Вёска
Лошыца 2-я
± |
Ло́шыца Немарша́нская, Ло́шыца 2-я— колішняя вёска на беразе ракі Лошыцы, з 1959 года часткова і з 1973 года цалкам у складзе Мінска.
Назва
Назву атрымала ад Лошыцы, ракі над якой размяшчалася вёска, паводле Вадзіма Жучкевіча, імя ракі паходзіць ад даўняй назвы ласося — лох, лош, лашак[1].
Гісторыя
Ранняя гісторыя
Напэўна, у X—XIII стст. мясцовасць басейна ракі Лошыцы складала аднайменную воласць, пра засяленне таго часу сведчаць Лошыцкія селішчы (ніжэй па цячэнні, каля Лошыцы 1-й, цяпер у парку) і Лошыцкія курганныя могільнікі. З часам воласць раздрабілася на шэраг маёнткаў.
Вялікае Княства Літоўскае
Магчыма, воласць цалкам («са ўсім, што да Лошыцы слухае») у 1440—1447 гадах вялікі князь Казімір надаў князю Аляксандру Сангушкавічу і загадаў «усім лашычанам» быць яму паслухмянымі. Больш пра наданне нічога не вядома, а князь Аляксандр Сангушкавіч дзейнічаў у іншым рэгіёне[2], таму атаясненне названай Лошыцы з менскай гіпатэтычнае.[3]
У валадарства ж вялікага князя Казіміра «іменейца» (маёнтачак) «на рацэ… на Лошыцы» ў Пятра Дзержкавіча купіў пісар гаспадарскі Пятрашка Любіч, што ў 1493 годзе яму пацвердзіў вялікі князь Аляксандр[4], тым самым дакументам яму ж пацверджана і купля «зямлі» на рацэ Лошыцы ў Станкі Біцевіча, але гэтыя маёнтачак і зямля не тычыцца пазнейшых «двароў» Лошыцкіх[5] (гл. Пятроўшчына). Таксама вядома Лошыца Скіндзераўская, якая да 1574 года ўжо належала Яну Курашу (гл. Курасоўшчына), яе сувязь з «дварамі» Лошыцкімі не прасочваецца.
Першыя пэўныя ўладальнікі Лошыцы — Хадкевічы, калі і як атрымалі ўладанне невядома, але з судовай справы 1511 года вынікае, што Лошыца была вотчынным маёнткам Аграфены, дачкі менскага намесніка Івана Хадкевіча і жонкі пазнейшага менскага намесніка князя Багдана Іванавіча Заслаўскага[3]. Князь Багдан атрымаў на ўладанне пацвярджэнне вялікага князя Аляксандра[6], а ў 1511 годзе судзіўся за Лошыцу з вялікай княгіняй Аленай, да якой маёнтак або яго частка нейкім чынам трапіла[3].
Прынамсі дзве дачкі князя Багдана — князёўны Марыя і Фядора, атрымалі ў спадчыну па бацьку долю ў Лошыцкім уладанні. Доля Марыі знаходзілася ніжэй па рацэ Лошыцы, у 1557 годзе яна названа як Лошыцкі двор князя Талачынскага, яе першага мужа (пазней вядомы Лошыца Гарнастаеўская і ўрэшце вёска Лошыца 1-я). Доля Фядоры ў 1557 годзе названы як «двор» Сухая Лошыца князя Адзінцэвіча (двора Сухое Лошицы князя Одинцовы), яе другога мужа, пазней вядомы як Лошыца Адзінцоўская[7].
Пасля смерці маці і сясцёр Марыі, Ганны і Фядоры, які памерлі без нашчадкаў, Лошыцкі вотчынны маёнтак цалкам спадкавала князёў Таміла Багданаўна, жонка князя Рыгора Друцкага-Горскага. Пазней маёнтак зноў быў падзелены, ужо паміж іх дзецьмі — 4 сынамі і 4 дочкамі. Першая згадка князёў Друцкіх-Горскіх у сувязі з Лошыцай датавана 1574 годам. У 1576 годзе Лошыцай Адзінцоўскай ужо валодаў сын Тамілы — князь Пётр Друцкі-Горскі[8]. Урэшце, у 1597 годзе, пасля канчатковага раздзелу айчызны і мацярызны паміж нашчадкамі Тамілы і Рыгора Друцага-Горскага, Лошыцу Адзінцоўскую атрымалі трое сыноў князя Пятра, да таго часу ўжо памерлага.
Станам на 1597 год маёнтак Лошыцы Адзінцоўскай складаўся апроч уласна яе з Капіевічаў і Скарынічаў. З трох сыноў Пятра Друцкага-Горскага двое — Канстанцін і Сямён памерлі без нашчадкаў, ім спадкаваў брат Самуэль. Потым Лошыцай Адзінцоўскай валодаў Фёдар Самуэлевіч Друцкі-Горскі. Затым у 1652—1666 гадах дзеці Фёдара — Канстанцін Юзаф і Канстанцыя Алена, пры іх у складзе маёнтка была сама Лошыца Адзінцоўская, Сеніца і Кончыцы. У 1685 годзе маёнтак Лошыцу Адзінцоўскую набылі Кастравіцкія.[9]
У 1791 годзе вёска, цэнтр маёнтка з 6 вёсак Каралішчавіцкай парафіі, 2 «двары», 87 дымоў, 2 карчмы[10] ва ўладанні Радзівілаў.
Расійская імперыя
Неўзабаве Лошыцкі маёнтак у Радзівілаў выкупіў Іосіф Немаршанскі[11], у 1793 годзе прызначаны асэсарам Мінскай казённай палаты, якая кіравала дзяржаўнай маёмасцю і будаўніцтвам у створаных пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай расійскіх губернях, тады гэтая Лошыца размяшчалася пры «вялікай дарозе пінскай» (траса сучаснай вуліцы Лейтэнанта Кіжаватава).
У 1800 годзе 15 двароў, 112 жыхароў, драўляная ўніяцкая капліца Пакрова Багародзіцы, мост, грэбля, млын на 2 паставы, цагельны завод. У 1897 годзе Лошыца Немаршанская Сеніцкай воласці, 51 двор, 357 жыхароў, карчма. У маёнтку, які аддзяляўся ад вёскі рэчышчам ракі Лошыцы, жыло 70 чалавек[7].
У пачатку XX ст. роду Немаршанскіх належала вялікая тэрыторыя на поўдзень ад Мінска, цэнтрам уладанняў была Лошыца Немаршанская. Над ракой месцілася сядзіба з двухпавярховым домам, флігелямі, гаспадарчымі пабудовамі, атачоная вялікім паркам з садам.
У 1917 годзе Лошыца Немаршанскага Сеніцкай воласці Мінскага павета; 54 двары, 317 жыхароў. Побач месціўся аднайменны маёнтак (67 жыхароў) і карчма.
Найноўшы час
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маёмасць Немаршанскіх нацыяналізавана, перайменавана на Лошыцу 2-ю. На месцы сядзібы арганізаваны плодаагароднінны саўгас «Лошыца». Будынкі сядзібы прыстасаваны пад склады гародніны і садавіны. У адным з флігеляў адкрыта крама, у будынках гаспадарчых пабудоў — майстэрні. На гаспадарчым двары пабудаваны драўляныя будынкі і школа[11].
У 1924 годзе ў Сеніцкім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна. У 1929 годзе пабудаваны цагляны завод (88 працаўнікоў, 1930)[12]. З 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне[12].
У часе Другой сусветнай вайны большасць вясковых хат згарэла праз бамбардзіроўкі[7]. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары разабралі рэшткі пабудоў на цэглу, іншыя былі знесены ў часе будаўніцтва бальніцы хуткай дапамогі[11].
У 1950-1970-я гады каля Лошыцы размяшчалася гаспадарка ЦК КПБ, а таксама пладовы сад, рэшткі якога захаваліся побач 3-й дзіцячай бальніцы. У 1959 годзе ў склад горада Мінска ўвайшла паўночная частка вёскі на левым беразе Лошыцы, якая амаль цалкам захавалася (1-ы, 2-і і 3-і Трубныя завулкі)[13]. У 1973 годзе ў склад горада Мінска ўвайшла і паўднёвая частка вёскі з былой сядзібай, на правым беразе Лошыцы, знесеная ў 1970-я гады. На месцы паўднёвай часткі месціцца комплекс Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі па вуліцы Лейтэнанта Кіжаватава. Апошні вясковы дом па вуліцы Лошыца 2-я знесены ў 2000-я гады[13].
У 2012 годзе праектаваная станцыя Мінскага метрапалітэна на перасячэнні вуліц Кіжаватава і Асіповіцкай атрымала назву «Немаршанскі Сад».
Рэшткі сядзібы Немаршанскіх (XIX ст.) знесены ў жніўні 2015 года[14]. На вуліцы Чарнігаўскай захаваліся колішнія вясковыя могілкі — Чарнігаўскія могілкі[7].
Зноскі
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- ↑ Груша 2012, с. 68.
- 1 2 3 Груша 2012, с. 53.
- ↑ Lietuvos Metrika / L. Anužytė L., A. Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
- ↑ Груша 2012, с. 58.
- ↑ Насевіч В. Заслаўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 650. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- 1 2 3 4 Лошыца 2-я. Беларускі архіў вуснай гісторыі . nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017. Праверана 7 чэрвеня 2017.
- ↑ Насевіч В. Менскі павет // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Галубовіч, Рыбчонак, Шаланда 2016, с. 291.
- ↑ Памяць 1998, с. 599.
- 1 2 3 Олейник 2013.
- 1 2 Минск : энциклопедический справочник 1983, с. 219.
- 1 2 Сацукевіч І. І., с. 3.
- ↑ Алег Грузьдзіловіч. У Менску загінуў яшчэ адзін аб’ект гістарычнай спадчыны — сядзіба Немаршанскіх . svaboda.org (13 лістапада 2015). Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2017. Праверана 31 траўня 2017.
Літаратура
- Груша А. І. Ваколіцы Менска іх іх уладальнікі ў 30-х гадах XV — пачатку XVI ст. // Мінск і мінчане: дзесяць стагоддзяў гісторыі. Крыніцы па гісторыі горада. Сацыяльныя структуры і паўсядзённасць (да 945-годдзя Мінска) : зборнік навуковых артыкулаў / уклад. А. І. Груша ; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.].. — Мінск: Беларуская навука, 2012. — С. 50—89. — ISBN 978-985-08-1497-5.
- Князі Друцкія-Горскія ў Вялікім Княстве Літоўскім у XV―XVIII стст. / В. У. Галубовіч, С. А. Рыбчонак, А. І. Шаланда. — Мір: Музей «Замкавы комплекс «Мір», 2016. — 391 с.
- Лошыца 2-я // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Лошица 2-я // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2018.
Спасылкі
- Лошица Неморшанская (руск.). minsk-old-new.com. Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2017. Праверана 31 траўня 2017.
- Евгений Олейник. Затаив название (руск.). mk.by (14 чэрвеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 31 траўня 2017. Праверана 31 траўня 2017.
- Антон Рудак Лошица неморшанская 13 чэрвеня 2015
- Антон Рудак Лошица неморшанская. Разрушение? 20 ліпеня 2015
- Антон Рудак Лошица неморшанская. Конец 25 жніўня 2015