, атрымалі ў спадчыну па бацьку долі ў Лошыцкім уладанні. Доля Марыі ў 1557 годзе названа як Лошыцкі двор князя Талачынскага (князя Толочинского двора Лошицкого), яе першага мужа. Пазней ён называўся Лошыцай Гарнастаеўскай, па другім мужы Марыі — Іване Гарнастаі. Доля Фядоры, вышэй па рацэ Лошыцы, у 1557 годзе названа як «двор» Сухая Лошыца князя Адзінцэвіча, яе другога мужа (пазней вядомы як Лошыца Адзінцоўская, Лошыца Немаршанская і ўрэшце вёска Лошыца 2-я).

Пасля смерці маці і сясцёр Марыі, Ганны і Фядоры, які памерлі без нашчадкаў, Лошыцкі вотчынны маёнтак цалкам спадкавала князёў Таміла Багданаўна, жонка князя Рыгора Друцкага-Горскага. Пазней маёнтак зноў быў падзелены, ужо паміж іх дзецьмі — 4 сынамі і 4 дочкамі. Першая згадка князёў Друцкіх-Горскіх у сувязі з Лошыцай датавана 1574 годам. Урэшце, у 1597 годзе, пасля раздзелу айчызны і мацярызны з братамі, Лошыцу Гарнастаеўскую як долю спадчыны атрымаў сын Тамілы — князь Фёдар Друцкі-Горскі[7], Лошыца была яго асноўным маёнткам. Затым ёй валодалі нашчадкі князя Фёдара — сын Рыгор, унук Тэадор Караль, праўнук Міхал Антоні князі Друцкія-Горскія.

З 1703 года князь Міхал Антоні аддаваў Лошыцу і часткі Лошыцкага маёнтка ў пасесію розным асобам, а ў 1719 годзе прадаў Ежы Антонію Прушынскаму. Потым Лошыца перайшла сыну Ежы Антонія і Тэрэзы з Ратомскіх — маршалку Галоўнага трыбунала Юзафу Прушынскаму (1709—1790), кавалеру ордэнаў Белага Арла і Св. Станіслава. З Юзафам звязана фарміраванне барочнай сядзібы 2-й паловы XVIII ст. У гэты час Лошыца вядома па інвентарах 1772, 1777, 1785 гадоў. У 1779 годзе ўладанні падзелены паміж сынамі Юзафа, Лошыцу з фальваркам Весялоўка пад Менскам атрымаў малодшы (шосты) сын Казімір; Новы Двор і Трасцянец — Антоні; Каралішчавічы — староста менскі Станіслаў (1753—1800).

Расійская імперыя

Ад Казіміра Прушынскага Лошыцу ўспадкаваў сын яго брата Антонія — Станіслаў-Ксаверый (пам. 1807), пасля яго смерці ўладальніцай стала жонка Ганна з Сямашкаў, потым іх сыны — Ірэні, які памёр маладым, і за ім Яўстах Прушынскі (1797—1877), мінскі губернскі маршалак (1863—1877)[8]. Гэтым часам у Лошыцы часта бываў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які сябраваў з Яўстахам[8]. Пры Прушынскіх у XVIII—XIX ст. Лошыца дасягнула найбольшага росквіту, нанава была пабудавана сядзіба з шэрагам гаспадарчых будынкаў.

Лошыца на акварэлі Юзафа Пешкі, пачатак XIX ст.

Пасля смерці Яўстаха Прушынскага, Лошыцкі маёнтак успадкаваў яго пляменнік — Ян Янавіч Любанскі (1820—1884), сын сястры Яўстаха — Тэклі Прушынскай, жонкі Яна Любанскага.

Найбольш паспяховы перыяд развіцця маёнтка звязаны з сынам Яна Янавіча Любанскага і Аляксандры Юзафаўны з Сулістроўскіх — Яўстахам Любанскім (1859 — пасля 1913). Маёнтак стаў адной з найлепшых гаспадарак Мінскай губерні, а Лошыца вядомым месцам свецкага жыцця[9], тут збіраліся заможныя дваране (Эдвард Вайніловіч, Ежы Чапскі і інш.) і прагрэсіўная інтэлігенцыя губерні. Яўстах Любанскі быў членам камітэта па будаўніцтве касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску, выбіраўся ў мінскую гарадскую і Дзяржаўную думу I-га склікання, быў актыўным членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, старшынёй камітэта Мінскай лясной біржы, добра ведаў стан сельскай гаспадаркі. Пры Яўстаху канчаткова сфарміраваны сядзібна-паркавы комплекс, у тым выглядзе, што захаваўся да цяперашняга часу. У развіцці маёнтка вялікую ролю адыграла і яго жонка Ядвіга (пам. 1905), дачка Гераніма Кеневіча. Пасля трагічнай смерці Ядвігі ў 1905 годзе, у 1913 годзе Яўстах пакінуў сядзібу і выехаў на Каўказ, дзе знік без вестак. Апошнім прыватным уладальнікам Лошыцкай сядзібы быў яго брат Аляксандр Янавіч Любанскі (1863—1932) з Любані[9].

Найноўшы час

У 1920-я гады НКУС арганізаваў у Лошыцы школу падрыхтоўкі дыверсійных груп для закідвання ў Заходнюю Беларусь.

У 1925 годзе на базе саўгаса «Лошыца-1» адкрыта беларускае аддзяленне Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур.

Лошыцкі яр (Чорны Яр) — месца ў Лошыцы, дзе расстрэльвалі ў Першую сусветную вайну, у 1918 годзе, у перыяд сталінскіх рэпрэсій. Гінулі тут салдаты, якія трымалі абарону Мінска ў 1941 годзе. На думку Зянона Пазняка, у гэтым месцы знаходзяцца рэшткі 7—10 тысяч чалавек.

У гады Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня да лістапада 1944 года ў Лошыцы размяшчаўся Беларускі штаб партызанскага руху.

У 1985 годзе вёска Лошыца 2-я была ўключана ў склад Мінска.

З 2000 года пачалося будаўніцтва жылога раёна «Лошыца» побач МКАД, ад якой аддзелены вуліцай Прушынскіх. Мікрараён разлічаны на 50 тысяч жыхароў. Таксама захаваны кварталы індывідуальнай забудовы.

Рэлігія

Паводле візітаў уніяцкіх цэркваў Менскага і Ашмянскага паветаў 1680—1682 гадоў, Лошыца (польск.: Łoszyca) належала да парафіі Каралішчавічаў[10], што сведчыць пра пэўнай колькасці вернікаў уніяцкай царквы ў Лошыцы. Як частка парафіі ўваходзіла ў Менскую пратапопію Менскага сабора[10].

У Лошыцкім парку захаваліся руіны каталіцкай капліцы 1788 года, узарванай у 1935 годзе, дзе знаходзіўся фамільны склеп Прушынскіх.

З 1997 года ў Лошыцы дзейнічае рымска-каталіцкая парафія Маці Божай Ружанцовай, пабудавана капліца на вуліцы Гашкевіча 1, збіраюцца сродкі на будаўніцтва касцёла «Маці Божай Ружанцовай».

Дзейнічае Богаяўленскі прыход Беларускай праваслаўнай царквы, будуецца храм Яўлення Гасподняга.

Вядомыя асобы

Заўвагі

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 182.
  2. В. Н. Топоров. Прусский язык. L. Москва, 1990. С. 109.
  3. Груша 2012, с. 68.
  4. 1 2 3 Груша 2012, с. 53.
  5. Lietuvos Metrika / L. Anužytė L., A. Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
  6. Груша 2012, с. 58.
  7. 1 2 ЭнцВКЛ 2005, с. 650.
  8. 1 2 Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс(недаступная спасылка)
  9. 1 2 Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  10. 1 2 Візіты ўніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг.: зб. дакументаў / Д.В. Лісейчыкаў. — Мінск: І.П. Логвінаў, 2009. — С. 43. — 268 с.

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.