Леанід Дзмітрыевіч Малькевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 9 лістапада 1922 |
Месца нараджэння | вёска Кішкарэпы, Вілейскі павет, Віленскае ваяводства, Польская Рэспубліка (1918—1939)[1] |
Дата смерці | 29 красавіка 1944 (21 год) |
Месца смерці | ля вёскі Снежкава, Вілейскі раён, Беларусь |
Месца пахавання | |
Прыналежнасць | → |
Род войскаў | партызаны |
Бітвы/войны | Вялікая Айчынная вайна |
Леанід Дзмітрыевіч Малькевіч (9 лістапада 1922, в. Кішкарэпы (цяпер в. Малькевічы Вілейскага раёна) — 29 красавіка 1944) — удзельнік партызанскага руху ў Вілейскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сувязны партызанскага атрада «Патрыёт» брыгады імя Будзённага Беларускага штаба партызанскага руху.
Біяграфія
Нарадзіўся 9 лістапада 1922 года ў сялянскай сям’і. Вучыўся добра, закончыў чатыры класы. У 1940 годзе паступіў у Беластоцкі чыгуначны тэхнікум.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся ў вёску. Дазнаўся, што ў суседняй вёсцы Губы і іншых жывуць ваеннапалонныя, што выйшлі з акружэння. Пазнаёміўся, хутка арганізавалі невялікую баявую групу, якая потым увайшла ў склад партызанскага атрада «Патрыёт». Збіраў для партызан звесткі пра варожыя гарнізоны ў вёсцы Куранец і горадзе Вілейка. Калі навісла пагроза арышту, пайшоў у партызанскі атрад, стаў падрыўніком. Разам з таварышамі пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў, удзельнічаў у іншых аперацыях.
Напярэдадні 1 мая 1944 года падпольшчыкам Вілейкі трэба было тэрмінова перадаць міну. Камандзір атрада даручыў заданне Леаніду. Пад вечар 26 красавіка 1944 года, каля вёскі Куранец, гітлераўскі патруль затрымаў партызана і на дне кошыка выявіў міну. Пачаліся допыты, зверскія катаванні. Леаніда збілі да паўсмерці, выкалалі вочы, але камсамолец мужна вынес усе катаванні, не выдаў сваіх таварышаў. На бярозе, ля якой быў затрыманы партызан, ка́ты павесілі яго 29 красавіка 1944 года. Пахаваны на могілках у вёсцы Стражы Крывасельскага сельсавета [2].
Ушанаванне памяці
- Абеліск на магіле (1950 г.)
- Помнік на месцы гібелі, ля вёскі Снежкава (1966 г.)
- 4 ліпеня 2014 годзе на месцы, дзе стаяла хата, у якой нарадзіўся і жыў партызан, на ўласныя сродкі аднавяскоўцы стварылі мемарыял у памяць пра земляка [3].
- Па адной з версій, у 1967 годзе, падчас кампаніі перайменавання вёсак, Кішкарэпы перайменавана ў Малькевічы менавіта ў гонар Л. Д. Малькевіча.
Зноскі
- ↑ Цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць, Беларусь
- ↑ Мы должны сделать все для того, чтобы сохранить мир(недаступная спасылка) // Шлях Перамогі
- ↑ 18-гадовы партызан Леанід Малькевіч, які пайшоў на немцаў з мінай у кошыкам(недаступная спасылка)// «Рэгіянальная газета»
Літаратура
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 1. — 284 с.: іл.
- Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0.
Спасылкі
МАЛЬКЕВИЧ Леонид Дмитриевич Архівавана 30 кастрычніка 2017. (руск.)