Леў Тышкевіч | |
---|---|
Род | Тышкевічы |
Бацька | Тышка Каленікавіч |
Дзеці | Скумін Львовіч Тышкевіч |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Леў (Дзмітрый) Тышкевіч — кіеўскі баярын на мяжы XV — XVI стст.
Біяграфія
Сын Тышкі Каленікавіча і Ганны невядомага паходжання. Жонка — Тэкля, з якой меў сыноў Скуміна (Івана) і Звіра (Аляксандра) .
Сярод сваіх братоў ён быў самым раннім, хто пачаў кар’еру двараніна. У 1504 годзе Аляксандр Ягелончык накіраваў яго паслом з Кракава да крымскага хана Менглі Гірэя, каб дамагчыся вызвалення ясыру і вяртання палонных дамоў, а таксама запэўніць, што «ліхі людзі», вінаватыя ў рабаваннях татарскіх купцоў, бы пакараны[1][2].
Леў стаў першым сярод Тышкевічаў, хто перасяліўся з памежных кіеўскіх землях углыб ВКЛ, бо частка вотчыны была цалкам разрабавана татарамі і паўстанцамі Глінскіх, а другая — захоплена маскавітамі. Аб гэтым сведчыць гаспадарскі ліст Жыгімонта I ад 7 чэрвеня 1508 года. Узамен баярыну былі перададзены маёнткі Мажэйкава і Дзікушкі ў Жолудскім павеце, належачыя таму «зрадці» Міхайлу Гагіну. Мясцовы князь Васіль Андрэевіч Палубенскі неўзабаве біў гасудару чалом, нагадваючы, што гэтыя двары былі дараваны яму першым. У выніку 14 снежня 1508 года Мажэйкава аддалі Палубенскаму — насуперак абяцанню не адбіраць маёнткі ў Тышкевіча, не дапамагло і ўмяшанне троцкага ваяводы М. Радзівіла[1][3].
19 студзеня 1509 года мінскія мяшчане скардзіліся на Льва і іншых суседніх баяр, што яны, насуперак каралеўскаму прывілею, не пускаюць іх у бор на збор дроў, збіваюць і рабуюць. Вырашэнне справы было даручана вялікалітоўскаму кухмістру, намесніку скерстамонскаму Пятру Аляхновічу[4].
Як відаць з ліста Сямёна Палазовіча, Леў Тышкевіч запісаў Кіеўскаму Пустынна-Мікольскаму манастыру чатыры даніны з маёнтка Скароднага, а іменна: Паўла Шыпіла Цыгачэвіча, Паўла Міхеевіча Ражка, Іванца Маркавіча і Мышка Ільініча Семяновіча. Вядомы фундушны запіс Тышкевіча са слонімскіх актаў гродскіх ад 8 чэрвеня 1519 года аб продажы ў згаданы манастыр данніка Грыцка Кіпрыянавіча з «его детьми, што жыветъ на рецце Словешъни, на імя Валъковъщыну». Аднак у адным дзелавым лісце ад 24.07.1514 года Льва Тышкевіча называюць «нябожчыкам».
Зноскі
- 1 2 Статкевіч-Чабаганаў А. Геталты і Тышкевічы з роду Каленікавічаў герба «Ляліва» // Роднае слова. — 2011. — № 7. — С. 82. Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2022.
- ↑ Lietuvos Metrika. Knyga nr. 5 (1427-1506). Užrašymų knyga 5 / parengė A. Baliulis, A. Dubonis, D. Antanavičius. — Vilnius. — С. 338-339. — ISBN 978-9955-847-52-6.
- ↑ Сліўкін В. Старажытныя пасяленні Лідчыны. Малое Мажэйкава (цяпер Мажэйкава) // Лідскі Летапісец. — 2004. — № 1-2 (25-26). — С. 39-40. Архівавана з першакрыніцы 17 лютого 2022.
- ↑ РИБ. — СПб., 1903. — Т.20. — С. 604 Архівавана 2 листопада 2021.