Лаўрын Война
падскарбі надворны літоўскі
19 студзеня 1569 30 ліпеня 1576
Папярэднік Станіслаў Улошак
Пераемнік Фёдар Тышкевіч
падскарбі вялікі літоўскі
30 ліпеня 1576 23 кастрычніка 1580
Папярэднік Мікалай Ян Нарушэвіч
Пераемнік Ян Янавіч Глябовіч
пісар вялікі літоўскі
23 снежня 1566 30 ліпеня 1576
Пераемнік Вацлаў Агрыпа

Нараджэнне XVI стагоддзе
Смерць 23 кастрычніка 1580(1580-10-23)[1]
Род Войны-Грычынавічы
Бацька Война Мацвеевіч Грычына
Дзеці Андрэй Война, Дарота з Войнаў[d] і Мацей Война

Лаўрын (Ваўжынец) Войнавіч Грычынавіч (? — 23 кастрычніка 1580) — дваранін каралеўскі, земскі пісар гарадзенскі (1565—1566), пісар вялікі літоўскі (з 1566), падскарбі дворны літоўскі (1569—1576), падскарбі земскі літоўскі (з 1576); староста пінскі (з 1574), староста гарадзенскі, староста кобрынскі, дзяржаўца квасоўскі, красніцкі, хвяйданскі, індурскі.

З пінскага баярскага роду Войнаў-Грычынавічаў, сын кашталяна мсціслаўскага Войны Мацвеевіча. У літаратуры даецца і іншае паходжанне, так энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае» дае бацькам Мацея з падляшскага роду Войнаў[2]. Крыніцы, аднак, у 1573 годзе называюць Бенедыкта братам Лаўрына[3], у 1599 годзе братамі Бенедыкта і Габрыэля называе Сямён Война[4], у 1631 годзе Лаўрын, Бенедыкт, Габрыэль і Сямён названы братамі, а Абрам «братанцам» (пляменнікам) Дароты Вайнянкі[5]. Такім чынам, паходжанне з пінскага роду выглядае пэўным.

У маладосці служыў каралеве Боне, у тым ліку і ў Італіі[6]. Браў удзел у Валочнай памеры, у 1558—1560 гадах мераў Гарадзенскае староства (у т.л. уласна Гродна ў 1560 годзе), у 1561—1566 гадах — паўторна Пінскае староства. Неўзабаве па Люблінскай уніі (1569) ажыццяўляў у Вялікім Княстве Літоўскім вылучэнне ўласных маёнткаў вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з ліку сталовых добраў і агулам дзяржаўных земляў, упарадкаванне іх фінансавых спраў[7]. Пасол на соймы 1569, 1578, 1580 гадоў.

Валодаў маёнткамі Боршчава ў Берасцейскім, Ласосна і Путрышкі ў Гарадзенскім, Свіслаччу ў Ваўкавыскім, Мярацічамі ў Новагародскім паветах. Да 1571 года купіў Высокае і Расну ў Станіслава Хлявіцкага, у 1571 — Азяраны і возера Свіцязь у князя Канстаціна Канстанцінавіча Астрожскага.

На Попіс 1567 года з маёнткаў і дзяржаў Квасоўскай, Красніцкай і Індурскай ставіў 35 «коней» і 24 драбы.

Сям’я

Жанаты быў, напэўна, з невядомай імем і галіной княжной Друцкай.

Меў, прынамсі, сына Андрэя і дачку Кацярыну.

У літаратуры даюцца і іншыя, але ўяўныя дзеці — сыны Мацей, Вінцэнт і Андрэй (на праўдзе пляменнікі, сыны Сямёна Войны), дочкі — Дарота і Раіна Вайнянкі (на праўдзе сёстры, дочкі Войны Мацвеевіча).

Зноскі

  1. Urzędnicy Wielkiego Księstwa Litewskiego. Spisy, t. VIII, Ziemia brzeska i województwo brzeskie XIV‒XVIII wiek / пад рэд. А. РахубаWarszawa: 2020. — С. 247, 305. — ISBN 978-83-65880-89-5
  2. ЭнцВКЛ 2005, с. 460.
  3. Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio. — Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570—1578. — Warszawa, 1996. Паводле: Вольф Г. Перэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха / Перакл. А. Белага // Спадчына. 1998. № 3(98). — С. 172—195.
  4. Спрогис И. Духовное завещание мстиславского каштеляна Семена Войны — 1599 г., 1-го марта // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1898. Кн. 12.
  5. Olszewski J. Kazanie na pogrzebie Wielebnego w Bogu Prałata IMX Karola Jana Białozora Proboszcza Wileńskiego, Referendatora WKL. — Wilna, 1631.
  6. Ліцкевіч 2004, с. 42, заўв. 30.
  7. Ліцкевіч 2004, с. 42.

Літаратура

  • Ліцкевіч А. У. Распараджэнні Жыгімонта Аўгуста адносна ўласных гаспадарскіх (вялікакняскіх) маёнткаў пасля заключэння Люблінскай уніі 1569 г. (два дакументы з 52-й Кнігі запісаў Метрыкі ВКЛ) // Metriciana. Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага княства Літоўскага. — Мн.: 2004. — Т. 3. — С. 35-56.
  • Пазднякоў В. Войны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 460. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.