Леанід Марцінавіч Дайнека | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 28 студзеня 1940 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 жніўня 2019 (79 гадоў) |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменнік, паэт, празаік |
Жанр | гістарычны фікшн[d] і гістарычная мастацкая літаратура |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
|
daineka.by/ru/ | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Леанід Марцінавіч Дайнека (28 студзеня 1940, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — 21 жніўня 2019) — беларускі пісьменнік.
Біяграфія
Скончыў у 1959 годзе тэхнічнае вучылішча ў Ніжнім Тагіле, у 1967 годзе аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ[1].
Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972—1989 гадах — адказны сакратар часопіса «Маладосць». З 1989 года ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». З 1993 года займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірмы «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя)[2].
Памёр 21 жніўня 2019 года. Пахаваны 25 жніўня на могілках у Калодзішчах[3].
Творчасць
Дэбютаваў у друку ў 1961 годзе. Аўтар зборнікаў вершаў «Галасы» (1969), «Бераг чакання» (1972), «Мая вясна саракавая» (1979), «Вечнае імгненне» (1985) — лейтматывы твораў: услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Леаніда Дайнекі пакладзены на музыку. Таксама аўтар зборніка апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976).
Аўтар дылогіі «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979), якая раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1919; рамана «Футбол на замініраваным полі» (1987), дзе асэнсоўвае тэму горада; фантастычнага рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992).
Гістарычныя раманы
Вядомы як адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Аўтар раманаў «Меч князя Вячкі» (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў XIII стагоддзі, «След ваўкалака» (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, «Жалезныя жалуды» (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага;. У 2008 годзе выйшаў раман «Назаві сына Канстанцінам», дзеі якога адбываюцца ў XV—XVI ст. у Рыме, Вялікім Княстве Літоўскім і Канстанцінопалі. Раманы «Пра лісоўчыка, злога хлопчыка» (часопіс «Дзеяслоў» № 1-3, 2010), «Той, каго ўдарылі па шчацэ» (2011). Раманы «Ілоты» (2015) і «Сын ільва, дачка Зеўса — Леанід і Зінаіда» (2017) выйшлі ў кнізе «Леанід Дайнека. Выбраныя творы» («Беларуская навука», серыя «Беларускі кнігазбор», 2018).
Прэміі і ўзнагароды
- Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1989) за гістарычны раман «Меч князя Вячкі» (1987)
- Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (1990) за гістарычныя раманы «Меч князя Вячкі» (1987) і «След ваўкалака» (1988).
- Прэмія імя Валянціна Пікуля (2010) з уручэннем залатога медаля за цыкл гістарычных раманаў.
- Медаль «500-годдзе Аршанскай бітвы» (2015).
Заўвагі
- ↑ Марозаў 2022.
- ↑ Памёр пісьменнік і алкагольны магнат Леанід Дайнека — аўтар культавага «Мяча князя Вячкі» . Наша Ніва. Праверана 31 кастрычніка 2023.
- ↑ РАЦЫЯ, РАДЫЁ. У Менску развіталіся з Леанідам Дайнекам(нявызн.)(недаступная спасылка). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (25 жніўня 2019). Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2019. Праверана 31 кастрычніка 2023.
Літаратура
- ДАЙНЕКА Леанід Марцінавіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 259. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 11. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. — Т. 2. Верабей — Іваноў. — С. 312. — 541 с.; іл.. — ISBN 5-85700-075-0.
- Дайнека Леанід // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — С. 168. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.